«Дэпутаты» прынялі ў першым чытанні праект Закона аб СМІ

2008 2008-06-17T15:26:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праект Закона аб СМІ прадугледжвае рэгістрацыю Інтэрнэт-рэсурсаў, прычым дзейнасць беларускага Інтэрнэту будзе рэгулявацца не законамі, а пастановамі Савета міністраў. На дадзены момант у Беларусі практычна не засталося незалежных друкаваных выданняў. Радыё і тэлебачанне падкантрольныя ўладам. Адзінай магчымасцю атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю заставаўся Інтэрнэт. За прагаласавалі 93 "дэпутата", супраць – толькі 1.

«Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі, што распаўсюджваюцца праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт, а таксама парадак распаўсюджвання такіх сродкаў масавай інфармацыі аднесены ў адпаведнасці з праектам закона, да кампетэнцыі Савета міністраў», - заявіла, выступаючы сёння ў «парламенце», першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.

Законапраект рыхтаваўся на працягу 5 гадоў з падачы Адміністрацыі прэзідэнта ў закрытым рэжыме. Ён паступіў у беларускую «палатку» толькі 10 чэрвеня і ўжо на наступны дзень была прызначаная дата разгляду – 17 чэрвеня.

Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала тэкст законапраекта толькі напярэдадні яго разгляду. У пятніцу юрысты БАЖ, прааналізаваўшы праект закона аб СМІ, прыйшлі да высновы, што ў выпадку прыняцця законапраекта ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, што паставіць іх на мяжу выжывання, а фактычна прывядзе да знішчэння незалежных СМІ у краіне.

Найбольшую турботу выклікае тое, што ўлады змогуць блакаваць усе Інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі. Прычым, дзейнасць Інтэрнэт-рэсурсаў будзе рэгулявацца не законамі, а пастановамі Савета міністраў.

Паводле праекту Закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцый, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні выданням зможа не толькі Міністэрства інфармацыі, але і любы суддзя, пракурор або чыноўнік любога райцэнтра.

Тым не менш, падчас абмеркавання праекту закона "парламентарыі" не выказвалі якіх-небудзь нараканняў у адрас законапраекта. "Закон важны, патрэбны і сучасны", - заявіў "дэпутат" Валер Лектараў. Ён паведаміў, што "сёння кожнаму "дэпутату" прыйшлі лісты ад Беларускай асацыяцыі журналістаў з прэтэнзіямі адносна дадзенага праекту закона".

У гэтй сувязі "дэпутат" Анатоль Красуцкі адзначыў, што "шэраг гэтых заўвагаў не адпавядае рэчаіснасці і таму, што напісана ў праекце закона".

Раней аб неабходнасці ўзмацнення жорсткасці заканадаўства аб СМІ неаднаразова выказваліся беларускія службоўцы высокага рангу. У прыватнасці, намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч заяўляла, што сёння ў Беларусі існуе праблема «дэзінфармацыйных плыняў замежных сайтаў, але ёсць досвед Кітая, які перакрыў доступ такіх сайтаў на сваю тэрыторыю».

Дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта Алег Праляскоўскі настойвае на «узмацненні адказнасці за інфармацыю ў інтэрнэце» і прапаноўвае ўскласці адказнасць за распаўсюджванне інфармацыі ў Інтэрнэце не толькі на адміністратара сайта, але і на ўладальніка Інтэрнэт-рэсурсу і правайдэра.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international