viasna on patreon

Суд спыніў разгляд скаргі берасцейскаму праваабаронцы

2008 2008-07-25T19:34:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Ленінскага раёна Брэста 24 ліпеня спыніў разгляд скаргі праваабаронцы Рамана Кісляка на рашэнне гарвыканкама "Аб прызначэнні сталага месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Брэсце", піша БелаПАН.

Як паведаміў Р. Кісляк, справа была спынена на падставе непадведамаснасці. У судзе заявілі, што не ўпаўнаважаныя разглядаць скаргі аб прызнанні нарматыўных актаў несапраўднымі.

Падставай для звароту праваабаронцы ў суд стала адмова гарвыканкама ў правядзенні пікету, прымеркаванага да дзявятых угодкаў знікнення апазіцыйнага палітыка Юрыя Захаранкі. Адмова была матывавана тым, што месца планаванай акцыі не адпавядала рашэнню гарвыканкама "Аб прызначэнні сталага месца для правядзення масавых мерапрыемстваў у горадзе Брэсце".

"Паводле гэтага рашэння, у 300-тысячным горадзе прадугледжаная ўсяго адна пляцоўка для правядзення збораў, мітынгаў і пікетаванняў - стадыён "Лакаматыў", які знаходзіцца сярод прыватнай забудовы і за бетонавым плотам. Прыцягнуць увагу грамадскасці да чаго бы то ні было тамака праблематычна", - лічыць Р. Кісляк.

Каментуючы рашэнне суду Ленінскага раёна, праваабаронца адзначыў: "У Беларусі няма эфектыўных сродкаў абароны правоў чалавека ў выпадках, калі іх парушэнні дапушчаныя ў выніку ўжывання нарматыўна-прававога акту. Агульныя суды не ўпаўнаважаныя разглядаць падобныя пытанні, што і давяло сённяшняе паседжанне, а прававой працэдуры звароту грамадзяніна ў Канстытуцыйны суд заканадаўства Беларусі не прадугледжвае".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства