Ці падтрымліваеце вы ідэю байкоту парламенцкіх выбараў увосені 2008 году?

2008 2008-05-23T13:11:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Станіслаў Шушкевіч, лідэр Сацыял-дэмакратычнай Грамады:
“ГЭТА АДЗІНА ПРАВІЛЬНАЯ ІДЭЯ”
Мне на сённяшні дзень здаецца, што гэта адзіна правільная ідэя. Але я не ў праве вырашаць гэтае пытанне сам па сабе. Мы збярэм у бліжэйшы час цэнтральную раду. Улічваючы тое, што спадарыня Ярмошына дрэнна адрэагавала на наш ліст да яе наконт таго, каб зрабіць падлік галасоў адкрытым і прыстойным, відавочна, што байкот застаецца адзіным выйсцем з палітычнай сітуацыі на гэты момант. Але ўсё вырашыць наша цэнтральная рада.

Валянцін, праграміст:
“БАЙКОТ – КОНТРПРАДУКТЫЎНАЯ ІДЭЯ”
Калі б нейкія партыі, якія маглі рэальна сабраць пад трыццаць працэнтаў галасоў, байкатавалі выбары, гэта было б, прынамсі, гучна. Але ў нашым выпадку важней зафіксаваць парушэнні закону з боку ўладаў, чым быць выбранымі ў палату. Таму байкот – абсалютна контрпрадуктыўная дзея.

Раман Якаўлеўскі, журналіст:
“Я АСАБІСТА БАЙКАТУЮ ВЫБАРЫ”
А я ўсе апошнія выбары байкатую асабіста. Таму што існуючы ў Беларусі выбарчы кодэкс не забяспечвае вольнага волевыяўлення выбарца. Я не бачу ніякага сэнсу гуляць у гэтыя гульні. Гэта дыскусія на тэму, колькі павінна быць квадратных метраў у клетцы. Таму я асабіста байкатую заўсёды. І таму стаўлюся да байкоту станоўча.

Яўген, бізнесмен:
“НЕ ТРЭБА БЫЦЬ БЛАЗНАМІ”
Я не падтрымліваю гэтыя гульні. Але той, хто хоча, каб тут была дэмакратыя, павінен рабіць тое, што павінен. Павінны вылучацца кандыдаты, павінна весціся агітацыя, парушэнні павінны рэгістравацца. Не трэба быць блазнамі. Трэба з уладаў рабіць блазнаў. Хай яны парушаюць уласныя законы. А сказаць, што “мы не будзем прымаць удзел у фарсе” – гэта аддаць усё Лукашэнку. Што яму і трэба. Для ягоных будучых разважанняў пра “маргінальную апазіцыю”.

Сяргей Клякін, лідэр ПКБ:
“БАЙКОТ – ГЭТА СЛАБАЯ ПАЗІЦЫЯ”
Не падтрымліваю, бо байкот ва ўмовах Беларусі – гэта проста глупства. І тыя, хто яго прапануюць, проста не разумеюць палітычную сітуацыю. Хай не ўдзельнічаюць “у фарсе”. Лягчэй легчы на канапу і піць піва. З гэтага вынікае іншае пытанне. А навошта наогул весці палітычную барацьбу з рэжымам, калі ўсё відавочна? Рэжым моцны, ён кантралюе ўсё наогул. Навошта займацца палітычнай дзейнасцю. Трэба легчы на канапу і чакаць смерці ці сваёй ці гэтага рэжыму. Байкот – гэта вельмі слабая пазіцыя. Яна магчымая тады, калі, наадварот, ёсць нейкія дэмакратычныя ўмовы. Тады можна зрабіць нешта для таго, каб людзі не прыйшлі на выбары. А для гэтага патрэбна, каб людзі ведалі, чаму яны не павінны ісці. А для гэтага трэба мець у руках моцныя сродкі масавай інфармацыі. Нашага грамадзяніна хутчэй можна ўгаварыць пайсці на выбары, чым байкатаваць выбары. Гэта вельмі доўгая праца, і байкот вельмі рэдка дзе ўжываецца ў свеце. І з дапамогай байкоту ніхто яшчэ не прыходзіў да ўлады.

Сяргей, бухгалтар:
“ЛЕПШ ПАЧАКАЮ ПРЭЗІДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ”
Я на гэтыя выбары не пайду. Але гэта не байкот. Проста не бачу сэнсу ў гэтым. Альбо яны выкінуць мой бюлетэнь “за апазіцыянера”, калі я пайду. Альбо паставяць птушку “за свайго”, калі я не пайду. Што ад гэтага зменіцца? Я лепш пачакаю прэзідэнцкіх выбараў.

Алесь Анціпенка, культуролаг:
“ПЫТАННЕ ЗАДАДЗЕНА НАШАМУ ГРАМАДСТВУ”
Я настолькі глыбока задумаўся над гэтым пытаннем, што не маю адказу. Я спрабую зразумець для сябе, якое рашэнне трэба прыняць. Зразумець не сэрцам ці інтэлектам, але ўсёй сваёй істотай. І сёння я ніяк не магу адказаць. Гэтае пытанне зададзена нашаму грамадству. Грамадства на яго ніяк не рэагуе. А некаторыя задумаліся. У тым ліку і я. Мяне стрымлівае з пэўным адказам адсутнасць рацыянальнага разліку. Я пакуль не магу пралічыць сітуацыю. Я не кіруюся сэрцам. Я не кіруюся інтуіцыяй. Я кіруюся рацыянальным разлікам, які базуецца на сэрцы, на інтуіцыі і на спробе зразумець, што ёсць Беларусь. І пакуль гэта ўсё ў мяне не складаецца ў адказ.

Алена, студэнтка:
“А РАПТАМ МОЙ ГОЛАС НЕШТА ВЫРАШЫЦЬ”?
У мяне гэтыя выбары будуць першыя ў жыцці, калі я змагу прагаласаваць. І што? Вы мне раіце не скарыстацца сваім голасам? Не, я на выбары пайду абавязкова. Хочацца пабыць дарослай. А раптам, мой голас нешта вырашыць?

Алесь Міхалевіч, БНФ:
“БАЙКОТ НЕ ПАДТРЫМЛІВАЮ”
Не, я не падтрымліваю ідэю байкоту выбараў. Я лічу, што вельмі важна, каб усе дэмакратычныя сілы дамовіліся адносна супольнай тактыкі. Паколькі я не бачу верагоднасці, што большасць дамовіцца адносна байкоту, то я яго і не падтрымліваю.

Валянцін Акудовіч, філосаф:
“УДЗЕЛ У ВЫБАРАХ РАЗБУРАЕ СТЭРЭАТЫПЫ ПРА АПАЗІЦЫЮ”
Не падтрымліваю і ніколі не падтрымліваў. Мне добра вядомыя аргументы тых, хто заклікае да байкоту. Перадусім гэта тое, што дэпутаты ў Вярхоўны Савет рэальна ў нашай сітуацыі не абіраюцца, а прызначаюцца ўладамі. Што не маючы шанцаў перамагчы, апазіцыя сваім удзелам толькі легітымізуе ўладу. Гэтыя і мноства іншых аргументаў слушныя. Але толькі прымаючы ўдзел у выбарах, апазіцыя рэальна легітымізуе сябе ў вачах беларускага грамадства. Юрыдычная рэгістрацыя палітычных партый і рухаў – гэта толькі фармальны акт. Вулічныя акцыі – толькі форма супраціву ўладам. А вось выбары – гэта ўжо сапраўднае сведчанне таго, што апазіцыя рэальна выяўляе сябе ў палітычных працэсах краіны. Ёсць яшчэ адзін вельмі істотны аргумент супраць байкоту. Для асноўнай масы насельніцтва Беларусі, як, дарэчы, і для ўсіх структураў улады, апазіцыя бачыцца ворагам і народа, і дзяржавы. І таму кожны легітымны ўдзел апазіцыі ў выбарах проста ці ўскосна калі не разбурае, дык ставіць пад сумнеў гэты стэрэатып. Карацей кажучы, байкатаваць выбары – гэта з уласнае волі мацаваць стэрэатып апазіцыі як ворага беларускага народа.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international