viasna on patreon

Крымінальная справа супраць Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча перададзеная ў суд Ленінскага раёну Менску

2005 2005-04-18T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Паўла Севярынца і Мікалая Статкевіча будуць судзіць за арганізацыю вулічных выступленьняў. Крымінальную справу супраць Міколы Статкевіча і аднаго з кіраўнікоў “Маладога фронту” Паўла Севярынца перадалі ў суд Ленінскага раёну Менску. Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых вулічных выступленьняў грамадзянаў 18 і 19 кастрычніка супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму.

Мікола Статкевіч адмовіўся ад паслугаў адваката. Ён паведаміў “Радыё Свабода”, што ня будзе даваць паказаньняў у судзе і ўдзельнічаць у допыце сьведкаў. Паводле яго, крымінальная справа цалкам палітычная, скіраваная на нэўтралізацыю актывістаў вулічных дэманстрацыяў. А таму прысуд, лічыць Мікола Статкевіч, будзе такі, які запатрабавалі ўлады.

“Я ўпэўнены, што гэта зьвязана з намерам сацыял-дэмакратычнай партыі і Эўрапейскай кааліцыі вылучыць мяне кандыдатам у прэзыдэнты. Ціск не абмяжоўваецца толькі гэтай крымінальнай справай. Ёсьць яшчэ і 2000 даляраў штрафу за дзьве хвіліны выступу на мітынгу прадпрымальнікаў. Я не сумняюся, што суд у гэтай справе будзе насіць характар імітацыі. Рашэньне суду будзе падказана яму з адміністрацыі Лукашэнкі”, -- паведаміў Мікола Статкевіч.

Актывіст “Маладога фронту” Павал Севярынец знаходзіцца ў Віцебску пад падпіскай пра нявыезд. Цягам тыдня ён ня можа дабіцца ад пракуратуры дазволу прыехаць у Менск, каб сустрэцца са сваім адвакатам. Згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам, яму павінна быць гарантаваная неабходная колькасьць сустрэчаў з абаронцам.

“Ніякага крыміналу ў дзеяньнях людзей 18 і 19 кастрычніка не было. Замова скіраваная на тое, каб стрымаць тых людзей, якія могуць арганізаваць грамадзка актыўныя палітычныя пратэсты. Безумоўна, вынік будзе прадвызначаны рашэньнем улады. Рашэньне будзе зыходзіць з палітычнай сытуацыі. Ну, і, безумоўна, рыхтуюся да самага горшага — да магчымага пазбаўленьня волі. Стаўлюся да гэтага спакойна”, -- сказаў Павал Севярынец “Радыё Свабода”.

Для Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца гэта ўжо ня першая крымінальная справа. У 1998 годзе Паўла Севярынца абвінавачвалі ў злосным хуліганстве за зрыў канцэрту 2 красавіка, прысьвечанага аб’яднаньню Беларусі і Расеі. Справу скасавалі ў 1999 годзе з фармулёўкай “у зьвязку са зьменай палітычнай абстаноўкі”. У 2000 годзе Міколу Статкевіча пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі за актыўны ўдзел у першым “Маршы Свабоды”. Прысуд вынесьлі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня. Пасьля перагляду справы яго зьмянілі на штраф. Маючы судзімасьць, лідэр сацыял-дэмакратаў пазбавіўся магчымасьці ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.

Мяркуецца, што суд над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам пачнецца напрыканцы красавіка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства