“Суд падпарадкоўваецца ўладзе, залежыць ад яе”

2008 2008-06-13T16:53:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Леанід Аўтухоў, апазыцыянэр з райцэнтру Гарадок ня здолеў з дапамогаю суду аднавіцца на працы. Ён хацеў аспрэчыць звальненьне па сканчэньні кантракту, аднак на ягоны бок ня сталі ні судзьдзя, ні пракурор, ні афіцыйны прафсаюз.

На працягу двух дзён судовага працэсу, які распачаўся 3 чэрвеня, а скончыўся сёньня, Леанід Аўтухоў, старшыня раённай суполкі Партыі БНФ, спрабаваў давесьці, што працэдура ягонага звальненьня адбывалася з парушэньнямі працоўнага заканадаўства.

Ён быў звольнены з пасады апэратара ачышчальных збудаваньняў сёлета 4 красавіка. Але пра тое, што кантракт ня будзе працягнуты, яму паведамілі менш як за месяц. Да таго ж, як высьветлілася, ён адпрацаваў частку працоўнай зьмены ўжо пасьля таго, як быў звольнены, а гэта аўтаматычна абазначае працягненьне кантракту.

Прысутная на судзе намесьніца старшыні абласной федэрацыі прафсаюзаў мясцовай прамысловасьці і ЖКГ Ірына Сямёнава заявіла, што заканадаўчыя нормы, да якіх апеляваў Аўтухоў, маюць для наймальніка хіба толькі рэкамендацыйны характар.

Пракурор Натальля Лятас таксама пацьвердзіла, што ня бачыць парушэньняў, і старшыня райсуду Аляксандар Ляшкевіч не задаволіў патрабаваньні Леаніда Аўтухова наконт аднаўленьня на працы, выплаты сярэдняга заробку падчас вымушанага беспрацоўя і кампенсацыі маральнае шкоды.

Ні падчас звальненьня, ні ў судзе гарадоцкі актывіст так і не даведаўся прычынаў, паводле якіх зь ім не працягнулі кантракт, хаця наймальнік паводле заканадаўства мусіць гэта тлумачыць. Адзінай прычынай Леанід Аўтухоў лічыць сваю грамадзкую актыўнасьць. Ён цьвердзіць, што на ягоным звальненьні настоялі мясцовыя ўлады.

"Адбываўся вялікі ціск на аддзел ЖКГ, і суд таксама падпарадкоўваецца мясцовай уладзе, залежыць ад яе", - кажа Леанід Аўтухоў.

Гарадоцкі актывіст зьбіраецца аспрэчыць пастанову райсуду ў вышэйшай судовай інстануцыі. А пакуль адзіным станоўчым вынікам ён лічыць хіба тое, што ці не ўпершыню на Віцебшчыне судовы разбор праходзіў на беларускай мове: і старшыня суду Аляксандар Ляшкевіч, і пракурор Натальля Лятас размаўлялі на працэсе па-беларуску.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international