viasna on patreon

Працэс над Андрэем Клімавым па абвінавачаньні ў паклёпе і абразе кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі будзе закрытым

2005 2005-04-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На 6 красавіка ў Першамайскім судзе Менску прызначаны пачатак судовага працэсу па крымінальнай справе супраць былога палітвязьня, дэпутата Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня і бізнэсоўца Андрэя Клімава. Яго вінавацяць у паклёпе і абразе кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Як жа пакрыўдзіў Лукашэнку Андрэй Клімаў? Крымінальная справа супраць Клімава была ўзбуджана напрыканцы мінулага года, а ў сакавіку матэрыялы перадалі ў суд. Палітыка вінавацяць за выказваньні, якія ўтрымліваюцца ў ягоных кнігах і ўлётках – “Я зрабіў свой выбар”, “Шпацыры з вампірам”, “Відавочныя ісьціны”, “Паўстаньне 2005”, усебеларускі інфармацыйны бюлетэнь “Рэвалюцыя”. Паводле пракуратуры, у гэтых распаўсюджаных у Беларусі выданьнях ёсьць абразьлівыя выразы ў адносінах да прэзыдэнта і зьвесткі, зьвязаныя з абвінавачаньнем кіраўніка краіны ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкіх злачынстваў. Тым часам Андрэй Клімаў вінаватым сябе ня лічыць.

Працэс над Клімавым будзе закрытым – невядома, па якой прычыне. Паводле судзьдзі Алены Ананіч, журналістам патрапіць на гэты працэс немагчыма, але яна не патлумачыла, чаму гэты працэс будзе закрытым. Выконваючы абавязкі старшыні Першамайскага суду таксама не адказаў на пытаньні карэспандэнта Радыё Свабода. Гэтак жа сама трымалася загадчыца канцылярыі суду спадарыня Тацяна: "У нас распараджэньне нашага выконваючага абавязкі старшыні– ніякай інфармацыі не даваць”.

Не сказалі ў судзе, хто будзе прадстаўляць пацярпелы бок. Як стала вядома, позву ў суд у якасьці сьведкі атрымаў паплечнік спадара Клімава Леанід Малахаў, якога, дарэчы, выклікалі ў часе сьледзтва па гэтай крымінальнай справе.

У сваю чаргу Андрэй Клімаў паведаміў, што адмаўляецца ад паслугаў адваката.
Адмыслоўцы не выключаюць, што ў цяперашняй сытуацыі ў Беларусі Андрэй Клімаў зноў можа стаць палітычным вязьнем. Нагадаю, што ён быў асуджаны ў 2000 годзе за прадпрымальніцкую дзейнасьць. Спадар Клімаў цьвердзіць, што ён зьявіцца сёньня на працэсе, каб паказаць, што “ў краіне ёсьць людзі, якія не баяцца пракурорскага ці судовага самавольства ды іншага ціску з боку Лукашэнкі на апазыцыйных палітыкаў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства