Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна”:“Беларускія ўлады выкарыстоўваюць усё больш жорсткія, бязлітасныя і правакацыйныя метады барацьбы са сваімі апанентамі”

2005 2005-03-25T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончы цэнтр “Вясна” надзвычай занепакоены ўзмацненьнем рэпрэсій супраць прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі, якія адбываюцца ў краіне на працягу апошніх месяцаў. Па надуманых, справакаваных уладамі падставах за кратамі знаходзяцца вядомыя ў краіне грамадзкія, палітычныя дзеячы і актывісты.

Па сфабрыкаваных абвінавачаньнях заведзеная крымінальная справа супраць аднаго з лідэраў прадпрыймальнікаў Анатоля Шумчанкі, а сам ён зьняволены да суда.

Узбуджаныя крымінальныя справы супраць Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча за ўдзел у акцыі пратэсту супраць сфальсіфікаваных вынікаў рэферэндуму ў кастрычніку 2004 г.

Па надуманых, неправавых падставах арыштаваныя каардынатар Грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” Зьміцер Бандарэнка, актывісты моладзевых рухаў “Зубр” і “Малады Фронт” Мікіта Сасім, Максім Вінярскі, Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч. Кожны дзень праходзяць затрыманьні і арышты ўдзельнікаў мірных сходаў і іншых масавых мерапрыемстваў. Узмацніўся ціск КДБ на актывістаў дэмактарычных моладзевых рухаў.

Дагэтуль не прынята мераў па аказаньні неабходнай медыцынскай дапамогі палітычнаму вязьню Міхаілу Марынычу. Непрадастаўленьне М. Марынічу адміністрацыяй калоніі ў г. Орша неабходных медыкаментаў Правабарончы цэнтр “Вясна” расцэньвае як катаваньне і бесчалавечнае абыходжаньне. Сваімі дзеяньнямі ў адносінах да М.Марыніча ўлады Беларусі парушаюць абавязацельствы Рэспублікі Беларусь згодна ратыфікаванай нашай дзяржавай Канвенцыі ААН “Супраць катаваньняў і іншых жорсткіх бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня”.

Знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі асуджаныя за абразу прэзідэнта лідэры прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі і Аляксандр Васільеў.

Утрымліваецца ў няволі асуджаны за сваю грамадзкую пазіцыю па праблемах Чарнобыля прафесар Юры Бандажэўскі, якому адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні, нягледзячы на цяжкі стан здароўя зьняволенага.

Адзначаючы сурьёзнае ўзрастаньне палітычных рэпрэсіяў у Беларусі, Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвяртаецца да беларускай грамадзкасьці, міжнароднай супольнасьці з заклікам праявіць салідарнасьць з перасьледуемымі па палітычных матывах у Беларусі, запатрабаваць ад беларускага рэжыму тэрміновага спыненьня рэпрэсій і вызваленьня ўсіх незаконна асуджаных па палітычных матывах зьняволеных.

Правабарончы цэнтр “Вясна” лічыць неабходным прыняцьце 61 сесіяй Камісіі па правах чалавека ААН адмысловай рэзалюцыі па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а таксама працягненьне мандату спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” таксама зьвяртаецца да міжнародных праваабарончых арганізацый з просьбай аказаць садзейнічаньне ў прыняцьці дадзенай рэзалюцыі Камітэту ААН і ўжыць іншыя магчымыя меры па аказаньні ціску на рэжым А. Лукашэнкі, скіраваныя на паляпшэньне сітуацыі з захаваньнем правоў чалавека ў Беларусі.

Рада Праваабарончага цэнтру “Вясна” 25 сакавіка 2005 г.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international