viasna on patreon

Большасць скаргаў засталіся без разгляду

2008 2008-07-31T18:12:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

31 ліпеня Цэнтрвыбаркам заслухаў 10 скаргаў незалежных кандыдатаў у дэпутаты і прыняў пастановы аб выкарыстанні дзяржаўных СМІ для перадвыбарчай агітацыі і аб парадку галасавання грамадзян, якія знаходзяцца пад арыштам.

 

Большасць часу на паседжанні Цэнтрвыбаркаму пайшло на скаргі, бо калі прысутнічалі заяўнікі, то ім давалі слова. Аднак нельга сказаць, што ўсе пададзеныя дзесяць скаргаў былі разгледжаныя, бо шасцёра з іх камісія пакінула без разгляду з прычыны не выканання тэрміну падачы скаргі.

 

Як патлумачыла на паседжанні загадчыца аддзелам арганізацыйна-прававым аддзелам Цэнтрвыбаркама Надзея Кісялёва - яе старшыня камісіі Лідзія Ярмошына адрэкамендавала ў якасці аднаго з аўтараў Выбарчага кодэксу, да кастрычніка 2006 году ў Выбарчым кодэксе тэрміны абскарджання былі напісаныя наступным чынам, што скаргі падаюцца ў трохдзённы тэрмін.

 

Непаразуменне выклікала новая норма

 

"Паколькі вось гэтая норма выклікала непаразуменне на практыцы, у кастрычніку 2006 году ў Выбарчы кодэкс, у некалькі частак, якія прадугледжваюць абскарджанне рашэнняў, вызначана і запісана выразна, што рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты скарга падаецца ў трохдзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння". То бок першым днём вось гэтага трохдзённага тэрміну з'яўляецца дзень прыняцця рашэння", - адзначыла Надзея Кісялёва.

 

Між тым на гэты раз непаразуменне выклікала як раз новая норма, асабліва ў юрыстаў, бо яны па аналогіі з грамадзянскім працэсам пачаткам тэрміну лічылі або наступны дзень пасля прыняцця рашэння, або дзень атрымання пратаколу.

 

Незручныя нормы

 

Як адзначыў у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" старшыня РПГА "Беларускі Хельсінскі камітэт" Алег Гулак, "відавочна, што тыя нормы, якія зараз уведзены ў Выбарчы кодэкс - вельмі нязручныя для ўдзельнікаў выбарчай кампаніі. Атрымліваецца, што ў чалавека рэальна двое сутак на падачу скаргі ў выбарчую камісію. А пры тым, што людзі ў гэты час працуюць, такая норма нязручная".

 

31-га ліпеня Цэнтрвыбаркам задаволіў толькі адну скаргу на адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў. Заяўнік, Уладзімір Лабцэвіч, не гледзячы на сталы век, паказаў прысутнасць энергіі і аптымізму. У звароце да Цэнтрвыбаркаму спадар Лабцэвіч заявіў: "Я веру, што вы са сваіх рук мне ўручыце мандат дэпутата, да якога я прабіваюся 18 гадоў - не пускаеце вы мяне. І нават мандат прэзідэнта - у гэтым я не сумняюся. У мяне яшчэ шмат энергіі, 68 год, мазгі не прапітыя, не прапаленыя".

 

Як высветлілася, з тае прычыны, што спадар Лабцэвіч не мае ў пашпарце штампа аб рэгістрацыі, Уручская акружная камісія №109 палічыла, што няма доказаў, што гэты грамадзянін стала жыве ў Беларусі. Аднак Цэнтрвыбаркам вызначыў, што пасля згубы свайго жытла з 2004 года спадар Лабцэвіч рэгіструецца ў прытулку для начнога знаходжання і на гэты ж адрас атрымлівае пенсію. Таму Цэнтральная камісія прыняла рашэнне, што адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы была незаконная.

 

Асноўныя скаргі

 

Фактычна ўсе прэтэндэнты на дэпутацкі мандат скардзіліся на ціск, які прымусіў сябраў іхнай ініцыятыўнай групы адмовіцца ад удзелу ў кампаніі, што і выклікала праблемы з рэгістрацыяй. Са свайго боку Цэнтрвыбаркам скаргі на ціск раіў накіроўваць у пракуратуру, а скаргу кіраўніка Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Змітра Вінаградава на перашкоду падаць заяву на рэгістрацыю ініцытыўнай групы нават сам перанакіраваў. Затое паведамленні аб парушэнні прынцыпу добраахвотнасці ўдзелу ў працы ініцыятыўнай групы Цэнтрвыбаркам разглядаў і на іх падставе адмаўляў у задавальненні скаргаў.

 

Яшчэ адна скарга, якую задаволілі, тычылася папярэджання ініцыятыўнай групе вядомага апазіцыйнага палітыка Аляксандра Бухвостава, якое зрабіла сталічная Шабаноўская выбарчая акруга №91. Папярэджанне грунтавалася на тым, што ў паштовых скрынях былі знойдзены ўлёткі, якія заклікаюць галасаваць за сп. Бухвостава. Аднак Цэнтрвыбаркам палічыў, што датычнасць спадара Бухвостава ці прадстаўнікоў ягонай ініцыятыўнай групы да распаўсюду ўлётак не былі даказаныя, таму папярэджанне адмяніў.

 

Хуткія рашэнні

 

Наступныя рашэнні Цэнтрвыбаркам прымаў досыць хутка. Замежныя выбарчыя участкі - іх будзе 40 - зноў прыпісалі да Купалаўскаўскай выбарчай акругі № 95. Адна навіна - сёлета ўпершыню з'явіўся участак у Венесуэле. Што тычыцца выкарыстання для перадвыбарчай агітацыі дзяржаўных СМІ, то, па ранейшаму, кандыдат будзе мець права на дзве машынапісныя старонкі або чатыры тысячы знакаў у газетах, а таксама пяціхвілінныя выступы ў запісе па абласных радыё і тэлебачанні.

 

Трэба зазначыць, што гэтыя выступы мусяць гучэць як раз у той час, калі большасць выбаршчыкаў будзе вяртацца з працы да дому, але Цэнтрвыбаркам на гэты раз абавязаў тэлерадыёкампаніі рабіць пазнакі ў праграме хто з кандыдатаў і калі будзе выступаць, каб аўдыторыя магла арыентавацца.

 

Што тычыцца стварэння Наглядальнага савету па кантролі за выкананнем парадку і правілаў правядзення перадвыбарчай агітацыі ў СМІ, то як заўжды туды трапілі выключна прадстаўнікі дзяржаўных медыяў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства