Разьмеркаваньне можа стаць яшчэ больш падобным на «прыгоннае права»

2008 2008-07-29T19:21:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пад час нядаўняй нарады ў Камянецкім раёне Лукашэнка прызнаў фактычна, што сыстэма прымусовага разьмеркаваньне не дае жаданых вынікаў. Нават выпускнікі сельскагаспадарчых ВНУ пасьля заканчэньня абавязковых двух год часта зьмяняюць месца працы. Аднак, замест таго, каб прыцягваць маладых спэцыялістаў у малапрыцягальныя месцы праз паляпшэньне ўмоваў працы, у Беларусі верагодна яшчэ больш жорсткай стане сыстэма прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ. Са словаў Лукашэнкі вынікае, што зьмены закрануць выпускнікоў сельскагаспадарчых і мэдыцынскіх ВНУ.­

«Паступіў у сельскагаспадарчую ВНУ — ідзі і працуй на сяло. Нікому ня будзе дазволена проста адпрацаваць нейкі тэрмін па разьмеркаваньні і перайсьці на іншую працу. Без дазволу старшыні райвыканкаму ніхто ня зможа перайсьці на іншую працу. Мы прыдумаем, як гэта зрабіць, каб не наламаць дроваў. Вось і ўся дэмакратыя. Але без гэтага сял­о мы не выратуем, як і ахову здароўя», — заявіў выпускнік Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандар Лукашэнка.

На рэзкія заявы дзейснага прэзыдэнта Беларусі пра прымусовае разьмеркаваньне выпускнікоў спасылаецца Interfax. Сваё бачаньне права маладых спэцыялістаў на вольны выбар працы, гарантаваны Канстытуцыяй Беларусі, акрэсьліў Лукашэнка на нарадзе ў Камянецкім раёне па пытаньнях выкананьня дзяржаўнай праграмы адраджэньня і разьвіцьця сяла.

Нагадаем, прымусовае разьмеркаваньне студэнтаў было адноўленае з СССР у Беларусі ў 1997 годзе, але да апошніх зьменаў фінансавая адказнасьць за адмову ад разьмеркаваньня ляжала не на выпускніках, а на працадаўцах, якія маглі «перахапіць» спэцыяліста ў вызначанага дзяржавай. І многія маладыя спэцыялісты адмаўляліся ад непрывабных працоўных месцаў па разьмеркаваньні, працавалі два гады неафіцыйна, а потым уладкоўваліся на самастойна абраную працу.

Паводле апошніх зьменаў у заканадаўства пра разьмеркаваньне ў 2006 годзе, выпускнікі бюджэтнай формы навучаньня вышэйшых, сярэдніх спэцыяльных і прафэсійна-тэхнічных навучальных установаў мусяць адпрацаваць па разьмеркаваньні год і два гады адпаведна. А той, хто ня едзе працаваць па разьмеркаваньні, павінен сам аплаціць кошт свайго навучаньня. Такая норма фактычна зьнішчыла бясплатную адукацыю ў Беларусі. А на выпускнікоў пасыпаліся зыскі за адмову ад разьмеркаваньня.

Так, ужо на момант кастрычніка 2007 году было заведзена 100 крымінальных справаў на выпускнікоў, што адмовіліся ехаць па прымусовым разьмеркаваньні. Усяго ж у мінулым годзе было разьмеркавана болей 19-ці тысяч выпускнікоў. Многія маладыя спэцыялісты сапраўды абіраюць шлях адпрацаваць па разьмеркаваньні адведзеныя два гады, а потым шукаць лепшыя ўмовы для працы самастойна. Так, паводле статыстыкі на красавік 2008 году у чарнобыльскіх рэгіёнах застаюцца працаваць толькі 27% разьмеркаваных выпускнікоў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international