Праваабаронцы пачынаюць маніторынг выбараў

2008 2008-06-12T17:15:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 чэрвеня ў офісе РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” адбылася прэс-канферэнцыя праваабаронцаў у сувязі з пачаткам маніторынга маючых адбыцца выбараў (нагадаем, па папярэдняй інфармацыі Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў, чарговыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбудуцца 28 верасня 2008 года).

На пытаньні журналістаў адказвалі старшыня РПГА “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” Алег Гулак і праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека Алесь Бяляцкі.

У сваім выступленьні Алег Гулак адзначыў:

- Перш за ўсё, я хацеў бы зазначыць, што такая важная палітычная падзея ў краіне, як чарговыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, не можа абыйсьціся без увагі праваабаронцаў. З той прычыны, што ў краіне амаль не засталося зарэгістраваных рэспубліканскіх праваабарончых арганізацый, “Беларускі Хельсінкскі Камітэт” ініцыюе маніторынг маючых адбыцца выбараў. Разам з тым, мы адкрыты для для супрацоўніцтва з усімі структурамі й асобамі, якія зацікаўлены ў дэмакратызацыі беларускага грамадства. Наша праца будзе мець абсалютна легальны характар, бо назіраньне за ходам выбараў не забаронена ні статутам БХК, ні беларускім заканадаўствам.

Пра тое, што беларускія праваабаронцы зробяць гэта цалкам прафесійна і незалежна, сьведчыць наш вялікі вопыт назіраньня за мясцовымі й прэзідэнцкімі выбарамі. Для нашай працы важна не толькі зрабіць маніторынг выбараў 2008 года, але і прааналізаваць дынаміку выбарчага працэсу ў краіне ў параўнаньні з мінулымі выбарамі. Праводзячы гэта аналіз, мы паспрабуем ацаніць, ці зроблены нейкія крокі ў напрамку паляпшэньня сітуацыі.

Пры правядзеньні маніторынгу выбараў мы робім акцэнт на доўгатэрміновую працу назіральнікаў. Праца назіральнікаў (сярод якіх будуць сябры БХК й іньшыя асобы) будзе аналізавацца па этапах, па заканчэньні якіх мы будзем рабіць прамежкавыя справаздачы, паэтапна даводзячы нашыя меркаванні да грамадзкасці. Па выніках маніторынгу будзе падрыхтаваны выніковы даклад.

Падчас працы мы будзем кантактаваць са штабамі розных кандыдатаў у дэпутаты (як апазіцыйных, так і тых, хто не заяўляе аб сваёй апазіцыйнасьці). Таксама мы маем намер цесна супрацоўнічаць з журналістамі. Увогуле, мы адкрыты для абмеркаваньня выбараў з усімі ўдзельнікамі выбарчага працэсу.

Нагадаю, што наш маніторынг - абсалютна незалежны. Мы не ставім перад сабой мэты забясьпечыць падтрымку кандыдатаў асобных палітычных сілаў. Не плануем мы і абвяшчаць вынікі выбараў.

Выступленьне працягнуў Алесь Бяляцкі, які дадаў:

- Падчас маніторынгу выбараў мы будзем абапірацца на беларускае заканадаўства і міжнародныя стандарты выбараў, замацаваныя ў міжнародных дакументах, ратыфікаваных РБ. Толькі ўчора мы сустрэліся з ацэначнай групай БДІПЧ АБСЕ. Трэба адзначыць пэўную расчараванасьць АБСЕ ў арганізацыі выбарчага працэсу ў нашай краіне. Справа ў тым, што прапановы па ўдасканаленьню выбарчага працэсу, зробленыя місіяй падчас выбараў 2006 года, былі поўнасьцю праігнараваны Цэнтрвыбаркамам й уладамі краіны. Таму зараз АБСЕ займаецца вызначэньнем фармату назіраньня за выбарамі, вырашае, наколькі шырокім ён будзе. У любым выпадку мы зацікаўлены ў тым, каб міжнародная місія была прадстаўлена на выбарах. Гэта зробіць працэс выбараў у нашай краіне больш зразумелым - як для міжнароднай супольнасьці, так і для беларускага грамадства.

Галоўнае ж адрозненьне маніторынгу выбараў ў гэтым годзе будзе заключацца ў тым, што мы не плануем праводзіць масавага назіраньня непасрэдна ў дзень выбараў. Мы адмовіліся ад гэтага таму, што да дня самога галасаваньня выбары ўжо зроблены. Усе грунтоўныя вывады можна зрабіць падчас назіраньня за ўсімі папярэднімі этапамі выбараў.

Хацелася б адзначыць, што існуючае беларускае заканадаўства дазваляе праводзіць дастаткова свабодныя выбары. Праблема - у практыцы яго прымяненьня. Таму пры наяўнасці палітычнай волі выбары могуць быць свабоднымі й справядлівымі.

Асноўныя пытаньні журналістаў да праваабаронцаў:

- Якія тыповыя праблемы ўзьнікаюць падчас маніторынгу выбараў?

- Усе ўзьнікаючыя цяжкасьці можна падзяліць на дзьве групы. Першая група праблемаў зьвязана з закрытасьцю выбарчага працэсу. Праблема ў тым, што ўдзельнікі маніторынгу цалкам пазбаўленыя магчымасьці свабодна атрымоўваць інфармацыю аб усіх этапах і баках выбараў. Другая група праблемаў зьвязана з запалохваньнем і пераследам удзельнікаў маніторынгу – як прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднаньняў, так і асобных людзей. Ужо зараз, яшчэ напярэдадні выбарчай кампаніі, мы бачым актывізацыю працы спецслужбаў з мэтай ціску на праваабаронцаў. Сьвежы прыклад – зьняты тэлеагенцтвам АТН дакументальны серыял “Сетка”, у якім відавочна негатыўна падаецца праца назіральнікаў. Пры гэтым стваральнікі серыялу не разумеюць простай рэчы – сапраўды дэмакратычныя выбары не могуць адбывацца без удзелу грамадскасьці.

- Колькі людзей плануецца задзейнічаць падчас маніторынгу?

- Усяго ў краіне ствараеца 110 акругаў. Праваабаронцы плануюць “закрыць” каля 100 акругаў - прыкладна па тры назіральнікі на кожную акругу. Гэта значыць, што у нас будзе каля 300 чалавек. Гэтага дастаткова дзеля таго, каб правесьці грунтоўны аналіз выбарчага працэсу. Хочацца адзначыць, што мы не прыцягваем дадатковыя сілы для правядзеньня маніторынгу. Назіраць за ходам выбарчага працэсу будуць людзі, якія звычайна займаліся гэтай працай.

- Якое ў Вас стаўленьне да дзяржаўных СМІ, якія таксама будуць асвятляць ход выбараў?

- СМІ – важная частка выбарчага працэсу. Без свабоды прэсы, без адлюстраваньня аб’ектыўнай інфармацыі аб кандыдатах, іх праграмах, ходзе выбараў немагчыма дэмакратыя. На жаль, сёньня праца дзяржаўных СМІ не забяспечвае магчымасьці правядзеньня свабодных выбараў. Але пры жаданьні дзяржава можа стварыць сістэму, каб СМІ маглі адлюстроўваць рэальны выбарчы працэс.

- На Вашую думку, чаму улады баяцца выбараў?

- Для любой улады выбары – гэта сьпецыфічнае выпрабаваньне. Бо з’яўляецца неабходнасць даць справаздачу за тое, што зроблена. Тое, як беларуская ўлада ставіцца да назіраньня і людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, дазваляе зрабіць толькі адзін вывад – выбарчы працэс на Беларусі далёкі ад свабоднага і справядлівага. Нагадваем, што мы не прыдумваем нічога новага, не патрабуем звыш натуральнага. Мы гаворым пра беларускае заканадаўства і тыя міжнародныя пагадненьні, да якіх далучылася наша краіна.

- Чаго чакаць ад Выбараў-2008? Ці ёсьць шанс, што яны пройдуць справлядліва?

- Мы спадзяёмся, што выбары пройдуць хоць крыху больш набліжанымі да міжнародных стандартаў і беларускага заканадаўства, стануць больш адкрытымі й празрыстымі. Гэтыя рэчы вельмі важныя для штодзеннага жыцьця кожнага чалавека. Не выклікае сумненьня наступны факт: там, дзе праходзяць дэмакратычныя выбары, людзі жывуць багата, а там дзе няма свабодных выбараў, бывае… па-рознаму. У асноўным, дабрабыт насельніцтва прымушае жадаць лепшага. Нам проста хочацца, каб беларускі народ жыў багацей.

- Вы адзначалі магчымасьць аналізу дынамікі дэмакратычнасьці выбараў. Калі засяродзіць увагу на сучасным этапе, ці ёсьць хоць нейкае адрозненье ў правядзеньні выбараў у параўнаньні з папярэднімі гадамі?

- Вельмі хацелася б спадзявацца на лепшае, але цяжка йсьці супраць фактаў. Поўнае ігнараваньне Цэнтральнай выбарчай камісіяй прапановаў місіяў АБСЕ і нават СНД па ўдасканаленьню выбарчага працэсу дазваляе зрабіць выснову, што сітуацыя не зьмянілася. Улада не жадае нават абмяркоўваць пажаданьні міжнародных арганізацыяў і дэмакратычных сілаў, удзельнікаў будучай выбарчай кампаніі.

- Ці існуе агульная канцэпцыя, якой прытрымліваюцца ўдзельнікі маніторынгу?

- Так, нас аб’ядноўвае лозунг “Праваабаронцы – за свабодныя выбары”. Усе мы выступаем за ўдасканаленьне выбарчага працэсу, дэмакратызацыю беларускага грамадства й паляпшэньне ўмоў жыцьця грамадзян нашай краіны.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international