viasna on patreon

Рэзалюцыя Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства” (5-6 снежня 2002 г., Раўбічы)

2002 2002-12-12T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мы, удзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства”, прадстаўнікі шырокай грамадскасці Рэспублікі Беларусь: грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, прафсаюзнага, жаночага, маладзёжнага рухаў, заслухаўшы даклады і абмеркаваўшы ў секцыях пытанні адпаведнасці Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь міжнародным стандартам, заяўляем, што беларускае выбарчае заканадаўства і практыка яго прымянення пры правядзенні выбараў не адпавядаюць Канвенцыі Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы “Аб стандартах выбараў, выбарчых правоў і свабод” ад 26-28.09.2002 г., іншым міжнародным стандартам.

Улічваючы, што да гэтага часу не былі ўлічаны выпрацаваныя раней рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ і Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, мы лічым, што дзеля ўдасканалення выбарчага заканадаўства з мэтай прывядзення яго ў адпаведнасць з міжнародна прызнанымі прынцыпамі і нормамі арганізацыі і правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў неабходна ўнесці наступныя прапановы па дэмакратызацыі выбарчага працэса ў Рэспубліцы Беларусь:
1. уключыць у Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь нормы, якія абавязваюць Цэнтральную выбарчую камісію публікаваць агульныя тлумачэнні артыкулаў Выбарчага кодэкса да пачатку выбарчага працэса з мэтай іх аднолькавага прымянення пры выбарах прэзідэнта, парламента і дэпутатаў мясцовых Саветаў;
2. пры фармаванні выбарчых камісій забяспечыць гарантаваны ўдзел у іх працы прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Адмовіцца ад вылучэння ў склад камісій прадстаўнікоў працоўных калектываў і органаў выканаўчай улады;
3. унесці ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь змены, якія гарантуюць назіральнікам бесперашкоднае назіранне за ходам выбарчага працэсу і бюлетэнямі пры падліку галасоў, забяспечыць права назіральнікаў прысутнічаць пры перадачы пратаколаў аб выніках галасавання з ніжэйстаячых камісій у вышэйстаячыя і падвядзенні вынікаў выбараў у адпаведных тэрытарыяльных камісіях;
4. адмяніць датэрміновае галасаванне;
5. забяспечыць бесперашкодны доступ назіральніка да ўсіх этапаў выбарчага працэса, у тым ліку ягонае права прысутнічаць пры галасаванні па месцы знаходжання выбаршчыка;
6. дазволіць назіральніку праводзіць фота- і відэаздымкі паседжанняў выбарчых камісій, працэса галасавання і падліку галасоў на выбарчых участках;
7. катэгарычна забараніць усім удзельнікам выбарчага працэса, якія прысутнічаюць у памяшкані, дзе адбываецца падлік галасоў, пакідаць памяшканне без дазволу старшыні ўчастковай камісіі, размаўляць па тэлефоне да канчатковага падпісання пратаколу аб выніках галасавання;
8. абавязаць старшыню ці сакратара выбарчай камісіі забяспечваць назіральнікаў заверанымі копіямі выніковага пратаколу;
9. забяспечваць адаведнасць формы выніковага пратаколу ўчастковай выбарчай камісіі выбарчаму заканадаўству і ўключэнне ў яго вынікаў раздзельнага падліку галасоў;
10. адмяніць абавязковае інфармаванне органаў, якія ўтварылі выбарчыя камісіі, аб выніках галасавання;
11. праводзіць паўторны падлік галасоў пры выяўленні памылак, неадпаведнасцяў у пратаколах участковых і тэрытарыяльных камісій, а таксама іншых парушэнняў, якія дапушчаны ў ходзе галасавання ці пры падліку галасоў. Паўторны падлік галасоў праводзіць участковай камісіяй у поўным складзе ў прысутнасці назіральнікаў, давераных асобаў кандыдатаў, прадстаўнікоў вышэйстаячай і (ці) Цэнтральнай камісіі;
12. няўхільна выконваць палажэнні Канстытуцыі, Закона “Аб друку і іншых сродках масавай нфармацыі”, іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і міжнароднага заканадаўства пры асвятленні выбарчага працэса;
13. прадставіць магчымасць усім удзельнікам выбарчага працэсу абскардзіць любыя дзеянні (бяздзеянні) выбарчых камісій усіх узроўняў у судовым парадку.

ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”
ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”
РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”
ГА “Цэнтр па правах чалавека”
ГА “Фонд “Адкрытае грамадства”
ГА “Беларускі рэспубліканскі клуб выбаршчыкаў”
ГА “Незалежнае таварыства прававых даследванняў”
ГА “Прававая дапамога насельніцтву”
ГА “Фонд імя Льва Сапегі”
ГА “Свабодны прафсаюз Беларускі”
ГА “Беларуская арганізацыя працоўных жанчын”
ГА “Цэнтр “Супольнасць”
ГА “Беларускі Саюз Прадпрымальнікаў”
МГА “Беларуская перспектыва”
ГА “Жаночы рух “Адраджэнне Айчыны”
Маладзёжна-хрысціянскі сацыяльны саюз
Партыя БНФ
Аб’яднаная Грамадзянская партыя
Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада)
Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада
Партыя камуністаў Беларуская
Партыя працы
Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства