Праваабаронцы лічаць скасаваньне крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў прыярытэтнай задачай

2008 2008-06-02T17:24:33+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

29-30 траўня ў Доме правоў чалавека ў Вільні адбылася канфэрэнцыя “193-1: Бягучае становішча і шляхі пераадоленьня наступстваў”. Сустрэча, арганізаваная Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі, была прысьвечаная праблеме крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі праваабарончых і іншых няўрадавых арганізацыяў Беларусі й замежжа, юрысты. 

Як паведамліла прэс-служба Асамблеі НДА, мэтай канфэрэнцыі была выпрацоўка узгодненых падыходаў беларускіх праваабаронцаў ды іншых няўрадавых арганізацыяў што да працы дзеля скасаваньня крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных грамадзкіх аб’яднаньняў, палітычных партыяў, рэлігійных арганізацыяў і фондаў. Удзельнікі дасьледвалі практыку выкарыстаньня артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса, абмяняліся поглядамі, датычнымі магчымых дзеяньняў дзеля скасаваньня гэтага артыкула, абмеркавалі пляны супольных дзеяньняў у дадзеным кірунку. 

Адзначалася, што нэгатыўны ўплыў артыкула 193-1 не вычэрпаваецца наяўнымі крымінальнымі справамі й выкарыстаньнем яго ў якасьці сродка палітычных рэпрэсіяў. Драматычным зьяўляецца фактар застрашэньня: пагроза прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў не дазваляе разьвівацца грамадзянскай супольнасьці і зьяўляецца сродкам ізаляцыі няўрадавых арганізацыяў ад грамадзтва. 

“Менавіта дэкрыміналізацыя дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў праз адмену артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса будзе зьяўляцца галоўным паказьнікам выпраўленьня сытуацыі са свабодай асацыяцыяў у Рэспубліцы Беларусь” – заявіў удзельнік сустрэчы, юрыст Юрый Чавусаў, – “Мы ўсе пагадзіліся, што толькі такі прынцыповы крок можа быць расцэнены як сьведчаньне імкненьня беларускага ўраду да выпраўленьня сытуацыі з правамі чалавека. Без гэтага кроку аніякія іншыя паслабленьні ў сфэры рэгуляваньня грамадзянскай супольнасьці ня будуць зьяўляцца эфэктыўнымі і не наблізяць  Беларусь да нармалізацыі стасункаў дзяржавы й няўрадавых арганізацыяў, чаго вымагаюць 12 умоваў Эўразьвязу”. 

Як адзначаюць арганізатары канфэрэнцыі, яе галоўным вынікам стала агульная згода ў ацэнцы значнасьці праблемы: крымінальная адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў зьяўляецца прыярытэтным пытаньнем у дзейнасьці правабарончых арганізацыяў. Скасаваньне артыкула 193-1 зьяўляецца прынцыповай умовай у справе выпраўленьня становішча з правамі чалавека ў Беларусі. Арганізацыі, прадстаўленыя на мерапрыемстве, пазначылі гэтую задачу ў якасьці прыярытэтнай у сваёй далейшай дзейнасьці і дамовіліся правесьці шэраг кансультацыяў дзеля апрацоўкі прапановаў удзельнікаў канфэрэнцыі ды іх рэалізацыі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international