“Гісторыя Беларусі” знікне са школьнай праграмы ўжо з наступнага года

2008 2008-05-19T14:54:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Гэта чарговы лагічны крок пасля таго, як прадмет пачалі выкладаць па-руску. Курс “Гісторыі Беларусі” ў нашых школах выкладацца больш не будзе. У праекце вучэбнага плана на наступны год напісана проста – “гісторыя”. Для новага прадмета рыхтуецца і адмысловы падручнік.

Такую інфармацыю пацвердзіла Еўрарадыё намесніца начальніка упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Валянціна Маеўская. Па словах чыноўніцы, цяпер працуе міжведамасная камісія, якая абмяркоўвае пытанне пра аб’яднанне двух прадметаў з новага навучальнага года:

“Адно з пытанняў – гэта зацвярджэнне вучэбнага плана, у якім гэты прадмет будзе называцца “Гісторыя”. Ну, ён будзе складацца з двух частак. І выдзяляецца дзве гадзіны. Адна гадзіна на гісторыю Беларусі, другая – на сусветную гісторыю. І так, як было, так і застаецца. Проста ў вучэбным плане ён будзе называцца “Гісторыя”.

Новы вучэбны план стане дадаткам да дэкрэту аб пераходзе на 11-гадовы тэрмін навучання ў школах. Пра гэта Еўрарадыё расказаў старшыня камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Здановіч. План “задавальняе усіх”. А колькі дакладна гадзінаў будзе адведзена на гісторыю Беларусі ў агульным курсе гісторыі, Здановіч не ведае:

“Я не ведаю, тут проста напісана “гісторыя”, таму тут я не магу растлумачыць ці то будзе гісторыя сярэдніх вякоў... і колькі гадзінаў на гісторыю Беларусі. Проста напісана слова “гісторыя”. У прынцыпе, калі мы ўчора абмяркоўвалі план, то ён задаволіў усіх”.

Закрануць змены нават старэйшыя класы, якія ў сувязі з пераходам на 11-годку, школу будуць заканчваць у “экстрэмальных умовах”

Здановіч: “Нават у пераходным тыповым вучэбным плане для тых 9-10 класаў, якія знаходзяцца цяпер у школе, і якія будуць у такім экстрэмальным рэжыме заканчваць школу, нават у іх напісана гісторыя 2 гадзіны”.

Настаўніца гісторыі мінскай Гімназіі №12 Вольга Шаўцова пра надыходзячыя змены ведае. Кажа, што нібыта нават існуе адмысловы падручнік для новага прадмета. Праўда рыхтаваўся ён пад 12-годку:

“Я пра гэта чула, я ведаю, што ёсць падручнікі, іх ужо падрыхтавалі. І там гісторыя ідзе як інтэграцыйны курс. Гэта значыць, што ў адным падручніку паслядоўна будзе выкладацца гісторыя сусветная.... ну і гісторыя Беларусі, калі гэтыя працэсы ахопліваюць нашу тэрыторыю. Падручнік будзе адзін, але ён быў падрыхтаваны для 12-гадовай школы. Што будзе цяпер з пачатку верасня, я не ведаю”.

Вольга Шаўцова расказвае, што з настаўнікамі гісторыі наконт аб’яднання двух прадметаў ніхто не раіўся. Але, магчыма, гэта і добрая ідэя, калі б толькі рабілася трошкі па-іншаму — настаўнікі былі супраць выкладання гісторыі роднай краіны па-руску:

“У нас не пыталіся пра тое, ці трэба аб’ядноўваць гэтыя курсы. Тым не менш многія былі згодныя, але не ў такім ракурсе. Мы, напрыклад, былі супраць таго, каб гісторыя Беларусі выкладалася на рускай мове. Настаўнікі гісторыі ўсё ж такі выступаюць за тое, каб гісторыя Беларусі выкладалася на роднай мове.

Не зразумела, чаму і каму ўсё ж такі спатрэбілася аб’яднаць “Сусветную гісторыю” з “Гісторыяй Беларусі”. Настаўнікі і надалей маглі выкладаць гісторыю нашай краіны “комплексна”. Як тое рабіла Вольга Шаўцова. Без агульнага падручніка:

“Наогул гэта такі культурна-цывілізацыйны падыход. З гэтага пункту гледжання, гэта абсалютна правільна. Я, напрыклад, у любым выпадку працую сінхронна, хоць і не па інтэграцыйным падручніку. Я даю курс “сусветкі” і пасля разглядаю, якія працэсы адбываліся ў Беларусі, і як гісторыя сусветная паўплывала на гэтыя працэсы ў нашай краіне”.

Вядомы пісьменнік і гісторык Уладзімір Арлоў называе такі крок спробай ператварыць нашу гісторыю з тысячагадовай у вельмі кароткую. Не выключае ён і таго, што чыноўнікі пойдуць на скарачэнне гадзінаў, адведзеных на гісторыю Беларусі:

“Гістарычная памяць – гэта вялікая стваральная сіла, і гэта выдатна разумее любая ўлада. Ну, а наша ўлада гэтай сілы папросту баіцца. Мы ўжо не першы год назіраем спробы ператварыць нашу гісторыю з тысячагадовай ў гісторыю вельмі кароткую, якая пачынаецца можа толькі ў 20-м стагоддзі. Гэта чарговы крок. Мы з’яўляемся сведкамі рэдагавання гісторыі, якую падпарадкоўваюць ідэалагічным нормам. Не выключана, што будуць скарачаць гадзіны...”

Адзначу, што аб’яднанне гісторыі Беларусі з сусветнай гісторыяй – з’ява не новая. Гэты крок вяртае нас у савецкія часы. Калі існаваў толькі адзін прадмет “Гісторыя”, і выкладаўся па-руску.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international