Супрацоўнікі пажарнай службы забаранілі вешаць карціны ў сядзібе Партыі БНФ

2008 2008-08-08T18:16:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

8 жніўня ў сядзібу Партыі БНФ прыйшлі з праверкаю супрацоўнікі пажарнай службы Савецкага раёну. Пасьля праверкі памяшканьняў яны прад'явілі шэраг заўваг сакратарам Управы Партыі БНФ.

"Нам сказалі, што ў кожным пакоі павінен быць вогнетушыцель, - кажа сакратарка, - усе шафы з кнігамі, павінны мець шкляныя дзьверцы, усе сьцены ў сядзібе павінны быць пакрытыя акрылавай фарбаю. Электрычная праводка, якую нам зрабілі супрацоўнікі ЖРЭА, не падыходзіць - яе патрэбна замаўляць нейкім фірмам. Таксама нельга, каб на сьценах віселі карціны, бо падчас эвакуацыі людзей з памяшканьня ў выпадку пажару за іх можна зачапіцца і паваліцца. Гэта пры тым, што ў сядзібе Партыі БНФ пастаянна адбываюцца выставы".

Між тым, менавіта напярэдадні 7 жніўня на сядзібе Партыі БНФ адчынілася мастацкая выстава “Заснавальнікам БНР прысьвячаецца”. У экспазыцыі прадстаўленыя больш за трыццаць твораў беларускіх мастакоў з прыватнай калекцыі кіраўніка клюбу “Спадчына” Анатоля Белага. У ліку аўтараў твораў выставы – народны мастак Беларусі Ўладзімер Стальмашонак, вядомы беларускі графік Мікола Купава, старшыня Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, кіраўнік творчае суполкі “Пагоня” Алесь Марачкін і іншыя творцы.

Выстава прысьвечаная 90-годзьдзю БНР. І хоць дата 25 сакавіка ўжо мінулася, але, як сказаў Алесь Марачкін, увесь сёлетні год дэмакратычнай грамадзкасьцю краіны шануецца як год беларускае дзяржаўнасьці:

“Гэты год — год 90-годзьдзя БНР. Гэта год беларускае дзяржаўнасьці, як мы яе разумеем у найноўшай гісторыі. На жаль, гэтую дату афіцыйныя ўлады не прызналі. Мы пісалі лісты і ад “Бацькаўшчыны” да гарадзкіх уладаў, каб на будынку, у якім была ў 1918 годзе прынятая Другая Ўстаўная грамата, замацаваць шыльду і гэткім чынам правесьці мэмарыялізацыю гэтага месца. Улады нам у гэтым адмовілі, хаця мэмарыяльная дошка зробленая ўжо некалькі гадоў таму скульптарам Алесем Шатэрнікам і яна ў яго майстэрні так і захоўваецца”.

Нагадаем, на гэтым тыдні Партыя БНФ атрымала прадпісаньне ад камунальных службаў Савецкага раёна зьняць бел-чырвона-белы сьцяг з фасаду будынка. У выпадку невыкананьня прадпісаньня ЖРЭА адмаўляецца працягваць дамову арэнды памяшканьня з Партыяй БНФ.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international