Як прымалі Закон «Аб сродках масавай інфармацыі»

2008 2008-06-18T17:00:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Як паведамляе «Радыё Свабода», уся працэдура прыняцця законапраекта ў першым чытанні заняла крыху больш за паўгадзіны. Траціну гэтага часу прамаўляла першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч. Яна адзначыла, што цяперашні закон аб СМІ дзейнічае з 1995 году. І за гэты час, на яе думку, у законе выявіўся шэраг недахопаў: адсутнічае панятак акрэдытацыі журналістаў, відаў СМІ, не вызначаны парадак фінансавання медыяў, адсутнічае адказнасць заснавальніка за дзейнасць яго СМІ.

У выніку, паводле Лілія Ананіч, у сферы медыяў цяпер існуе «вельмі нізкая прававая культура». Спн. Ананіч таксама падкрэсліла, што пры падрыхтоўцы законапраекта аналізавалася заканадаўства Расіі, Літвы, Украіны, Францыі, Швецыі і іншых краін. Пасля выступу першай намесніцы міністра інфармацыі ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з’явілася магчымасць задаць пытанні Ліліі Ананіч.

Але пытанняў, як паведамляюць сродкі масавай інфармацыі, было няшмат. Найбольшую цікаўнасць у дэпутатаў выклікала пытанне аб абавязковай перарэгістрацыі СМІ. Прыкладам, дэпутат Генадзь Давыдзька засумняваўся ў такой неабходнасці, паведамляе «Радыё Свабода». Але спадарыня Ананіч не пакінула ніякіх спадзяванняў: «Новыя правілы гульні, калі закон пачне дзейнічаць, будуць абавязковымі для ўсіх. І пачнем з чыстага аркушу — перарэгіструемся».

Дэпутата Галіну Мазуркевіч «збянтэжылі тэрміны разгляду законапраекту», паведамляюць «Белорусские новости». «Але ж гэта ўжо традыцыя, нічога не зробіш», — дадала спадарыня Мазуркевіч.

Журналісты чакалі ад заканадаўцаў пытанняў наконт рэгулявання інтэрнет-СМІ, але іх не было. Пачалася працэдура галасавання. У выніку 93 дэпутаты выказаліся за прыняцце законапраекту ў аўтарскай рэдакцыі, 1 — супраць. Нагадаем, што ўсяго дэпутацкі корпус Палаты прадстаўнікоў складаецца з 110 дэпутатаў.

Ужо пасля галасавання ў Авальнай залі старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу Уладзімір Здановіч пракаментаваў «Белорусским новостям», як, на яго думку, адбылося, што адзін дэпутат выказаўся супраць законапраекта: «хтосьці з дэпутатаў мог выпадкова націснуць не на тую кнопку, ці адбыўся збой у праграме».

Паколькі галасаванне было тайным, высветліць, хто з дэпутатаў «памыліўся», немагчыма. Пасля прыняцця ў першым чытанні законапраекта «Аб сродках масавай інфармацыі» Лілія Ананіч адказала на пытанні журналістаў, якія тычыліся Інтэрнету. Па словах чыноўніцы, Міністэрства інфармацыі вывучае вопыт замежных краінаў па рэгуляванню дзейнасці Інтэрнет-СМІ. «Кожная краіна сёння задумваецца і шукае спосабы рэгулявання распаўсюду інфармацыі праз Інтэрнет», — перадаюць словы Ліліі Ананіч «Белорусские новости».

Намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта краіны Наталля Пяткевіч запэўніла журналістаў, што новы закон будзе тычыцца толькі інтэрнет-версій друкаваных і электронных выданняў, паведамляе інфармацыйнае агенцтва БелаПАН. Паводле слоў Наталлі Пяткевіч, рэгуляваннем дзейнасці інтэрнет-СМІ зоймецца Савет міністраў. «Калі паўстане вострая патрэба і Інтэрнет-СМІ стануць праблемай — але не па зместу, а калі іх колькасці стане такой, што з’явіцца неабходнасць іх рэгламентацыі і ўпарадкавання, будуць вызначаныя крытэрыі», — адзначыла Наталля Пяткевіч на пасяджэнні парламенцкай Камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ 16 чэрвеня.

Такім чынам, Міністэрства інфармацыі так і не знайшло дзейсных механізмаў рэгулявання сеціва, але іх пошук працягваецца. Наступныя пленарныя пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў запланаваныя на 24 і 28 чэрвеня. Калі да 28 чэрвеня законапраект не паступіць на разгляд дэпутатаў, наступным разам гэта можна будзе зрабіць толькі пасля 2 кастрычніка. І рабіць гэта будзе ўжо іншы склад Палаты.

Пасля Палаты прадстаўнікоў законапраект павінен быць ухвалены Саветам Рэспублікі, а потым яго павінен падпісаць кіраўнік дзяржавы. Новы закон пачне дзейнічаць праз 6 месяцаў пасля яго публікацыі ў друку.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international