КДБ пераследуе беларускіх праваабаронцаў

2008 2008-05-26T09:12:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svetik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Сьвецік

Леанід Сьвецік

У пятніцу, 23 траўня 2008 году на кватэру да вядомага віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка нечакана ўламіліся тры супрацоўнікі КДБ з загадзя падрыхтаванымі панятымі. Гаспадару кватэры яны прад’явілі пастанову пракуратуры аб узбуджэньні крымінальнай справы па арт. 130.1 Крымінальнага кодэксу РБ (распальваньне міжнацыянальнай і міжканфесійнай варожасьці). Згодна пастановы, Леанід Сьвецік зьяўляецца сьведкам па факце пагрозаў да некаторых грамадзянаў з боку мясцовага РНЕ.

 

Яны папярэдзілі, што на гэтай падставе ў кватэры адбудзецца вобыск. Ператрус, якім кіраваў дазнавальнік, старшы лейтэнант КДБ Д. Садковіч, цягнуўся з 9 раніцы да 18 гадзінаў вечару. Падчас ператрусу былі забраныя для правядзеньня далейшых сьледчых дзеяньняў кампутар, іншае тэхнічнае абсталяваньне, праваабарончая друкаваная прадукцыя, сярод якой былі каляндарыкі, прысьвечаныя 60-годдзю заснаваньня ААН.

 

Затым, разам з канфіскаванымі матэрыяламі і аргтэхнікай, супрацоўнікі КДБ адвезьлі Леаніда Сьвеціка ва ўпраўленьне КДБ па Віцебскай вобласьці. Дазнавальнік Д.Садковіч дапытваў праваабаронцу больш за дзьве гадзіны. Допыт здымаўся на відэакамеру. Потым ён ўручыў Л.Сьвеціку позву для далейшага допыту ў якасьці сьведкі на 28 траўня.

 

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) праваабаронца Алесь Бяляцкі пракаментаваў гэты інцэндэнт як факт грубейшага парушэньня правоў чалавека. “Відавочна, што непрыкрыты ціск уладаў на віцебскага правабаронцу Леаніда Сьвеціка зьвязаны з ягонай актыўнай праваабарончай дзейнасьцю і бескампраміснай грамадзянскай пазіцыяй, скіраванай на абарону правоў беларускіх грамадзянаў. У 2007 годзе ён быў звольнены з працы выкладчыка да сканчэньня тэрміну кантракту. Сёньня ж улады нахабна прадэманстравалі свой цынізм, фактычна абвінавачваючы праваабаронцу ў распальваньні нацыянальнай варожасьці. У той час як Леанід Сьвецік наадварот дапамагаў людзям, якія атрымлівалі пагрозы ад РНЕ зьвяртацца ў дзяржаўныя органы з мэтаю абароны іхніх правоў. Невыпадкова падчас вобыску былі сканфіскаваныя ўся кампутарная тэхніка ды кнігі і паперы, якія датычыліся праваабарончай дзейнасьці Л.Сьвеціка. Гэта было зроблена з мэтаю перашкодзіць ягонай грамадзкай праваабаронцай працы. 5 скаргаў, падрыхтаваныя з яго ўдзелам, тычыліся парушэньняў уладамі правоў беларускіх грамадзянаў. Яны былі прынятыя да разгляду Камітэтам па правах чалавека ААН у Жэневе.

Трэба адзначыць, што беларускія праваахоўныя органы часта не даюць прававой ацэнкі праявам экстрэмізму ў дзейнасьці неанацысцкіх груповак ў краіне, а замест гэтага аказваюць маральны і псіхалагічны ціск на праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў.

 

Мы, беларускія праваабаронцы, вельмі занепакоеныя фактамі неабгрунтаванага ціску на Леаніда Сьвеціка. Мы будзем надаваць гэтаму інцындэнту пільную ўвагі ды інфармаваць міжнародную супольнасьць пра ўсе наступныя дзеяньні беларускіх уладаў супраць праваабаронцы Леаніда Сьвеціка.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international