Вінцук Вячорка: «Гэтым разам я паспрабую абхiтрыць уладу»

2008 2008-06-13T15:02:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Уявiць сабе беларускi палiтычны ландшафт без Партыi БНФ немагчыма. Самай старэйшай палiтычнай структуры сёлета споўнiцца 20 гадоў. Свой юбiлей БНФ адзначае пад лозунгам захавання незалежнасцi Беларусi. Восенню кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнiкоў ад Партыi БНФ у чарговы раз паспрабуюць рэалiзаваць сваю галоўную мэту i каштоўнасць — садзейнiчаць свабоднаму развiццю нацыянальнай дзяржавы, умацаванню ў ёй справядлiвага, дэмакратычнага ладу ў рэчышчы агульнаеўрапейскай супольнасцi. Пра чарговы шлях Партыi БНФ у беларускi парламент гутарым з адным з лiдэраў фронту, намеснiкам старшынi БНФ "Адраджэньне" i Партыi БНФ Вiнцуком Вячоркам.

— Спадар Вiнцук, чаму ў чарговы раз вы вырашылi iсцi на выбары?

— Я — адзiн з лiдэраў Партыi БНФ i не маю права прапусцiць нагоду данесцi да людзей праўду. Маю акругу (Паўночная частка Савецкага раёна, "Зялёны Луг") насяляюць амаль 90 тысяч чалавек. Я балатуюся не першы раз, людзi мяне ведаюць i памятаюць, яны хочуць пачуць ад мяне i маёй каманды ацэнку таго, што адбываецца ў краiне цяпер. Бо ў параўнаннi з папярэднiмi выбарамi шмат чаго памянялася на горшае, узрасла людская трывога. Лепшай магчымасцi адказаць людзям на iх пытаннi не будзе.

— Якiя новыя метады плануеце выкарыстоўваць падчас кампанii?

— Не магу сказаць, што мы пачнём выдумляць ровар. Хутчэй у нас зменiцца настрой. Мы не будзем зважаць на штучныя абмежаваннi i Цэнтральнай выбарчай камiсii, i мясцовых улад. Я не буду баяцца зняцця, я не буду выпрошваць магчымасцi сустрэцца з выбаршчыкамi падчас выбарчай кампанii, таму што гэта — абсурд. Я буду выкарыстоўваць усе магчымыя спосабы камунiкацыi. Па-першае, сам хадзiць па хатах, па-другое, я запiшу вiдэазварот на той выпадак, калi яго дазволяць трансляваць па тэлебачаннi. Канешне, мы плануем выдаць i распаўсюдзiць шмат спецыяльнай друкаванай прадукцыi, тым больш на гэта мы будзем мець афiцыйныя выбарчыя грошы. Але ёсць i адна новая рэч. Гэтым разам я паспрабую абхiтрыць уладу i даць загадзя свой выступ у раённы бюлетэнь. Адмiнiстрацыi кожнага раёна да нейкiх знакавых падзей накшталт выбараў выпускаюць веснiкi раёнаў, дзе дружна друкуюцца ўсе афiцыйныя кандыдаты, а нам звычайна кажуць: маўляў, ужо ўсё звярстана i няма магчымасцi надрукаваць ваш тэкст. Заклiкаю ўсiх дэмакратычных кандыдатаў зрабiць тое самае. Гэта варта зрабiць, бо гэтыя бюлетэнi друкуюцца на каляровай паперы, вялiкiм тыражом i масава распаўсюджваюцца сiламi паштальёнаў, а таксама бясплатна раздаюцца па буйных крамах, аптэках, арганiзацыях.

— Цi маеце надзею ў гэты раз нарэшце трапiць у парламент? Цi лiчыце, што гэта ад вас не залежыць?

— Гэта залежыць ад усiх нас, у тым лiку i ад мяне. У аднаго асабiста ўзятага кандыдата асабiста праскочыць у парламент не атрымаецца. Калi краiна стане нармальнай, тады ў нас будзе нармальны парламент. Толькi агульная змена атмасферы, калi ўвесь народ будзе патрабаваць змен, калi не будуць пакорлiва хадзiць на папярэднiя галасаваннi, калi сябры шараговых камiсiй не будуць маўчаць, як пакорлiвыя авечкi, калi на iхнiх вачах будуць рабiцца фальсiфiкацыi — толькi тады ў нас будзе рэальны парламент.

— Як ставiцеся да iдэi байкоту выбараў?

— Я стаўлюся да байкоту выбараў адмоўна. Як правiла, байкатаваць прапануюць тыя, у каго за плячыма няма рэальных структур. Байкот — гэта такая стрэльба, якая, фiгуральна кажучы, страляе толькi раз. Мы гэтым iнструментам ужо карысталiся ў 2000 годзе, i з таго часу сiтуацыя моцна памянялася. Тады мы аб'явiлi байкот, каб нашым удзелам не ўзаконiць гэты псеўдапарламент у вачах еўрасупольнасцi. Ён не быў узаконены, i дагэтуль яго не прызнаюць законным паўнавартасным прадстаўнiцтвам беларускага народа дэмакратычныя краiны i мiжнародныя арганiзацыi. Такога матыву для байкоту сёлетнiх выбараў няма.

— Што з'яўляецца стрыжнем паслання Партыi БНФ?

— Як палiтычная сiла Партыя БНФ карыстаецца найбольшай вядомасцю ў нашай краiне. БНФ ведаюць практычна ўсе, iншая рэч — як ведаюць. Памятаюць, што гэта нейкiя нацыяналiсты, што выступаюць за нацыянальныя iнтарэсы. Вельмi добра. Сёння, калi гаварыць пра незалежнасць пачала нават улада, якая якраз зрабiла шмат чаго супраць нацыянальных iнтарэсаў, то i мы будзем нагадваць, што гэтыя вартасцi адстойваў менавiта БНФ. Адстойваць беларускiя iнтарэсы, нашу незалежнасць, наш еўрапейскi еўраатлантычны выбар, нашы нацыянальна-культурныя каштоўнасцi, гiстарычную памяць i мову, нашы маральныя хрысцiянскiя вартасцi, нашу эканамiчную незалежнасць, спынiць тую хвалю бескантрольнай карупцыйнай прыватызацыi беларускай маёмасцi, якая адбываецца зараз расiйскiмі алiгархамi. БНФ незалежна ад кан'юнктуры заўсёды быў абаронцам беларускiх нацыянальных iнтарэсаў. Вось гэта i ёсць наша пасланне.

— А як яно стасуецца з пасланнем АДС?

— Абсалютна лагiчна, бо ключавыя словы паслання АДС — гэта КАНТРОЛЬ НАД УЛАДАЙ. Бескантрольная ўлада здасць незалежнасць.

— Цi запланаваны нейкiя культурнiцкiя акцыi ў падтрымку кандыдатаў ад БНФ?

— Нацыянальная культура — не спосаб забавы цi прываблiвання народу. Незалежна ад выбарчай кампанii ў Мiнску i iншых гарадах будуць адбывацца розныя вулiчныя падзеi i iмпрэзы, канцэрты, праводзiцца мастацкiя пленэры, акцыi супраць продажу культурных архiтэктурных каштоўнасцяў. Дарэчы, у кастрычнiку БНФ адзначае 20-годдзе сваё дзейнасцi. Спецыяльныя выпускi "Навiнаў БНФ", прысвечаныя найбольш балючым праблемам, флаеры, лiстоўкi — усё гэта будзе складаць адно цэлае з нашай перадвыбарнай канцэпцыяй.

Бiяграфiчная даведка

Вiнцук Вячорка нарадзiўся 7 лiпеня 1961 года ў Брэсце, скончыў Беларускi дзяржаўны унiверсiтэт (фiлалагiчны факультэт), настаўнiк беларускай мовы i лiтаратуры (1983), аспiрантуру Iнстытута мовазнаўства Акадэмii навук БССР (1986).

З 1979 года актыўна ўдзельнiчае ў нацыянальна-дэмакратычным руху Беларусi, адзiн са стваральнiкаў i кiраўнiкоў маладзёжных гуртоў i арганiзацый "Майстроўня" (1979—1984), "Талака" (1986—1989), Канфедэрацыi беларускiх маладзёжных аб'яднанняў (1988—1989).

Балатаваўся ў Вярхоўны Савет 12-га i 13-га склiканняў.

Стваральнiк i кiраўнiк няўрадавай грамадскай арганiзацыi асветнiцкага накiрунку — Цэнтра "Супольнасць" (з 1995). Старшыня рабочай групы Асамблеi няўрадавых арганiзацый Беларусi (1999—2000).

Адзiн з заснавальнiкаў Беларускага Народнага Фронту, сябра Сойма. Старшыня БНФ "Адраджэньне" i Партыi БНФ (1999—2007).

Падчас кампанii па выбарах прэзiдэнта Беларусi ў 2006 годзе быў даверанай асобай кандыдата ў прэзiдэнты ад дэмакратычных сiл Аляксандра Мiлiнкевiча.

Неаднаразова падвяргаўся арыштам i штрафам за ўдзел у масавых грамадзянскiх акцыях.

З мая 2007 года — сустаршыня Палiтсавета аб'яднаных дэмакратычных сiл, адказвае за iнфармацыйна-мабiлiзацыйную работу i мiжнародныя адносiны.

Валодае некалькiмi еўрапейскiмi мовамi, мае траiх дзяцей, паслядоўны прыхiльнiк беларускай нацыянальна-дэмакратычнай iдэi.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international