Гарадок: апазыцыянэр судзіцца за аднаўленьне на працы

2008 2008-06-03T15:50:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Леанід Аўтухоў, актывіст з райцэнтру Гарадок Віцебскай вобласьці, спрабуе праз суд аспрэчыць сваё звальненьне. Раённае кіраўніцтва ЖКГ цьвердзіць, што ён звольнены па сканчэньні кантракту, але апазыцыянэр спадзяецца давесьці суду, што пры звальненьні мелі месца парушэньні працоўнага заканадаўства, а таксама перасьлед з палітычных матываў.

Кіраўнік раённай арганізацыі Партыі БНФ, прыхільнік Аляксандра Мілінкевіча, спадар Аўтухоў быў звольнены з пасады апэратара ачышчальных збудаваньняў сёлета 4 красавіка. Зь ім не працягнулі працоўны кантракт, і, як лічыць Леанід Аўтухоў, прычына гэтага — ягоная палітычная і грамадзкая актыўнасьць.

“Звальняць мяне не было прычын: я выконваў свае абавязкі сумленна, дысцыплінавана. Звольнілі мяне з парушэньнямі, звольнілі, я лічу, з палітычных матываў. Я зьяўляюся старшынём суполкі партыі БНФ у Гарадоцкім раёне, і ўлады незадаволеныя тым, што ў нас пачалася больш актыўная дзейнасьць — мы распаўсюджвалі ўлёткі, праводзілі сустрэчы... Ціск быў і на мяне асабіста, і на кіраўніцтва ЖКГ, і таму дырэктар мяне звольніў”, — сказаў на судовым пасяджэньні спадар Аўтухоў.

На думку Леаніда Аўтухова, звольнілі яго з парушэньнямі працоўнага заканадаўства. У прыватнасьці, яму менш як за месяц паведамілі пра тое, што кантракт ня будзе працягнуты, а дакумэнты на звальненьне ён убачыў толькі на наступны дзень пасьля таго, як яны былі зацьверджаныя начальствам.

Актывіст патрабуе, каб яго аднавілі на працы, а таксама сплацілі грошы за пэрыяд вымушанага беспрацоўя і за маральныя страты, якія ён пацярпеў праз гэтае звальненьне.

Ці не ўпершыню на Віцебшчыне судовы разбор у гарадоцкім райсудзе праходзіў на беларускай мове: па-беларуску вёў працэс старшыня суду Аляксандар Ляшковіч. Іншыя ўдзельнікі працэсу — прадстаўнікі прафсаюзу і прадпрыемства ачышчальных збудаваньняў — гаварылі па-расейску, і іхныя словы перакладала запрошаная настаўніца беларускай мовы.

Судзьдзя запатрабаваў, каб на наступнае пасяджэньне юрыст раённай управы ЖКГ Ганна Гурынава падала дадатковыя дакумэнты, і выклікаў яшчэ некалькі сьведак. Суд будзе працягнуты 11 чэрвеня.

Леанід Аўтухоў спадзяецца на перамогу ў судзе. Таксама ён мяркуе давесьці да суду разбор па яшчэ адной сваёй заяве: летась за ўласныя сродкі ён усталяваў мэмарыяльны крыж, прысьвечаны ахвярам сталінізму і змагарам за свабоду. Гэты крыж праз тры дні зьнік, і апазыцыянэр патрабуе ад міліцыі адшукаць і пакараць злодзеяў або тых, хто аддаў адпаведны загад.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international