viasna on patreon

Віцебск: Уладзімір Андрэйчанка выкарыстоўвае службовае становішча ў інтарэсах абрання дэпутатам

2008 2008-08-08T13:10:02+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

7 жніўня газеты Віцебскіх органаў улады вышлі з велічэзнымі інтэрв’ю і фотаздымкамі прэтэндэнтаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў чацвёртага склікання:

-- газета "Витьбичи" з Віктарам Аўчыннікавым -- прэтэндэнтам па Віцебскай-Чкалаўскай акрузе №18 (Першамайскі раён);

-- абласныя "Народное слово" і "Вiцебскi рабочы"- з Уладзімірам Андрэйчанкам – прэтэндэнтам па Глыбоцкай акрузе №22 (Глыбоцкі, Докшыцкі, Ушацкі раёны).

 

Можна, вядома, як прадугледжана ч.7 арт.49 ВК, напісаць у Цэнтральную камісію заяву аб парушэнні роўнага права (бо ні адна з вышэйзгаданых дзяржаўных газет інтэрв’ю з астатнімі шасцю прэтэндэнтамі па дадзеных акругах не змесціць). Але адказ юрыста Ярмошынай ведаю загадзя -- парушэнняў Выбарчага кодэкса няма.

У дачыненні галоўдоктара абласной бальніцы Аўчыннікава з вялікай нацяжкай можна выказаць здагадку, што інтэрв’ю з’явілася па віне непадпарадкаванай яму газеты, якая “пракукарэкала” раней часу. Наўрад ці паважаная журналістка Ніна Пісарэнка інтэрв’юравала гэтага выдатнага спецыяліста па ўласнай ініцыятыве. Больш верагодна -- выконвала рэдакцыйнае заданне.

Што ж датычыць старшыні аблвыканкама Андрэйчанкі, то тут, як гаворыцца, парушэнне на парушэнні едзе, ды яшчэ парушэннем паганяе. Інтэрв’ю падпісана Міхаілам Кузьмічом і Вольгай Сідаровіч. Але гэта не карэспандэнты абласных газет: М.Кузьміч - начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама; В.Сідаровіч - супрацоўніца дадзенага ўпраўлення. Па неафіцыйнай інфармацыі - накшталт спічрайтэра (асоба, якая рыхтуе для начальства тэксты выступаў).

Артыкул 73 Выбарчага кодэкса гаворыць: кандыдат у дэпутаты не мае права выкарыстоўваць перавагі свайго службовага становішча ў інтарэсах абрання. Пад выкарыстаннем пераваг службовага становішча ў Выбарчым кодэксе разумеецца: 

прыцягненне асобаў, якія знаходзяцца ў падначаленні або іншай службовай залежнасці, для ажыццяўлення ў працоўны час дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню;

Кузьміч і Сідаровіч знаходзяцца ў службовай залежнасці ад высокапастаўленага прэтэндэнта на дэпутацкі мандат Андрэйчанкі. І наўрад ці рыхтавалі інтэрв’ю ў начны час.

выкарыстанне памяшканняў, занятых дзяржаўнымі органамі, для ажыццяўлення дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню;

Для падрыхтоўкі інтэрв'ю (адна з асноўных агітацыйных форм, якая спрыяе вылучэнню) выкарыстоўваліся памяшканні дзяржаўнага органа -- кабінеты ўпраўлення ідэалагічнай працы аблвыканкама.

У кодэксе, праўда, утрымліваецца агаворка, што выкарыстаннем службовага становішча гэта будзе толькі ў выпадку, калі іншыя прэтэндэнты, якія звярнуліся па такім жа пытанні, не могуць выкарыстаць дадзеныя памяшканні ў аналагічных умовах.

Але, па-першае, наўрад ці прэтэндэнты з глыбінкі, панясуцца ў абласны цэнтр, з патрабаваннем прадставіць для карыстання ідэалагічныя кабінеты аблвыканкама.

А, па-другое, яны і без гэтага падвяргаюцца каласальнаму прэсінгу. Адзін прэтэндэнтаў па 22-ай акрузе, Уладзімір Будзько, ужо не вытрымаў і з перадвыбарчага марафона сыйшоў. Мабыць вырашыў: рэальная сініца (пасада галоўнага спецыяліста Міністэрства аховы здароўя) больш прымальная, чым віртуальны журавель (дэпутацтва).

"Кантрактная пуга" - вельмі нават пераканаўчы аргумент у руках кіруючага цяпер рэжыму.

выкарыстанне аргтэхнікі, прызначанай для забеспячэння функцыянавання дзяржаўных органаў, для ажыццяўлення дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню;

Інтэрв'ю (як агітацыйная форма, якая спрыяе вылучэнню) рыхтавалася на кампутары ўпраўлення ідэалагічнай працы, прызначанага для забеспячэння функцыянавання дзяржаўнага органа - аблвыканкама.

 

Завяршаецца ст.73 ІЧ вельмі цвёрдай прававой нормай:

Пры парушэнні патрабаванняў дадзенага артыкула акруговая і Цэнтральная камісіі мае права адмовіць прэтэндэнту на дэпутацкі мандат у рэгістрацыі кандыдатам.

 

Пакажыце таго выбарніка Беларусі, які, прачытаўшы артыкул 73 Выбарчага кодэкса, хоць на імгненне паверыць, што за грубейшае парушэнне Выбарчага кодэкса (выкарыстанне пераваг службовага становішча і датэрміновую агітацыю), 22-я акруговая выбарчая камісія скарыстаецца сваім правам і старшыню Віцебскага аблвыканкама Ўладзіміра Андрэйчанку кандыдатам у дэпутаты не зарэгіструе.

Калі Закон пераможа, і Андрэйчанку ў рэгістрацыі адмовяць -- гатовы капялюш з'есці!

 
Валеры ШЧУКІН

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства