viasna on patreon

Віцебскага ўчастковага пераследуюць за намер вылучыць сваю кандыдатуру ў дэпутаты

2008 2008-08-07T13:01:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па Віцебскай-Чыгуначнай выбарчай акрузе №19 заявіў аб намеры вылучыцца кандыдатам у дэпутаты 36-гадовы Андрэй Левінаў -- участковы інспектар Чыгуначнага РАУС. Падача капітанам Левінавым дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы стала нечаканасцю і для ўлад, і для апазіцыі, паколькі гэты афіцэр быў убаку ад палітыкі.

Акруговая камісія ініцыятыўную групу ўчастковага інспектара зарэгістравала, але міліцэйскае кіраўніцтва вобласці падобную самадзейнасць (пайсці ў дэпутаты) вырашыла прысекчы на корані. Прысекчы так, каб астатнія супрацоўнікі міліцыі паўтарыць падобны подзвіг не рызыкнулі.

Спачатку прайшліся па персанальных падапечных Андрэя Левінава - тых, якія павінны знаходзіцца пад асаблівай увагай участковага: кліенты Інспекцыі па справах непаўналетніх, Крымінальна-выканаўчай інспекцыі… Першая атака правалілася. Участковы Левінаў, да здзіўлення правяраючых, акааўся добрасумленным міліцыянерам. Падапечныя ведалі свайго ўчастковага і па прозвішчы, і ў твар. Памяталі калі, і на якую тэму капітан Левінаў праводзіў з імі гутаркі. Такой маштабнай праверцы падвергся толькі ўчастак Андрэя Левінава: праца з падапечнымі астатніх участковых Чыгуначнага РАУС правяраючых не цікавіла.

Не паслухаўся афіцэр Левінаў і прамых прапановаў-пагрозаў звольніцца з міліцыі, якія прагучалі з вуснаў начальніка РАУС падпалкоўніка Блажэвіча, яго намесніка маёра Шастова, нам. начальніка абласнога ўпраўлення прафілактыкі падпалкоўніка Пранько. І тады УУС Віцебскага аблвыканкама пайшло па-банк. Падпалкоўнік Пранько пасля рэгістрацыі Андрэем Левінавым ініцыятыўнай групы забраў з Чыгуначнага РАУС усе матэрыялы, па якіх участковы Левінаў прыняў рашэнне не ўзбуджаць крымінальныя справы (такіх з пачатку гэтага года набралася больш двух дзесяткаў). Дадзеныя рашэнні ўчастковага былі правераныя начальнікам РАУС і пракурорам раёна, якія не ўгледзелі парушэнняў законнасці ў дадзеных матэрыялах. Тым не менш, падпалкоўнік абласнога УУС вылучыў чатыры матэрыялы (за красавік, травень) і накіраваў да намесніка пракурора Чыгуначнага раёна (у дадзены момант - часова выконваючага абавязкі пракурора) з патрабаваннем: рашэнні аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмяніць. Нам. пракурора ў капітанскіх пагонах (юрыст 1 класа) узяў пад казырок, і патрабаванне міліцэйскага падпалкоўніка задаволіў. А пракурор вобласці, дарадца юстыцыі 1 класа Дыско загадаў узбудзіць у дачыненні прэтэндэнта на дэпутацкі мандат ўчастковага Левінава дысцыплінарную вытворчасць.

Мяркуючы па разгорнутым шырокамаштабным цкаванні капітана Левінава, далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі яму прыйдзецца праводзіць ужо ў статуце былога супрацоўніка міліцыі…

 

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства