Эўрапейскім палітыкам зноў нагадаюць пра Казуліна

2008 2008-06-04T13:01:14+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня і заўтра ў Брусэлі дэпутаты Эўрапарлямэнту правядуць дэбаты пра палітычную сытуацыю ў Эўропе. Будзе абмеркаваная і беларуская тэма. З гэтай нагоды ў неафіцыйную сталіцу Эўропы запрасілі і сустаршыняў Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі.

З розных прычынаў ня ўсе, каго хацелі пабачыць у Брусэлі, дабяруцца туды. Прыкладам, там ня будзе выканаўцы абавязкаў старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоля Ляўковіча. Ён гаворыць, што не пасьпеў своечасова аформіць неабходныя для паездкі дакумэнты. Аляксандра Мілінкевіча, якога таксама запрашалі на дэбаты, заменіць Аляксей Кавалец. Ён паляцеў у сталіцу Бэльгіі зь Менску разам з Вінцуком Вячоркам і Сяргеем Калякіным. А Анатоль Лябедзька, якога ўлады не выпускаюць за межы Беларусі, накіраваўся туды праз Маскву.

Учора ўвечары, маё тэлефанаваньне засьпела спадара Лябедзьку ў аэрапорце “Шарамецева-2”:

“Там будуць дыскусіі з удзелам прэзыдэнта Эўрапарлямэнту спадара Пэтэрынга і ягоных намесьнікаў. Гэта будзе двухдзённы абмен думкамі аб сытуацыі ў розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі”.

Анатоль Лябедзька гаворыць, што ў беларускіх палітыкаў на першым пляне ў Брусэлі будзе праблема вызваленьня палітвязьняў. Тут варта нагадаць, што гэтую ж тэму ўздымалі на мінулым тыдні ў тым жа Брусэлі Аляксандар Мілінкеівч і Павал Севярынец. Яны перадалі 50 тысячаў подпісаў беларускіх грамадзянаў у падтрымку свабоды сумленьня ў Беларусі.

Тады спадар Пэтэрынг настойліва заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў, у тым ліку Аляксандра Казуліна. Аднак дагэтуль сытуацыя не зьмяняецца. Дык ці патрэбна тады чарговая акцыя? Анатоль Ляўковіч упэўнены: патрэбна:

“У любым выпадку такія паездкі яшчэ і яшчэ раз нагадваюць, што экс-кандыдат у прэзыдэнты ў турме. У Эўропе пра гэта добра ведаюць. Але як той казаў, стукацца і намаўляць на вуха эўрапейцам патрэбна”.

А вось дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Сьвірыд лічыць, што ў Беларусі ніякіх палітвязьняў няма:

“За хуліганскія і крымінальныя дзеяньні ў нашым заканадаўстве існуе адказнасьць. А вось адказнасьці за палітычныя матывы і дзеяньні якойсьці асобы няма. Тым больш пазбаўленьня свабоды. Ніводнага артыкулу няма! Таму няма ў нас палітычных вязьняў і быць ня можа”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international