Тэрмін перарэгістрацыі аргструктур партый і грамадзкіх аб’яднаньняў працягнуты да 1 чэрвеня

2005 2005-04-21T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Згодна з новым загадам міністра юстыцыі Віктара Галаванава, аргструктуры грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў павінны перарэгістраваць свае юрыдычныя адрасы да 1 чэрвеня бягучага году.
"Упраўленьням юстыцыі дадзена даручэньне да пазначанага тэрміну гэтае пытаньне канчаткова закрыць", — кажа ў адным з інтэрвію кіраўнік упраўленьня грамадзкіх аб’яднаньняў Міністэрства юстыцыі Алег Сьліжэўскі. Гэта значыць, што структуры тых партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія не пададуць дакумэнты пра зьмену юрыдычнага адрасу, будуць зьнятыя з уліку.
Нагадаем, што ў кастрычніку мінулага году Міністэрства юстыцыі зьвярнулася да ўсіх рэспубліканскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў, якія маюць арганізацыйныя структуры ў кватэрах шматкватэрных жылых дамоў, з прапановай да 1 лютага 2005 г. перавесьці гэтыя структуры на юрыдычныя адрасы ў нежылых памяшканьнях альбо ў аднакватэрных (блакаваных) дамах. Аднак, паводле заявы А.Сьліжэўскага, якая зьявілася ў дзяржаўным друку 19 красавіка, далёка ня ўсе грамадзкія аб’яднаньні і палітычныя партыі справіліся з задачай перарэгістрацыі сваіх арганізацыйных структураў на новых юрыдычных адрасах.
У выніку за некалькі апошніх тыдняў Міністэрствам юстыцыі вынесена некалькі дзясяткаў пісьмовых папярэджаньняў за згаданае парушэньне. Адзначым, што гэтыя арганізацыйныя структуры раней рэгістраваліся са згоды таго ж Мінюсту і ніякіх парушэньняў пры гэтым заўважана не было. Некалькі палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў спрабавалі абскардзіць гэтыя прэтэнзіі ў судовым парадку, аднак Вярхоўны суд не задаволілі ніводную скаргу — адмовы атрымалі ПКБ, АГП, Партыя БНФ, ТБМ і іншыя.
Аднак, паколькі складанасьць тэрміновага выкананьня гэтых патрабаваньняў Міністэрства юстыцыі стала відавочная, яно вырашыла працягнуць тэрмін для перарэгістрацыі арганізацыйных структураў да 1 чэрвеня. Калі партыі і грамадзкія аб’яднаньні не пасьпеюць да гэтай даты падрыхтаваць дакумэнты пра новы юрыдычны адрас, іх мясцовыя структуры, што месьцяцца ў кватэрах, будуць аўтаматычна зьнятыя з уліку, паведамляе партал belngo.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international