viasna on patreon

Беларусь выйшла ў сусветныя лідэры па самагубствах

2008 2008-07-18T13:02:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Навукоўцы зьвязваюць гэта з дэградацыяй сацыяльнага капіталу і дэгуманізацыяй. Ёсьць і сувязь з рэлігійнасьцю насельніцтва. Затое ўзровень суіцыдаў мала зьвязаны з заможнасьцю.

За апошняе дзесяцігодзьдзе Беларусь выйшла ў сусьветныя лідэры па колькасьці самагубстваў. Іх узровень вялікі ва ўсіх краінах рэгіёну, але Беларусь за апошнія гады абагнала ўсіх.

Навукоўцы тлумачаць гэты змрочны ўзьлёт ростам спажываньня алькаголю, суб’ектыўным адчуваньнем адсутнасьці жыцьцёвых пэрспэктываў, дэпрэсіўным асяродзьдзем, нізкімі выдаткамі на культуру, а таксама тыпам культурнай традыцыі.

Сацыёлягі з Інстытуту Гэлапа ў сваёй нядаўняй публікацыі паказалі сувязь колькасьці самагубстваў з рэлігійнасьцю грамадзтва. Сусьветныя сацыялягічныя дасьледаваньні Інстытуту з 2005 да 2006 году выявілі, што рэлігійныя краіны маюць ніжэйшыя паказьнікі самагубстваў.

Рэспандэнты, якія бралі ўдзел у апытаньні, адказвалі на наступныя пытаньні: "Ці грае рэлігія важную ролю ў Вашым жыцьці?", "Ці хадзілі Вы ў царкву за апошні тыдзень?", "Ці давяраеце Вы рэлігійным арганізацыям у сваёй краіне?". Станоўчыя адказы на гэтыя пытаньні давалі паказчык агульнага ўзроўню рэлігійнасьці ў краіне.

Параўнаньне паказчыку рэлігійнасьці ў розных краінах з статыстыкай самагубстваў за 2007 год вырысоўвае яскравую тэндэнцыю: у больш рэлігійных краінах самагубстваў менш.

Напрыклад: Філіпіны маюць найвышэйшы паказьнік рэлігійнасьці ў сьвеце (79), у Японіі ён адзін з найніжэйшых у сьвеце (29). А самагубствы? На Філіпінах яны здараюцца ў 12 разоў радзей, як у Японіі!

Парагвай, дзе паказчык рэлігійнасьці нашмат вышэйшы за суседні Ўругвай, мае і статыстыку самагубстваў у 4,5 разы ніжэйшую за ўругвайскую.

Месца ЗША ў сьпісе "рэлігійнасьці" краінаў знаходзіцца недзе ў сярэдзіне (61). Гэткае ж сама месца ў гэтай краіны і паводле статыстыкі самагубстваў, 32‑е — з 67 краінаў.

Інстытут Гэлапа ўключыў у сваё дасьледаваньне толькі 67 краінаў, бо апошнія зьвесткі пра самагубствы ў многіх краінах былі недаступныя.

Агульныя высновы сацыёлягаў пацьвярджаюцца таксама на прыкладзе асобных рэгіёнаў, у тым ліку краінаў былога СССР. Да прыкладу, у 12 постсавецкіх краінах назіраецца выразная карэляцыя самагубстваў і рэлігійнасьці. У гэтым пляне самыя выразныя краіны — Арменія, Грузія і Таджыкістан, дзе паказьнік рэлігійнасьці высокі, асабліва калі параўнаць яго з паказьнікам у астатніх постсавецкіх краінах. Статыстыка самагубстваў стабільна нізкая ў трох пералічаных краінах.

У той жа час, як вынікае з табліцы, паказьнік самагубстваў мала зьвязаны з заможнасьцю людзей.

У цэлым, больш заможныя краіны менш рэлігійныя. Рэлігійнасьць зьмяншаецца па меры росту дабрабыту. Дык вось, дасьледаваньне паказвае, што статыстыка самагубстваў трохі вышэйшая ў больш заможных краінах. Аднак адносіны паміж узроўнем ВУП і самагубствамі не такія моцныя, як з рэлігійнасьцю.

Сацыёлягі з Інстытуту Гэлапа адзначаюць, што бедныя краіны з больш высокім паказьнікам рэлігійнасьці маюць не заўсёды поўную статыстыку самагубстваў — праз нерэгулярнасьць мэдыцынскай справаздачнасьці ці праз грамадзкае клеймаваньне гэтай зьявы. Аднак калі параўноўваць паказчыкі толькі заможных краінаў, у якіх справаздачнасьць дакладная, тым ня менш, адназначна выяўляецца трывалая ўзаемасувязь паміж рэлігійнасьцю і ўзроўнем самагубстваў.

Вядома, адной рэлігійнасьцю справа не тлумачыцца. Так, узровень самагубстваў у Беларусі вышэйшы, чым у менш рэлігійных і больш заможных суседніх Эстоніі, Латвіі, Чэхіі ці нават Расеі. Хоць мусіла б быць наадварот. Тут першасную ролю адыгрывае, відаць, суб’ектыўнае адчуваньне жыцьцёвае беспэрспэктыўнасьці, сама сутнасьць сыстэмы кантролю над чалавекам, збудаванай у краіне, у спалучэньні з культурнай спадчынай.

Краіна - узровень самагубстваў - рэлігійнасьць

Беларусь - 36,80 - 35
Расея - 36,15 - 28
Казахстан - 29,95 - 43
Вугоршчына - 28,45 - 36
Славенія - 25,90 - 41
Латвія - 25,70 - 32
Украіна - 25,15 - 37
Японія - 24,20 - 29
Эстонія - 21,40 - 21
Бэльгія - 21,30 - 33
Фінляндыя - 20,55 - 36
Францыя - 18,30 - 30
Малдова - 17,25 - 55
Аўстрыя - 16,15 - 46
Чэхія - 15,80 - 26
Уругвай - 15,45 - 34
Данія - 13,65 - 29
Кубы - 13,55 - 36
Швэцыя - 13,30 - 23
Славаччына - 13,16 - 47
Германія - 13,15 - 37
Румынія - 12,75 - 66
Канада - 11,65 - 49
Нарвэгія - 11,55 - 29
ЗША - 11,05 - 61
Індыя - 10,75 - 76
Сынгапур - 10,05 - 68
Ірляндыя - 9,75 - 63
Нідэрлянды - 9,35 - 30
Кіргізія - 9,00 - 48
Аргентына - 8,80 - 49
Гішпанія - 8,25 - 32
Італія - 7,25 - 56
Велікабрытанія - 7,05 - 33
Ізраіль - 6,25 - 44
Узбэкістан - 5,55 - 52
Калюмбія - 5,30 - 69
Вэнэсуэла - 5,10 - 63
Бразылія - 4,35 - 69
Грэцыя - 3,20 - 52
Парагвай - 3,05 - 79
Таджыкістан - 2,60 - 50
Грузія - 2,25 - 60
Філіпіны - 2,10 - 79
Кувэйт - 1,95 - 83
Арменія - 1,85 - 50

Мэтады апытаньня
Вынікі атрыманыя на падставе апытаньня, зробленага сам‑насам ці па тэлефоне, якое ладзілася ў 2006 г. і ў якім бралі ўдзел каля 1000 дарослых людзей з кожнай краіны. Для ўсіх краінаў у сьпісе статыстычная памылка сярэдняга паказьніку рэлігійнасьці можа складаць 3%. У дадатак да памылкі выбаркі, пастаноўка пытаньня і практычныя складанасьці ў правядзеньні апытаньня могуць вылівацца ў памылкі ці адхіленьні ў выніках апытаньня.

Узровень самагубстваў
Узровень самагубстваў — гэта колькасьць суіцыдаў на 100 000 насельніцтва, згодна з статыстыкай Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя за 2007 год, па ўсіх краінах, дзе гэтыя зьвесткі былі даступныя. Сярэдняя карэляцыя між рэлігійнасьцю і ўзроўнем суіцыдаў была r65 = ‑.64. p < 0,01.

Паводле gallup.com

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства