Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, дзе ўжываецца сьмяротнае пакараньне

2008 2008-06-02T15:18:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У сваім штогадовым рапарце міжнародная арганізацыя Amnesty International асудзіла Беларусь за прымяненьне ў практыцы сьмяротнага пакараньня.

Некалькі месяцаў таму намесьнік старшыні ПАРЭ Андрэа Рыгоні накіраваў ліст беларускім уладам, у якіх заклікаў увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне. У сваім лісьце Андрэа Рыгоні зьвяртае ўвагу на неабходнасьць улічваць меркаваньне насельніцтва ў гэтым пытаньні.

Парадаксальна, але беларускі народ у большасьці выказваецца за захаваньне ў краіне сьмяротнага пакараньня. Адпаведныя дасьледаваньні правёў аналітычны цэнтар ЕсооМ.

27,9% беларусаў выказаліся „за сьмяротнае пакараньне як найвышэйшую меру”, 41,4% хочуць захаваньня такога тыпу пакараньня „толькі ў выключных выпадках”. Супраць выказалася 16,24% апытаных, ня мае свайго меркаваньня – 14,43%.

Паводле дырэктара аналітычнага цэнтру ЕсооМ Сяргея Мусіенкі, па выніках дасьледаваньня бачна, што ёсьць пэўныя зьмены ў падыходзе да сьмяротнай кары.

С. Мусіенка: Зьвяртае ўвагу факт, што колькасьць людзей, якія выступалі за захаваньне сьмяротнага пакараньня падчас рэфэрэндуму, усё ж зьнізілася. Гэта сьведчыць аб тым, што ў грамадзтве ідзе працэс пераасэнсаваньня такога віду пакараньня. Разам з тым вялікі адсотак складаюць тыя, хто ня мае свайго меркаваньня. 14%, на мой погляд, гэта дастаткова шмат і пра многае сьведчыць.

Сяргей Мусіенка падкрэсьлівае, што вынікаў дасьледаваньня не было з чым супаставіць, паколькі гэтай тэмай ніхто не займаўся. Дадзенае пытаньне не абмяркоўваецца ў грамадзтве, няма ніякай дыскусіі, няма аргумэнтаў „за” ці „супраць”. Такім чынам можна сказаць, што пытаньне сьмяротнага пакараньня знаходзіцца на пачатковым этапе абмеркаваньня.

Сяргей Мусіенка кажа, што падчас апытаньня можна было аргумэнтаваць свой адказ. Выявіліся дзьве галоўныя тэндэнцыі, чаму людзі падтрымліваюць сьмяротнае пакараньне.

С. Мусіенка: Умоўна кажучы, гэта звычайная асьцярожнасьць. Цяпер у дзяржаве ў сэнсе бясьпекі сытуацыя выглядае даволі спакойна. Насельніцтва задаволенае параўнальна нізкім паказальнікам злачыннасьці. Таму ёсьць боязь – мы адменім сьмяротнае пакараньне й стане горш. А другі аспэкт – усе разумеюць, што гэта выключная мера, вельмі суровая, таму большасьць хоча яе захаваньня, але без прымяненьня ў практыцы. Хай сьмяротнае пакараньне будзе як пагроза для злачынцаў, але прымяняць яго трэба як мага менш. Аднак разуменьня, што трэба адмовіцца ад яго, яшчэ няма.

Дырэктар цэнтру ЕсооМ падкрэсьлівае, што вынікі дасьледаваньня адрозьніваюцца таксама ў залежнасьці ад рэгіёну.

С. Мусіенка: Напрыклад, у Горадні больш людзей выступае за сьмяротнае пакараньне. Гэта зьвязана зь нядаўнімі падзеямі, калі была сэрыя забойстваў маладых дзяўчын. Падобным чынам сытуацыя выглядае ў Гомелі, дзе надоечы была разгромленая банда. Людзі сутыкнуліся з гэтымі злачынцамі й ня хочуць, каб гэта паўтарылася. Гэта вельмі балючае й складанае пытаньне. З аднаго боку, людзі ня хочуць, каб такое пакараньне было прымененае ў дачыненьні да іх, а зь іншага боку, ня хочуць быць ахвярамі.

Праваабаронца зь Беларускага Хэльсінскага камітуту Зьміцер Маркушэўскі актыўна займаецца пытаньнем сьмяротнага пакараньня ў Беларусі. Ён падкрэсьлівае, што ў дадзенай сытуацыі праваабаронцы найперш павінны ўплываць на сьвядомасьць насельніцтва.

З. Маркушэўскі: Грамадзтва безупынна разьвіваецца. Дзякуй Богу, што мы жывем ужо ня ў тыя часы, калі казьні былі публічнымі, ці людзі самі забівалі злачынцаў камянямі. Чалавецтва становіцца ўсё больш гуманным. І мы, як праваабаронцы, павінны ісьці наперадзе й несьці зьніч гуманізму ў сваім грамадзтве. Менавіта таму мы займаемся тлумачэньнем, што варварствам зьяўляецца забойства людзей, якія ўжо зьдзейсьнілі злачынства. Пазбаўленьні волі зьяўляецца дастатковым і жорсткім. Гэта дае магчымасьць караць злачынцаў і адначасова пазьбягаць варварскіх учынкаў з боку дзяржавы.

Беларусь застаецца адзінаю краінаю ў Эўропе, дзе прымяняецца сьмяротнае пакараньне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international