Мазырскую актывістку выключаюць з унівэрсытэту

2008 2008-07-02T11:59:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Актывістка моладзевага дэмакратычнага руху Кацярына Манчук лічыць, што прычынамі яе выключэньня з Мазырскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту стала палітычная дзейнасьць. Раней дзяўчыну выклікалі на размовы ў дэканат і прасілі спыніць грамадзкую актыўнасьць. Адміністрацыя ўнівэрсытэту катэгарычна настойвае, што дзяўчына пацярпела, бо кепска падрыхтавалася да сэсіі.

Кацярына Манчук вучыцца на трэцім курсе тэхналягічнага факультэту ў Мазырскім дзяржаўным унівэрсытэце. Яна расказала “Свабодзе”, што спачатку не магла здаць залікі, а потым сутыкнулася зь цяжкасьцямі пры здачы экзамэнаў летняй сэсіі:

“Я лічу, што адміністрацыя ўнівэрсытэту наўмысна хоча мяне адлічыць. Дзеля гэтага робіцца ўсё, каб я не здала сэсію. Праблемы пачаліся яшчэ на пачатку году, калі мяне затрымалі ў Менску. Потым мяне пачалі дапытваць, выведваць, вадзіць да прарэктараў, да рэктара. У гэтую летнюю сэсію я не магла здаць ні залікі, ні экзамэны. Калі я прыехала зь Літвы ад сваіх сяброў, даведалася, што на мяне ёсьць фармальнае адлічэньне. Калі я прыйшла да дэкана, то ён мне адказаў: “Не, не, не. Ты яшчэ вучысься, у цябе сэсія”.

Нагадаем: цягам навучальнага году Кацярыну Манчук некалькі разоў затрымлівалі ў Менску і ў Мазыры. Пасьля таго, як яе затрымалі на паседжаньні гістарычнага клюбу ў доме, дзе зьбіраюцца пратэстанты на набажэнствы, яна мела з гэтай нагоды гаворку ў дэканаце. Тады Кацярына Манчук патлумачыла, што больш ніхто ў горадзе не дазволіў моладзі, якая цікавіцца гісторыяй сваёй краіны, сабрацца ў сваім памяшканьні. Пасьля гэтага Кацярыну Манчук выклікалі на размовы ў дэканат яшчэ некалькі разоў.

У часе летняй сэсіі выкладчыкі іранічна казалі Кацярыне, што яна ўсё роўна паедзе вучыцца за мяжу.

“Спачатку — цягні білет, адказвай на пытаньне, а потым кажуць: “Можа, ты з дыктафонам прыйшла, можа, сёньня ня будзеш здаваць? А што ты рабіла да экзамэну? Можа, займалася актыўнай дзейнасьцю, што ня можаш нічога адказаць? Ну нашто яно табе? Твае ж сябры падрыхтавалі для цябе месца, якога ты заслугоўваеш. Ты ж добра папрацавала ў гэтым годзе. Ты ж павінна нешта атрымаць”.

Дэкан факультэту Ўладзімер Каноплік патлумачыў Радыё Свабода:

“Вось яна ўчора пайшла на экзамэн, двух словаў не зьвязала. Не рыхтавалася. У яе на дадзены момант два “завалы”. Я не чакаў. Яна ўчора магла спакойна здаць экзамэн. Гэта профільны экзамэн. Яна мусіла яго адказаць. Сама сказала: “Я не гатова”. Сама сказала. Мой калега ідзе па калідоры, а яна зь кімсьці па тэлефоне размаўляе. У яе пытаюцца: “Ну як, здала?” А яна: “Не, не здала, але гэта іх праблемы”. Ну, вы разумееце? І ліст ад паважанага Мілінкевіча ў мяне. Але ніякага ціску на яе няма і быць ня можа”.

Сёлета зь беларускіх навучальных установаў з фармулёўкай “за акадэмічную непасьпяховасьць” адлічылі каля дзясятка актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, сярод якіх Кася Салаўёва, Франак Вячорка, Іван Шыла ды іншыя.

Ад 2006 году ў замежных унівэрсытэтах займаюцца больш за паўтысячы студэнтаў, адлічаных зь беларускіх навучальных устаноў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international