Аляксей Кароль – лаурэат прэміі імя Найта

2008 2008-06-06T15:50:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Галоўны рэдактар недзяржаўнай газеты “Новы час” Аляксей Кароль стаўся пераможцам Міжнароднага конкурсу журналістаў імя Найта за 2008 год. Гэты конкурс у дзесяты раз ладзіў Міжнародны цэнтр журналістаў (ICFJ).

Імёны лаўрэатаў прэміі Найта былі абвешчаныя падчас 61-га Сусветнага газетнага кангрэсу ў шведскім Гётэборгу. На прэмію Аляксея Караля і ачоленае ім выданне вылучыла Беларуская асацыяцыя журналістаў. Старшыня БАЖ Жанна Літвіна патлумачыла такое рашэнне арганізацыі:

“Гэта тое выданне, у дачыненні да якога здзяйсняліся такія меры ўціску, як судовыя разбіральніцтвы па зыску сенатара Мікалая Чаргінца. І суд быў прайграны, хаця нашы адвакаты, юрысты не зусім пагаджаліся з тымі аргументамі, якія гучалі падчас судовага працэсу. Абсалютна ясна, што тая судовая справа была скіраваная на банкруцтва рэдакцыі і на тое, каб газета спыніла сваё існаванне.

"І наверх яшчэ крымінальная справа, узбуджаная супраць намесніка рэдактара Аляксандра Здвіжкова і зноў такі судовыя разбіральніцтвы, якія праводзіліся ўжо па гэтай справе. Газета годна вытрымала гэтыя выпрабаванні, на сённяшні дзень яна зноў з чытачом, яна не здрадзіла сваёй рэдакцыйнай палітыцы, і таму, на наш погляд, гэта была вельмі дастойная кандыдатура на ўзнагароду”.

Прэмія - гэта не толькі грашовы эквівалент

З нагоды сваёго лаурэацтва Аляксей Кароль сказаў DW-RADIO: “Безумоўна, я ўспрыняў гэтую навіну з задавальненнем, для мяне гэта вялікі гонар. Тым больш, што гэта прэмія прэстыжу, і важны не яе грашовы эквівалент, а важна магчымасць выйсці на больш цесныя кантакты і размову з выбітнымі журналістамі свету. Але лепш, відаць, было б не атрымоўваць гэтую прэмію, а жыць у свабоднай краіне ўжо больш за 15 гадоў і мець нармальныя стасункі свабоднага журналіста свабоднае краіны з журналістамі іншых свабодных дзяржаваў”.

Сёлета адзначаюцца ўжо дзесятыя ўгодкі Міжнароднай прэміі Найта ў галіне журналістыкі. Узнагарода ўручаецца адмысловай журналісцкай праграмай Найта, створанай з мэтаю забеспячэння доўгатэрміновага і значнага прагрэсу ў развіцці журналістыкі ў свеце. Праграма фінансуецца Фондам імя Джона і Джэймса Найтаў. Разам з Аляксеем Каралём прэмію, уручэнне якой адбудзецца ў верасні ў Вашынгтоне, атрымаў журналіст з Уганды Фрэнк Н’якаіру.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international