Іван Шыла: Ніхто з маіх настаўнікаў не прагаласаваў за выключэньне

2008 2008-06-12T13:39:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/110608shyla01a.jpg
Маладафронтавец Іван Шыла. Фота Юлі Дарашкевіч

Маладафронтавец Іван Шыла. Фота Юлі Дарашкевіч

Выключаны з школы хлопец з Салігорску шукае працу і спадзяецца вучыцца ў ЭГУ без атэстату.

11 чэрвеня восем юнакоў і дзяўчат зладзілі акцыю салідарнасьці з Іванам Шылам. Маладзёны выйшлі да Міністэрства адукацыі з расьцяжкай «Школа для ўсіх». Так яны прастаялі каля пятнаццаці хвілін, а пасьля перадалі ў ведамства зварот у падтрымку хлопца. Літаральна за паўгадзіны да акцыі Іван Шыла адказаў на пытаньні «Нашай Нівы».

«Наша Ніва»: Іван, справа з тваім адлічэньнем атрымала нейкае разьвіцьцё пасьля таго, як цябе не пусьцілі здаць апошні іспыт?

Іван Шыла: Бліжэйшымі днямі мы падамо скаргу ў суд. Многія настаўнікі прасілі мяне гэтага не рабіць. Яны таксама жывыя, ёсьць нейкія несупадзеньні пры запаўненьні журналаў. Таму ў выпадку праверкі ў іх таксама могуць узьнікнуць дадатковыя праблемы. Фармальнай падставай адлічэньня жа сталі пропускі. Аднак іншага шляху адстойваць свае правы няма. Так, часам замест школы я езьдзіў на суды да сваіх сяброў…

«НН»: Наколькі адлічэньне было для табе чаканым?

ІШ: Нечаканым было тое, што адбылося гэта перад апошнім іспытам. Бо звычайна адлічэньні адбываюцца яшчэ перад экзаменамі. Мне ж пэднарада дала дазвол здаваць. І тут былі скліканыя дзьве нечарговыя пэднарады. На год іх усяго тры, а тут за два дні — дзьве. Напярэдадні ноччу міліцыянты мяне затрымалі з налепкамі «Горад — наш». У школу прыйшоў пратакол затрыманьня. Перад настаўнікамі паставілі простую дылему: ці выганяюць мяне, ці іх. Выкладчыкі спрабавалі мяне бараніць, не ўдалося. Калі звольнілі дырэктарку і яе намесьніцу, яны пайшлі шляхам найменшага супраціву.

«НН»: Адкуль такая ўвага да тваёй пэрсоны?

ІШ: Гэта простае стварэньне пудзіла для ўсіх школьнікаў. Каб бачылі, чым гэта можа скончыцца. Вось не паедзеце вы нават у Польшчу па Праграме Каліноўскага, бо мы вам не аддамо атэстат. Зараз пра мой выпадак будуць расказваць на сходах ня толькі Салігорску: вось да чаго можа дакаціцца моладзь, калі ідзе ў апазыцыю.

«НН»: Як ацэньваеш пазыцыю настаўнікаў?

ІШ: Ёсьць розныя. Адны засталіся сапраўднымі людзьмі да апошняга, іншыя — проста апынуліся закладнікамі такога становішча. Калі чалавеку даводзіцца выбіраць між поўнай лядоўняй і мной, то ён, натуральна, абярэ першае, бо трэба карміць дзяцей. Тым больш у сувязі з рэформай адукацыі скарачаюць школьны пэрсанал. На пэднарадзе прысутнічалі чыноўнікі з гарвыканкаму, і галасавалі пры іх. Хаця з тых настаўнікаў, што выкладалі ў мяне асабіста, ніхто не прагаласаваў за выключэньне! Я ім дзякую. Яны ня проста галасавалі супраць, але і патрабавалі, каб на пэднараду запрасілі мяне асабіста, пыталіся, хто даў загад.

«НН»: Адчуваеш салідарнасьць?

ІШ: Канечне: аднаклясьнікі, іхныя бацькі, нават выпадковыя людзі на вуліцы мне ціснуць руку. Тэлефануюць, пішуць лісты, у «вкантакце.ру» расьпісалі мне ўсю сьцяну словамі салідарнасьці. Гэта прыемна.

«НН»: На выпускны хадзіў?

ІШ: Так, быў. Хаця бацькі, скажам, не пайшлі. Аднаклясьнікам уручалі атэстаты, граматы. Думаў, мяне адзначаць хаця б як добрага футбаліста, але і тут не. Так ні разу і не згадалі падчас афіцыйнай часткі. Ужо пасьля аднаклясьнікі ў мікрафон сталі выказваць мне словы падтрымкі і падзякі.

«НН»: І што цяпер? Што з унівэрсытэтам?

ІШ: Я зьбіраўся і зьбіраюся паступаць на завочнае ў ЭГУ на факультэт паліталёгіі. Спадзяюся, што ніяк не адаб’ецца. А ў вольны час пайду на працу — наймаўся класьці ў горадзе плітку. Дык не ўзялі. Буду шукаць. Хутчэй за ўсё, застануся пакуль у Салігорску.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international