У Беластоцкім універсітэце зьнікне кафедра беларускай культуры
22.06.2008.
Тэгі: культура, беларуская мова.
Крыніца: Радыё "Рацыя".
Кафедра беларускай культуры існуе ў Беластоцкім універсітэце ад 1997 года. На мінулым тыдні яе кіраўнік, прафесар Яўген Мірановіч, абвясьціў супрацоўнікам, што яна будзе расфармавана.
Прафесар Мірановіч тлумачыць, што рашэньне выклікана тым, што ад некалькіх гадоў кафедра не займалася работай, звязанай з беларускімі пытаннямі: “Ад кафедры засталася толькі шыльда. Калі напачатку ва ўніверсітэце было шмат гадзін выкладаньня прадметаў, зьвязаных з беларускай этнаграфіяй, гісторыяй, то на працягу апошніх пяці год супрацоўнікі больш не выкладаюць ніводнага такога прадмета. Выкладаюць гісторыю Польшчы, Англіі, Расіі – але гэта ніяк не зьвязана з Беларуссю. Да Беларусі няма цікавасці. Так, у мінулым годзе не было ахвотных вывучаць беларускую філалогію, таму не было набору, і цяпер мы не маем першага курса”.
На кафедры працавала пяць чалавек. Большасьць зь іх паставілася да закрыцьця кафедры негатыўна і не згаджаецца з прафесарам Мірановічам. Асістэнтка кафедры Гражына Харытанюк сказала “Нашай ніве”: “Кожны з супрацоўнікаў кафедры займаецца распрацоўкай тэмаў, звязаных з Беларуссю. Вядомыя працы гісторыкаў, якія працуюць на нашай кафедры, напрыклад, Алены Глагоўскай. Ірэна Матус, якая выкладае ва ўніверсітэце курс гісторыі Расіі, займаецца таксама беларускай этнаграфіяй. Я сама працую на кафедры з 1998 года. Тэма маёй дысертацыі – “Абрад “Дзяды” ў Беларусі”. Усе мае палявыя даследаванні праходзяць менавіта ў Беларусі, а таксама на Беласточчыне. Акрамя гэтага, я вяду курс ведаў пра сучасную Беларусь. Нельга сказаць, што ад кафедры была толькі шыльда. Кожны з нас працягне сваю працу. Але важна, каб кафедра захавалася як адміністрацыйная адзінка, як цэнтр беларусістыкі на Беласточчыне”.
Прыкрасць адчувае і спадарыня Эльжбета Смулкова, былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, арганізатарка кафедры ў Беластоцкім універсітэце і яе першая кіраўніца. “Я памятаю пачатак, энтузіязм, — кажа яна. — Я спадзявалася, што прафесар Мірановіч зможа гэта захаваць”.
Пэўная цікавасьць да беларусістыкі ў Польшчы існуе. Праходзяць навуковыя канферэнцыі, працуюць беларускія ініцыятывы. Трэба адзначыць, што аналагічная руская кафедра ў Беластоцкім ўніверсітэце захаваецца. Беларускую ж заменіць, магчыма, кафедра міжнародных адносінаў.
Навіны па тэме
19.08.2008 “Дзень Волі”: беларуская прэм’ера 26 жніўня
19.08.2008 «Свабодны тэатр» абшукалі на мяжы: прозвішчы акцёраў занеслі ў «чорны спіс»
15.08.2008 Штраф за «незразумелую мову»
12.08.2008 Фэст “Рок па вакацыях” адраджаецца
12.08.2008 Аштрафаваны прадпрымальнік Алесь Таўстыка
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма










