Родныя забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай не задаволеныя ходам расьсьледваньня

2005 2005-04-19T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

20-га красавіка спаўняецца паўгады як была забітая наша калега, журналістка недзяржаўнай газеты "Салідарнасць", сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Вераніка Чаркасава. Напярэдадні гэтай даты ў ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" прайшла прэсавая канферэнцыя з удзелам блізкіх і калегаў Веранікі.
Як паведаміў сабраным намеснік старшыні ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Андрэй Бастунец, каля тыдня таму БАЖ звяртаўся ў Пракуратуру РБ з просьбай правесці адмысловую прэс-канферэнцыю і паінфармаваць журналістаў пра ход расследавання. Аднак, паводле прэсавага сакратара гэтай установы, пракуратура перадала ўсю наяўную інфармацыю па гэтай справе Першаму нацыянальнаму тэлеканалу і не мае чаго паведаміць іншым СМІ.

Паводле маці Веранікі, Дыяны Чаркасавай, складваецца ўражанне, што расследаванне дагэтуль не зрушыла з "мёртвай кропкі": следчыя па-ранейшаму заяўляюць, што ў справе толькі двое падазраваных: 15-гадовы сын і айчым журналісткі, і цвердзяць, што блізкія чыняць перашкоды следству. У той жа час, у пастанове аб адмене ім падпіскі пра нявыезд гаворыцца, што следства не здабыло аб'ектыўных доказаў іх спрычыненасці да злачынства.

Сын Веранікі Чаркасавай Антон Філімонаў па-ранейшаму знаходзіцца ў Маскве, куды яго некалькі месяцаў таму забраў бацька з-за пагрозы прымянення да сына прымусовай стацыянарнай псіхіятрычнай экспертызы. Падлетак даволі паспяхова вучыцца ў маскоўскай школе і збіраецца здаваць іспыты за 9 клас. Па словах бабулі, Антон вельмі сумуе па Беларусі. Аднак вяртанне пагражае яму пераследам з боку пракуратуры: як вынікае з тэксту ліста, які блізкія Чаркасавай нядаўна атрымалі ад намесніка пракурора г. Мінска Мікалая Куліка, пракуратура не бачыць "падставаў для спынення крымінальнага пераследу" падлетка. "Такім чынам, цяпер мы фактычна згубілі яшчэ і ўнука", - кажа Дыяна Чаркасава.

Аляксандр Старыкевіч, галоўны рэдактар газеты "Салідарнасць", у якой у апошнія гады жыцця працавала Вераніка Чаркасава, лічыць, што найбольш прыкрай у гэткай сітуацыі выглядае абыякавасць да гэтай тэмы шмат каго з калег Веранікі. "Калі ва Ўкраіне забілі Гангадзэ, гэтая тэма не сыходзіла са старонак украінскіх газет некалькі гадоў", - падкрэслівае галоўны рэдактар "Салідарнасці". Ён упэўнены, што забойства Веранікі Чаркасавай стаіць у адным шэрагу са знікненнем аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага ў 2000 г. А. Старыкевіч лічыць, што менавіта сталая ўвага СМІ да гэтай тэмы можа дапамагчы знайсці сапраўдных забойцаў і прадухіліць гэткія злачынствы ў будучым.
Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international