viasna on patreon

Эўропа зоймецца свабодай сумленьня ў Беларусі

2008 2008-05-28T15:07:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Эўрапейскі парлямэнт разгледзіць сытуацыю з выкананьнем у Беларусі права на свабоду сумленьня й веравызнаньня. Сёньня з Брусэлю ў Менск вярнуліся Аляксандар Мілінкевіч, Павал Севярынец і Алесь Лагвінец, якіх у сталіцы Эўрапейскага Зьвязу на вышэйшым узроўні прыняў прэзыдэнт Эўрапаплямэнту Ганс-Герт Пётэрынг. Падчас сустрэчы зь ім беларускія палітыкі перадалі ў Эўрапейскі парлямэнт пэтыцыю вернікаў і 50 тыс. подпісаў за адмену Закону аб свабодзе сумленьня.

Ініцыятары кампаніі па абароне права на свабоду сумленьня неаднаразова намагаліся зьмяніць нацыянальнае заканадаўства ў галіне свабоды сумленьня й веравызнаньня. На іх думку, цяпершані варыянт закону абмяжоўвае правы вернікаў у краіне. Але ўсе ворганы, куды была перададзеная адпаведная пэтыцыя з 50 тыс. подпісаў, праігнаравалі зварот грамадзянаў. Нагадаю, што арганізатары кампаніі дасылалі звароты і ў Раду міністраў, і ў Нацыянальны сход, і ў Канстутыцыйны сход. А адзін зь ініцыятараў па зборы подпісаў Павал Севярынец нават атрымаў адміністрацыйнае спагнаньне за “парушэньні парадку ў зборы подпісаў”. Пасьля таго, як усе магчымасьці на бацькаўшчыне былі вычарпаныя, актывісты кампаніі вырашылі зьвярнуцца ў эўрапейскія структуры.

П. Севярынец: Мы перадалі пэтыцыю, у якой утрымліваецца просьба зарэагаваць на гэтыя парушэньні, на рэпрэсіі ў дачыненьні да хрысьціянаў. Подпісы пайшлі як палітычны аргумэнт. Таму на працягу некалькіх тыдняў будзе разгляд гэтай пэтыцыі й будзе рэзалюцыя Эўрапарлямэнту, магчыма, і наступствы. Мы чакаем ад Эўрапарлямэнту афіцыйнага патрабаваньня з боку Эўразьвязу да беларускіх уладаў прывесьці рэлігійнае заканадаўства ў адпаведнасьць зь міжнароднымі дамоўленасьцямі. Думаю, што гэта будзе сур’ёзны рычаг да зьмены сытуацыі ў Беларусі.

Лідэр руху “За Свабоду” Аляксандар Мілінкевіч спадзяецца, што ў чэрвені за рэзалюцыю па сытуацыі з выкананьнем у Беларусі права на свабоду сумленьня й веравызнаньня прагаласуе большасьць эўрадэпутатаў.

А. Мілінкевіч: Мы дамагліся максымальнага. Прыём нас на самым вышэйшым узроўні прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Гансам-Гертам Пётырэнгам сьведчыць аб тым, што ўвага да нашай просьбы будзей самая пільная. Ён, дарэчы, сказаў вельмі добрыя словы: “Салідарнасьць зь Беларусьсю была, ёсьць і будзе. Мы хочам, каб Беларусь стала дэмакратычнай, яна была й ёсьць эўрапейскай, і нам надзвычай важна, што там паўстае грамадзянская супольнасьць, якая ўмее адстойваць свае інтарэсы, а значыць ёсьць і ўнутраная салідарнасьць”.

Падчас сустрэчаў у Эўрапарлямэнце адбыліся размовы пра ўдзел Беларусі ў новай ініцыятыве МЗС Польшчы “Ўсходняе партнэрства”. Як заявіў Аляксандар Мілінкевіч, ёсьць шанец, што ў будучай усходнеэўрапейскай праграме ЭЗ возьме ўдзел і Беларусь.

А. Мілінкевіч: Нягледзячы на складаныя адносіны ЭЗ і Беларусі, мы ўсё роўна пакуль кандыдаты ў гэтую праграму. Яна мае шанец быць зацьверджанай у чэрвені на саміце Эўразьвязу. Для Беларусі могуць адкрыцца калясальныя магчымасьці. Яна можа даць значна больш за праграму добрасуседзтва. Гэта праграма разьвіцьця на вельмі сур’ёзным узроўні пры фінансавай і палітычнай падтрымцы. Тое, што Беларусь застаецца кандыдатам, ёсьць вялікая заслуга тых, хто супрацоўнічае з ЭЗ ад дэмсілаў нашай краіны.

Афіцайна рэзалюцыі Эўрапарлямэнту ня маюць юрыдычнай моцы для выканаўчых ворганаў ЭЗ. Дарадца Аляксандра Мілінкевіча Алесь Лагвінец аднак перакананы, што калі рэзалюцыя будзе прынятая, то яна будзе моцным інструмэнтам беларускіх дэмакратаў у справе зьмены закону аб свабодзе сумленьня.

А. Лагвінец: Беларусы, нават не зьяўляючыся сябрамі Эўрапейскага Зьвязу, могуць зьвярнуцца ў заканадаўчы кансультацыйны ворган ЭЗ дзеля таго, каб паказаць парушэньні нашых правоў, у той час, калі нашая ўласная праўная сыстэма нам гэтага не дазваляе. Відавочна, што ў пытаньнях зьнешняй палітыкі рэзалюцыі Эўрапейскага парлямэнту збольшага носяць рэкамэндацыйны характар, але гэта ня значыць, што яны ня маюць аніякай сілы.

У Брусэлі беларускія палітыкі ўзялі таксама ўдзел у пазачарговым паседжаньні дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю, сустрэліся з дэпутатамі ад фракцыі Эўрапейскай народнай партыі ды правялі прэс-канфэрэнцыю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства