Паліну Кур’яновіч арыштавалі на 5 сутак

2008 2008-07-07T18:33:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Тацяна Паўлючук за зачыненымі дзьвярыма заслухала сьведку-міліцыянта і асудзіла Паліну Кур’яновіч, актывістку руху “Джынс за свабоду”, на 5 сутак арышту. 4 ліпеня людзі ў цывільным папрасілі Паліну паказаць, што ў яе ў заплечніку. Знайшоўшы сьцягі Эўразьвязу, яе абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы і затрымалі.

Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Тацяна Паўлючук разглядала адміністрацыйны пратакол, які склалі міліцыянты на Паліну Кур’яновіч.

Нагадаем: 4 ліпеня Паліна разам са сваімі сябрамі ішла па вуліцы Мельнікайтэ. Іх спынілі трое мужчын у цывільным. Яны зьвярнуліся да Паліны і запатрабавалі, каб яна паказала, што нясе ў сваім заплечніку. Дзяўчына паведаміла, што дазволіць абшукаць свае рэчы толькі пад пратакол. Пасьля гэтага яе адвезьлі ў міліцыю.

Пасьля таго, як у яе заплечніку знайшлі сьцягі Эўразьвязу, міліцыянты спачатку вырашылі яе адпусьціць, але потым склалі пратакол нібыта за дробнае хуліганства. Паводле міліцыянтаў, Паліна на іх нецэнзурна лаялася. Амаль трое сутак да суду дзяўчыну трымалі ў турме на вуліцы Акрэсьціна.

Паліна Кур’яновіч апавяла “Свабодзе”:

“Завезьлі ў РУУС. Там спачатку вырашылі мяне адпусьціць, але потым сказалі, што я некаму перайшла дарогу і таму мяне накіруюць на суткі. Напісалі, што я лаялася матам – артыкул 17.1 (дробнае хуліганства). У мяне было чатыры сьцягі Эўразьвязу і чатыры менскіх сьцяга. Хутчэй за ўсё ўлады папросту далі загад, каб не было ніякай нацыянальнай сымболікі на дзяржаўным сьвяце”.

Справу Паліны пачалі разглядаць пасьля абедзеннага перапынку. Дзяўчына заявіла хадайніцтва, каб у судзе заслухалі сьведак затрыманьня Любоў Кучынскую і Максіма Вінярскага. Але судзьдзя Тацяна Паўлючук адмовіла ў гэтым. Яна сказала, што прозьвішчы сьведак не ўказаныя ў рапарце міліцыянтаў.

Адразу пасьля гэтага судзьдзя загадала ўсім пакінуць судовую залю. Яна заявіла, што міліцыянт, які складаў на Паліну рапарт, з’яўляецца апэратыўным супрацоўнікам крымінальнага вышуку і таму ён будзе даваць паказаньні за зачыненымі дзьвярыма.

Як толькі выйшаў сьведка-міліцыянт, судзьдзя абвясьціла прысуд – 5 сутак арышту.

Калі Паліну павялі па лесьвіцы ў машыну, яна пасьпела сказаць некалькі словаў:

“Ён сказаў, што як толькі мяне папрасілі паказаць заплечнік, я адразу пачала лаяцца матам”.

Назіральнікі лічаць, што судзьдзя загадзя прыняла рашэньне і судовую пастанову напісала ў часе абедзеннага перапынку. Яны зьвярнулі ўвагу на тое, што звычайна Паўлючук абвяшчае перапынак і амаль гадзіну піша судовую пастанову. А сёньня яна адразу назвала пакараньне і выдала міліцыянтам суправаджальныя дакумэнты.

У турме на вуліцы Акрэсьціна знаходзяцца паплечнікі Паліны Яўген Афнагель і Павал Юхневіч. Іх таксама абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international