Выбары ў цішыні

2008 2008-06-10T13:44:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Хто скажа: “Я не веру”?

Гутарка з Валянцінам Стэфановічам – юрыстам і праваабаронцам, які будзе займацца маніторынгам восеньскіх выбараў у Палату прадстаўнікоў.

– Які ў вас досвед назірання?

– У 2001 годзе я ўваходзіў у ініцыятыву “Незалежнае назіранне”, узначальваў юрыдычную службу гэтай ініцыятывы, удзельнічаў у назіранні за мясцовымі выбарамі ў 2003 годзе, браў удзел у місіях па назіранні ў розных краінах свету – у Косаве, у Азербайджане, Сербіі, Кыргызстане, Казахстане, Украіне, Славакіі…

– А як ў нашых умовах можна праводзіць назіранне за выбарамі? Ці гэта наогул магчыма?

– Магчыма назіраць не сам працэс падліку галасоў, а адсочваць выбарчыя этапы і рабіць нейкія высновы, напрыклад, аналізаваць склад камісій, рабіць аналіз практыкі выкарыстання выбарчага заканадаўства. Але, калі казаць непасрэдна пра сам выбарчы ўчастак, то там назіральнік, на жаль, не мае доступу да асноўных выбарчых мерапрыемстваў.

– Напрыклад?

– Датэрміновае галасаванне… У нас фактычна не даюць інфармацыі пра колькасць тых, хто прагаласаваў датэрмінова. Назіральнік не мае доступу да спісаў выбаршчыкаў. Наогул уся неабходная інфармацыя, якую павінны даваць назіральніку – колькасць атрыманых бюлетэняў, колькасць зарэгістраваных выбаршчыкаў – як правіла, застаецца закрытай. І сам падлік галасоў у нас адбываецца такім чынам, што назіральнік яго не бачыць.

– Як? Ён жа прысутнічае на ўчастку…

– Прысутнічае, але на вялікай адлегласці ад стала, дзе адбываецца падлік…

– А гэтая адлегласць неяк абумоўленая ў заканадаўстве?

– Ніяк не абумоўленая, там сказана, што “назіральнік не мусіць перашкаджаць працы камісіі” – вось і ўсё. А яны лічаць, што калі ты знаходзішся блізка, непасрэдна каля стала, калі ідзе падлік галасоў, то гэта – перашкода для працы камісіі. Напісана таксама, што назіральнік не можа знаходзіцца каля сталоў для выдачы бюлетэняў, але, калі ідзе падлік галасоў, бюлетэні ўжо не выдаюцца, а толькі падлічваюцца. У іншых краінах, дзе мы назіралі, можна бачыць працэс падліку галасоў. Да таго ж, там больш дэмакратычная працэдура падліку – ён праводзіцца адным чалавекам уголас – кожны бюлетэнь пры гэтым дэманструецца. Такім чынам, і назіральнік бачыць тое, што ў бюлетэні адлюстравана.

– А ў нас?

– У нас не прапісана, як праводзіцца падлік галасоў. У нас у Выбарчым кодэксе сказана толькі, што падлік галасоў адбываецца асобна – спачатку ўскрываецца скрыня датэрміновага галасавання, пасля скрыня па месцы жыхарства выбаршчыка, а пасля стацыянарная скрыня з участка. І больш нічога не сказана, таму ў нас усё адбываецца так – старшыня камісіі дае стос бюлетэняў кожнаму сябру камісіі, кожны падлічвае свой стос, піша на паперцы тыя лічбы, якія ў яго атрымаліся пры падліку… Аддае старшыню камісіі, той моўчкі заносіць гэтыя лічбы ў пратакол, пратакол вывешваецца.

– Усё адбываецца ў цішыні? Нічога не агучваецца?

– Не агучваецца! Цішком! І пры гэтым кожны сябра камісіі не ведае агульнай колькасці. Гэта самая распаўсюджаная практыка. Што яны ўносяць у пратакол, якія лічбы – ніхто не праверыць. А камісіі фармуюцца па прынцыпу падкантрольнасці ўладам, як правіла, з сяброў аднаго працоўнага калектыву, а старшыня – іх начальнік. Хто ў такіх умовах праверыць? Хто скажа: “Я не веру”?

Паліна Качаткова

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international