У Беластоцкім універсітэце зьнікне кафедра беларускай культуры

2008 2008-06-22T09:53:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кафедра беларускай культуры існуе ў Беластоцкім універсітэце ад 1997 года. На мінулым тыдні яе кіраўнік, прафесар Яўген Мірановіч, абвясьціў супрацоўнікам, што яна будзе расфармавана.

Прафесар Мірановіч тлумачыць, што рашэньне выклікана тым, што ад некалькіх гадоў кафедра не займалася работай, звязанай з беларускімі пытаннямі: “Ад кафедры засталася толькі шыльда. Калі напачатку ва ўніверсітэце было шмат гадзін выкладаньня прадметаў, зьвязаных з беларускай этнаграфіяй, гісторыяй, то на працягу апошніх пяці год супрацоўнікі больш не выкладаюць ніводнага такога прадмета. Выкладаюць гісторыю Польшчы, Англіі, Расіі – але гэта ніяк не зьвязана з Беларуссю. Да Беларусі няма цікавасці. Так, у мінулым годзе не было ахвотных вывучаць беларускую філалогію, таму не было набору, і цяпер мы не маем першага курса”.

На кафедры працавала пяць чалавек. Большасьць зь іх паставілася да закрыцьця кафедры негатыўна і не згаджаецца з прафесарам Мірановічам. Асістэнтка кафедры Гражына Харытанюк сказала “Нашай ніве”: “Кожны з супрацоўнікаў кафедры займаецца распрацоўкай тэмаў, звязаных з Беларуссю. Вядомыя працы гісторыкаў, якія працуюць на нашай кафедры, напрыклад, Алены Глагоўскай. Ірэна Матус, якая выкладае ва ўніверсітэце курс гісторыі Расіі, займаецца таксама беларускай этнаграфіяй. Я сама працую на кафедры з 1998 года. Тэма маёй дысертацыі – “Абрад “Дзяды” ў Беларусі”. Усе мае палявыя даследаванні праходзяць менавіта ў Беларусі, а таксама на Беласточчыне. Акрамя гэтага, я вяду курс ведаў пра сучасную Беларусь. Нельга сказаць, што ад кафедры была толькі шыльда. Кожны з нас працягне сваю працу. Але важна, каб кафедра захавалася як адміністрацыйная адзінка, як цэнтр беларусістыкі на Беласточчыне”.

Прыкрасць адчувае і спадарыня Эльжбета Смулкова, былая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, арганізатарка кафедры ў Беластоцкім універсітэце і яе першая кіраўніца. “Я памятаю пачатак, энтузіязм, — кажа яна. — Я спадзявалася, што прафесар Мірановіч зможа гэта захаваць”.

Пэўная цікавасьць да беларусістыкі ў Польшчы існуе. Праходзяць навуковыя канферэнцыі, працуюць беларускія ініцыятывы. Трэба адзначыць, што аналагічная руская кафедра ў Беластоцкім ўніверсітэце захаваецца. Беларускую ж заменіць, магчыма, кафедра міжнародных адносінаў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international