Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, красавік 2008 году

2008 2008-05-15T15:33:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У красавіку ў Беларусі адбыліся суды над дэмакратычнымі актывістамі па ўзбуджаных па палітычных матывах крымінальных справах. У выніку зьявілася 12 новых палітвязьняў, двое з якіх пакараныя турэмным зьняволеньнем. Нягледзячы на заклікі міжнародных структураў, еўрапейскіх краінаў і ЗША да беларускіх уладаў, крымінальны перасьлед у Беларусі не спыняецца, а рэпрэсіі працягваюцца, набываюць новыя формы. Цяпер усе масавыя мерапрыемствы, суды, любыя мірныя акцыі здымаюцца на відэа супрацоўнікамі МУС і КДБ, пасьля чаго на падставе іх узбуджаюцца адміністратыўныя і крымінальныя справы.

29 красавіка ў Менску адбылася прэс-канферэнцыя "Ацэнка сучаснай сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі" і прэзентацыя штогадовага Аналітычнага агляду “Парушэньні правоў чалавека ў Беларусі ў 2007 годзе”. Удзел у прэс-канферэнцыі прынялі вядомыя беларускія правабаронцы, прадстаўнік чэшскай дыпмісіі, АБСЕ, ахвяры палітычных рэпрэсіяў. Падсумоўваючы вынікі 2007 году, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі зазначыў, што сьцісканьне грамадзкіх і палітычных правоў у нашай краіне ёсьць лагічнае разьвіцьцё таталітарнага рэжыму ў Беларусі, для якога правы чалавека зьяўляюцца рэччу варожай, несумяшчальнай з ягоным існаваньнем. І сітуацыя працягвае пагаршацца па ўсіх паказчыках: рухавік рэпрэсій, аднойчы раскруціўшыся, не спыняецца, яму патрэбныя новыя і новыя ахвяры, доказам таму – зьяўленьне новых палітвязьняў. Нягледзячы на адмову ў рэгістрацыі, правабаронцы не зьбіраюцца спыняць сваю дзейнасьць, нават пад пагрозай крымінальнага перасьледу, але будуць прыкладаць далейшыя намаганьні, каб працаваць легальна.

26 красавіка адбыўся традыцыйны “Чанобыльскі шлях”, прымеркаваны да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У гэтым годзе “Чарнобыльскі шлях” праходзіў пад знакам пратэсту супраць будовы ў Беларусі атамнай электрастанцыі, а таксама адмены льготаў ліквідатарам і ахвярам катастрофы ў Чарнобылі. Менгарвыканкам задаволіў заяўку на правядзеньне мітынгу і шэсьця, аднак зьмяніў прапанаваны заяўнікамі маршрут акцыі. Акрамя таго 24 красавіка чацьвёра заяўнікаў дэмакратычнай акцыі былі выкліканыя ў сталічную пракуратуру, дзе пракурор Менску Мікалай Кулік правёў прафілактычную размову і папярэдзіў іх пра гатоўнасьць пачаць крымінальныя справы ў выпадку, калі будуць нейкія парушэньні заканадаўства. Сёлета напярэдадні акцыі КДБ сканфіскавала ўсе ўлёткі і абвесткі да шэсьця: і тыя, што рыхтаваў БНФ, і тыя, што АДС, і “Руху за Свабоду”. Наклады канфіскоўваліся яшчэ на дарозе да партыйных офісаў. Ператрусы ў пошуку інфармацыйнай прадукцыі праходзіліся ва ўсіх падазроных офісах, некалькі друкарняў, якія падазраваліся ў друку ўлётак, былі апячатаныя напярэдадні дэманстрацыі. Як звычайна, рэгіянальныя грамадзкія актывісты былі папярэджаныя міліцыянтамі аб недапушчальнасьці ўдзелу ў недазволеных масавых мерапрыемствах, а тых, хто выязджаў на запланаваную акцыю, затрымлівалі альбо чынілі розныя перашкоды. Тым ня менш, “Чарнобыльскі шлях” прайшоў спакойна, без правакацыяў, і колькасьць удзельнікаў у параўнаньні з мінулымі гадамі была значна меньшая.

У красавіку працягнулася далейшае абвастрэньне беларуска-амерыканскіх зносін, якое ледзьве не прывяло да “дыпламатычнага скандалу”. Крызіс пачаўся яшчэ ў сакавіку пасьля апублікаваньня на афіцыйным сайце Мінфіна ЗША тлумачэньняў да санкцыяў, якія былі ўведзеныя ў лістападзе 2007 году ў дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім». 7 сакавіка з Вашынгтону дзеля кансультацыяў быў адкліканы амбасадар Беларусі ў ЗША, а 12 сакавіка па патрабаваньню беларускага боку з Менску выехала амбасадарка ЗША Карэн Сцюарт. Затым амерыканскаму боку было рэкамендавана скараціць колькасьць супрацоўнікаў дыпмісіі, і 27 сакавіка беларускую сталіцу пакінулі 17 амерыканскіх дыпламатаў, працаваць засталіся 15 супрацоўнікаў, што выклікала часовае спыненьне выдачы візаў грамадзянам. Тым ня менш 30 сакавіка Часовы павераны ЗША ў Беларусі Джонатан Мур атрымаў ад беларускага МЗС сьпіс з 10 амерыканскіх дыпламатаў, абвешчаных персонамі нон-грата. У адпаведнасьці з Венскай канвенцыяй, пералічаныя ў сьпісе дыпламаты павінны пакінуць нашу краіну на працягу 72 гадзін. Як паведаміў Часовы павераны журналістам на прэс-канферэнцыі, дзеяньні афіцыйнага Мінску ён лічыць неапраўданымі, неабгрунтаванымі і нелегітымнымі. Разам з тым дыпламат запэўніў, што эканамічныя санкцыі супраць Беларусі будуць пашырацца і ЗША па-ранейшаму будзе патрабаваць вызваленьня ўсіх палітвязьняў, бо беларускі ўрад ніякім чынам не вырашае гэтага галоўнага пытаньня – наяўнасьці ў Беларусі палітвязьняў.

7 красавіка Савет міністраў па транспарце, тэлекамунікацыях і энергетыцы Еўрасаюза падоўжыў яшчэ на год дзеяньне санкцыяў у дачыненьні да шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў. Як паведамілі ў прэс‑службе Савету ЕС, у любы момант санкцыі могуць быць перагледжаныя, а сьпіс — пашыраны ці скарочаны. Зараз у сьпісе 41 высокапастаўленая асоба. «Асновай для перагляду санкцыяў будзе поўнае і безумоўнае вызваленьне ў Беларусі палітзьняволеных, а таксама правядзеньне свабодных, сумленных і дэмакратычных выбараў восеньню гэтага году», — падкрэслівае прэс‑служба. Нагадаем, санкцыі прадугледжваюць абмежаваньне на ўезд на тэрыторыю краінаў ЕС шэрагу чыноўнікаў, а таксама замарожваньне іх фінансавых рахункаў.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

1 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску пачаўся разгляд крымінальнай справы моладзевага актывіста Андрэя Кіма па абвінавачаньню яго ў – зьбіцьці міліцыянта падчас правядзеньня акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 21 студзеня. Напачатку судовага паседжаньня судзьдзя Алена Ільіна забараніла фота і відэаздымку, з залы выдалілі 3 журналістаў, якія не паслухаліся. Адвакат Андрэя Кіма сп-ня Сідарэнка заявіла хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня падабароннага з утрыманьня пад вартай пад вызваленьне пад заклад, аднак яно не было задаволенае. Дзяржаўны абвінаваўца Лук'янаў заявіў хадайніцтва аб злучэньні да судовага разгляду адразу дзьвюх крымінальных справаў, узбуджаных у дачыненьні да Андрэя Кіма, і яно было задаволенае, а судовае паседжаньне адкладзенае.

22 красавіка судзьдзя Цэнтральнага раёну Менска Алена Ільіна вынесла крымінальныя прысуды 10 моладзевым актывістам, абвінавачаным па ч.1 арт. 342 КК РБ - “Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак” за ўдзел ў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня. Уладзімір Сяргееў і Антон Койпіш атрымалі штраф у памеры 100 базавых велічынь кожны; Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Пашкевіч, Таццяна Цішкевіч, Алесь Стральцоў, Міхаіл Крываў і Алесь Чарнышоў атрымалі па 2 гады абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Усе яны застаюцца пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Андрэй Кім, абвінавачаны адразу па двух артыкулах Крымінальнага Кодэксу, прысуджаны да пазбаўленьня волі на паўтары гады з адбыцьцём пакараньня ў калоніі агульнага рэжыму.

23 красавіка суд Маскоўскага раёну сталіцы вынес прысуд лідэру віцебскіх прадпрымальнікаў Сяргею Парсюкевічу. Судзьдзя Уладзімір Аўдзеенка прызнаў яго віноўным у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства, прадугледжанага арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў адносінах да супрацоўніка міліцыі») і вызначыў меру пакараньня - два з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. Таксама Сяргей Парсюкевіч абавязаны выплаціць “пацярпеламу” міліцыянту Дулубу 1 мільён 100 тыс. рублёў кампенсацыі за маральныя пакуты. 28‑га красавіка асуджаны накіраваў касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

8 красавіка ў Полацку абвешчаны прысуд па крымінальнай справе ў дачыненьні да моладзевай актывісткі Касі Салаўёвай. Судзьдзя Марозава абвінаваціла яе ў крымінальным злачынстве, прадугледжаным арт. 193.1. Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”. Нягледзячы на пратэст міжнароднай і беларускай грамадзкасьці, якія лічаць дадзены крымінальны артыкул неадпавядаючым міжнародным прававым нормам і палітычна матываваным, Кацярыну Салаўёву пакаралі штрафам у памеры 50 базавых велічыняў. Падчас суду моладзь зладзілі пікет у знак салідарнасьці з маладафронтаўкай, за што пасьля некалькі актывістаў былі прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасьці.

У канцы красавіка кіраўнік Гомельскай філіі "Маладога Фронту" Андрусь Цянюта атрымаў паведамленьне за подпісам сьледчага гомельскага аддзела КДБ Сідлярова Д.В, што адноўленая восеньню крымінальная справа па арт. 193.1 КК РБ, канчаткова спыненая. Рашэньне грунтуецца на ч.1 арт. 259 УПК, якое прадугледжвае задавальненьне хадайніцтва падазронага ў крымінальным злачынстве. Нагадаем, прыкладна месяц назад Андрусь Цянюта накіраваў скаргу старшыні беларускага КДБ Юрыю Жадобіну з патрабаваньнем спыніць незаконны крымінальны перасьлед ці перадаць справу ў суд. Гэтае хадайніцтва перанакіравалі ў Гомельскую пракуратуру, дзе яно і было задаволена. Акрамя гэтага, Андрусю будзе вернута ўся канфіскаваная маёмасьць.Трэба адзначыць, што абвінавачаныя па гэтай жа крымінальнай справе Кірыл Атаманчык і Арсень Ягорчанка яшчэ знаходзяцца ў стане падазроных.

  1. Парушэньні права на свабоду асацыяцыяў

17 красавіка праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч зьвярнуліся са скаргай на імя старшыні Вярхоўнага суду Беларусі з прозьбай вынесьці пратэст на рашэньне Вярхоўнага суду РБ ад 26 кастрычніка 2007 г. аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Вясна”. Нягледзячы на тое, што пададзеныя ў Міністэрства юстыцыі дакументы цалкам адпавядалі патрабаваньням закадаўства, Мінюст прыняў рашэньне аб адмове ў рэгістрацыі аб’яднаньня, а Вярхоўны суд стаў на бок Мінюста і адмовіў у задавальненьні скаргі заснавальнікаў ГПА “Вясна”. “Падставы для адмовы ў рэгістрацыі аб’яднаньня, указаныя у рашэньні Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь, зьяўляюцца недапушчальнымі абмежаваньнямі правоў заснавальнікаў аб’яднаньня на свабоду асацыяцыяў і парушаюць арт. 22 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах,” – адзначана ў скарзе правабаронцаў.

23 красавіка Міністэрства юстыцыі Беларусі адклала регістрацыю праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня "Рух "За свабоду". Намесьнік міністра прапанаваў лідэру арганізацыі Аляксандру Мілінкевічу месяц на выпраўленьне дакументаў. Галоўныя прэтэнзіі Мінюста зводзіліся да таго, што мэты і задачы, заяўленыя ва ўстаўных дакументах, не адпавядаюць платформе Руху “За Свабоду”, якая зьмешчана на асабістым сайце Аляксандра Мілінкевіча. Да таго ж, выяўлены нібыта неадпаведнасьці ў графічнай схеме структуры грамадзкага аб’яднаньня, якая падаецца разам з дакументамі. Рашэньне аб адтэрміноўцы было паведамлена са спазьненьнем амаль на два тыдні, тым ня менш, па меркаваньню Аляксандра Мілінкевіча, адказ Мінюсту зьяўляецца канструктыўным, бо высунутыя канкрэтныя прапановы, што трэба зьмяніць, і дадзены канкрэтны тэрмін. “Я мяркую, што мы на шляху легалізацыі і рэгістрацыі "Руху "За свободу", — заявіў А.Мілінкевіч.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

1 красавіка ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» паўторна зьвярнулася да генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча ў сувязі з ператрусамі, якія супрацоўнікі КДБ правялі ў кватэрах незалежных журналістаў і шэрагу офісаў 27 і 28 сакавіка. Менская пракуратура лічыць, што ператрусы «былі праведзеныя абгрунтавана і ў адпаведнасці з законам». У лісце за подпісам начальніка следчага аддзелу пракуратуры Менску Сяргея Іванова паведамляецца, што ператрусы праводзіліся ў межах папярэдняга расьследваньня крымінальнай справы аб паклёпе на прэзідэнта (ч.1 арт. 367 КК РБ) у дачыненьні да грамадзянаў А. Мініча, П. Марозава і А.Абозава. «Вашы звароты… разгледжаныя і далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы», — піша следчы Іваноў. Такім чынам, адказ з пракуратуры зноў разыходзіцца з каментаром, зробленым 27 сакавіка кіраўніцай інфармацыйнай службы беларускага МЗС Марыяй Ваньшынай. З яе словаў вынікала, што ператрусы былі зьвязаныя з дзейнасьцю журналістаў неакрэдытаваных замежных СМІ.

15 красавіка судзьдзя Першамайскага раёну сталіцы Ала Яшчанка прызнала журналіста з Барысава Анатоля Удавічэнку віноўным у парушэньні ч.1 арт.23.34 КаАП і пакарала адміністратыўным арыштам на 14 сутак. Ён быў затрыманы напярэдадні супрацоўнікамі міліцыі нібыта за тое, што распаўсюджваў па вуліцы налепкі з заклікам прыняць удзел у акцыі «Чарнобыльскі шлях». Сам журналіст не прызнаў вылучаных супраць яго абвінавачаньняў.

16 красавіка намесьніца рэдактара «Народнай волі» Марына Коктыш накіравала скаргу старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вадзіму Папову ў зьвязку з адмовай у акрэдытацыі пры гэтай структуры. 25 сакавіка газета зьвярнулася ў ППНС з прозьбай акрэдытаваць там карэспандэнтку, але 8 красавіка атрымала адмоўны адказ. Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненьнях і СМІ Юры Кулакоўскі прапанаваў рэдакцыі прадставіць іншую кандыдатуру. Аргументацыя: М. Коктыш адмоўлена ў допуску ў будынак Дому Ураду. Зьвестак пра тое, хто, калі і на якой падставе прыняў такое рашэньне, не падавалася. Журналістка заяўляе, што гэтая адмова незаконная, парушае яе правы, закон «Аб друку і іншых СМІ» і Правілы акрэдытацыі карэспандэнтаў СМІ пры ППНС. У скарзе яна просіць старшыню ППНС даручыць камісіі адмяніць сваё рашэньне, у адваротным выпадку яна будзе вымушаная зьвярнуцца ў суд.

17 красавіка каля 1 200 асобнікаў апошняга нумару недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газеты «Товарищ», прызначаных для распаўсюду ў Гомельскай вобласьці, былі затрыманыя супрацоўнікамі Жлобінскага РАУС. Паводле тлумачэньняў міліцыянтаў, выданьне вымаецца для правядзенья праверкі на прадмет наяўнасьці матэрыялаў «дэструктыўнага характару». Пастанова аб затрыманьні аўтамабіля грунтавалася на адпаведным рапарце з КДБ.

Рэдакцыя недзяржаўнай «Газеты Слонімскай» атрымала дакумент за подпісам старшыні Слонімскага райвыканкаму Мечыслава Касьцюка, у якім сьцьвярджаецца, што зафіксаваныя выпадкі гандлю друкаванага выданьня ў неналежных месцах. У выпадку паўторнага парушэньня мясцовыя ўлады пагражаюць прыпыніць дзеяньне альбо ануляваць ліцэнзію на ажыцьцяўленьне раздробнага гандлю. Галоўны рэдактар газеты Віктар Валадашук не выключае, што гэткім чынам райвыканкам «рыхтуецца» да размовы з ім наконт падаўжэньня ліцэнзіі на раздробны гандаль, тэрмін якой скончыцца 25 чэрвеня. «Відавочна, улады мэтанакіравана імкнуцца пазбавіцца ад адзінага зарэгістраванага недзяржаўнага выданьня Гродзенскай вобласьці. Магчыма, гэта зьвязана з набліжэньнем парламенцкіх выбараў», — лічыць галоўны рэдактар. Акрамя таго, ён нагадвае, што рэдакцыю змушаюць да 1 чэрвеня вызваліць памяшканьне, якое яна займала напрацягу 7 гадоў, бо арэндадаўца — РУП «Слонімскі быткамбінат» — адмаўляецца працягваць з газетай дамову.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

1 красавіка судзьдзя Чыгуначнага раённага суду Віцебску Раман Дэгода пакараў арыштам на 5 сутак вядомага актывіста і распаўсюдніка незалежнай прэсы Барысу Хамайду. Яго абвінавацілі ў парушэньні ч. 3 арт. 23.34. КаАП РБ за ўдзел у сьвяткаваньні 25 сакавіка 90-годзьдзя ўтварэньня БНР.

2 красавіка прадстаўнікі руху "Джынс за свабоду" паспрабавалі правесьці пікет ля сьценаў расейскага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Менску, прымеркаваны да афіцыйнага сьвята – Дзень яднаньня беларускага і расейскага народаў. Яны прынесьлі з сабой бел-чырвона-белы сьцяг і расьцяжку, на якой было напісана: "Расеі – не, Еўропе – так". Ахоўнік выклікаў міліцыянтаў, якія жорстка разагналі пікет. Дзьвюх актывістак – Паліну Кур'яновіч і Паліну Дзьякаву схапілі і даставілі ў Цэнтральны РУУС сталіцы, дзе склалі адміністратыўныя пратаколы па арт. 23.34 КаАП (Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Паліну Кур'яновіч да суду адвезьлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна, а Паліну Дзьякаву, як непаўнагадовую, адпусьцілі праз тры гадзіны. 3 красавіка судзьдзя Цэнтральнага р-ну сталіцы Тацяна Паўлючук прызнала Паліну Кур’яновіч віноўнай па арт. 23.34 КаАП РБ (Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў) і вынесла пакараньне ў выглядзе адміністратыўнага арышту тэрмінам на 10 сутак.

9 красавіка ў Полацку на 35 базавых велічыняў (што роўна 1 млн. 225 тыс. рублёў, каля 570 даляраў) аштрафаваная моладзевай актывістка Людвіся Атакулава, якая была затрыманая 8 красавіка пасьля суду па крымінальнай справе Касі Салаўёвай, і на 3 б.в. пакараны Аляксей Янушэўскі. Іх абвінавацілі п арт.23.34 КаАП (Парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства). Ноч дзяўчына правяла ў ізалятары часовага ўтрыманьня, Аляксей Янушэўскі да суду быў вызвалены.

11 красавіка суд Пухавіцкага раёну пакараў жыхара пасёлку Дружны Сяргея Абразоўскага штрафам у памеры 40 б..в (1 млн. 400 тыс. рублёў) за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу супраць будаўніцтва хімзаводу, які стыхійна адбыўся 22 сакавіка. Актывісты ініцыятыўнай групы супраць будаўніцтва заводу каля году вядуць перапіску з усімі зацікаўленымі міністэрствамі і ведамствамі пра мэтазгоднасьць гэтага будаўніцтва, яны шматразова зьвярталіся да мясцовых уладаў па адпаведны дазвол на правядзеньне мітынгу, але яго не атрымалі. Хімзавод плануе будаваць расейская прыватная кампанія “Август-Бел”. Прадпрыемства будзе выпускаць некалькі відаў песьціцыдаў, і сьпецыялісты класіфікуюць вытворчасьць паводле першага класа небясьпекі. Жыхары пасёлкаў Дружны, Сьвіслач, Рудзенск, Дукора, а таксама іншых паселішчаў ня вераць афіцыйным заявам пра бясьпечнасьць вытворчасьці і дамагаюцца правядзеньня незалежнай тэхналагічнай і экалагічнай эксьпертызы, а таксама мясцовага рэферэндуму пра мэтазгоднасьць небясьпечнай вытворчасьці ў непасрэднай блізкасьці ад населеных пунктаў.

11 красавіка адміністратыўная камісія Салігорскага выканкаму пакарала буйнымі штрафамі непаўнагадовых моладзевых актывістаў за ўдзел у Сацыяльным мітынгу 2 сакавіка ў Салігорску і Дні Волі 25 сакавіка ў Менску. За першую акцыю Іван Шыла і Хрысьціна Самойлава атрымалі штрафы ў памеры па 30 базавых велічынь, Андрусь Тычына – 20 б.в. Нагадаем, бацька лідэраў Салігорскага Маладога Фронту Ўладзімер Шыла адбыў 15-сутачны арышт за арганізацыю Сацыяльнага мітынгу. За сьвяткаваньне 90-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі Іван Шыла і Хрысьціна Самойлава аштрафаваны на 20 б.в., Рыгор Астапеня - на 25 б.в., Максім Глухаў атрымаў папярэджаньне. Таксама быў складзены пратакол і на 15-гадовага Ільлю Шылу, на падставе якога бацька Ільлі спадар Уладзімер быў пакараны штрафам у 15 б. в. за “дрэннае выхаваньне сына”. Агулам сума штрафаў перавышае 5 мільёнаў рублёў. Маладафронтаўцы будуць абскарджваць рашэньне камісіі ў судзе. У мінулы раз суд прызнаў патрабаваньні камісіі завышанымі і скараціў суму штрафу ўдвая.

18 красавіка адміністратыўная камісія Лідскай вайсковай часткі № 1234 пакарала старшыню непрызнанага беларускімі ўладамі “Саюза палякаў у Беларусі” Анжаліку Борыс, журналіста часопіса “Magazyn Polski” Ігара Банцара і кіроўцу Віктара Борыса штрафам у памеры 15 базавых адзінак кожнага за знаходжаньне ў памежнай зоне без неабходных дакументаў. Яны былі затрыманыя 14 красавіка ў Радуні Воранаўскага раёну разам з васьмю грамадзянамі Польшчы, якія прыехалі ў Беларусь у межах культурнага абмену.

25 красавіка суд Мінскага раёну прызнаў актывіста Партыі БНФ Уладзіміра Кішкурну віноўным у правапарушэньні, прадугледжаным арт. 23.34 КаАП РБ, і пакраў штрафам у памеры 15 базавых велічыняў. Уладзімір Кішкурна быў затрыманы на ўласнай машыне 21 красавіка ў райне Калядзічаў. Міліцыянты дагледзелі аўтамабіль і знайшлі ўлёткі, прысьвечаныя традыцыйнай акцыі да ўгодкаў Чанобыльскай трагедыі. У пастарунку ў дачыненьні да партыйнага актывіста склалі адміністратыўны пратакол, друкаваную прадукцыю канфіскавалі.

У красавіку адбыліся судовыя працэсы над ўдзельнікам гістарычнай экскурсіі, прымеркаванай да 90-годзьдзя ўтварэньня БНР. 23 сакавіка каля 20 чалавек з чырвонымі і белымі паветранымі шарамі прайшлі па месцах, зьвязаных з дзейнасьцю міністра БНР Палуты Бадуновай. Міліцыянты здамалі экскурсію на відэа, пасьля чаго на 8 экскурсантаў былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы. Судзьдзя Навабеліцкага райсуду Гомелю Алег Харошка прызнаў іх віноўнымі па арт. 23.34 КаАП “Парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў” і вынес наступныя пакараньні: Сьвятаслаў Шапавалаў атрымаў 10 сутак адміністратыўнага арышту, Аляксандр Процка – 7 сутак, пенсіянер Уладзімір Няпомняшчы – 15 сутак, Марыя Тульжанкова – 7 сутак, Сяргей Трыфанаў – 10 сутак, Іван Адаменка штраф у памеры 20 базавых велічыняў, Зьміцер Кутасаў і журналістка Тацяна Бублікава – штраф па 15 б.в.

  1. Звальненьні і адлічэньні з вучобы па палітычных матывах

5 красавіка адлічаны з факультэта журналістыкі БДУ «за акадэмічную непаспяховасьць» моладзевы лідэр Партыі БНФ Франак Вячорка накіраваў у Менскі гарадзкі суд іскавую заяву да рэктара БДУ Васіля Стражава аб аднаўленьні на вучобе. Былы студэнт дагэтуль не атрымаў адказу на сваю скаргу, датычную дзеяньняў кіраўніцтва БДУ і Міністэрства адукацыі. Апроч таго, 5 красавіка камісія выкладчыкаў на чале з дэканам журфака Сяргеем Дубовікам адмовілася па выніках «прафесійна-псіхалагічнага сумоўя» даць Франаку Вячорку рэкамендацыю на паступленьне на журфак падчас сёлетняй прыёмнай кампаніі.

17 красавіка пасьля неаднаразовых затрыманьняў і адміністратыўных пакараньняў, у тым ліку і арыштамі, пад ціскам супрацоўнікаў КДБ кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсітэту прыняло рашэньне хадайнічаць перад рэктарам Шымавым за адлічэньне актывісткі “Маладога Фронту” Людвісі Атакулавай, студэнткі 3-га курсу факультэта “Вышэйшая школа турызму”. Аднак студэнцкі прафсаюз выступіў супраць беспадстаўнага выключэньня, бо дзяўчына амаль ня мае пропускаў і вучыцца добра: яе сярэдні бал перавышае 7,5. Было сабрана больш за 200 подпісаў у падтрымку Людвісі на 9 факультэтах універсітэту. “Упершыню студэнцкі прафком выступіў супраць рашэньня рэктарату, - сьцьвярджае адзін з ініцыятараў кампаніі ў абарону Людвісі Атакулавай. – Студэнцкі актыў, які звычайна падтрымлівае ўсе прапановы кіраўніцтва ўніверсітэта, на гэты раз ня толькі не пагадзіўся, але выступіў з афіцыйным пратэстам, які быў накіраваны рэктару Шымаву”. У выніку маладафронтаўцы была вынесеная толькі строгая вымова.

17 красавіка судзьдзя Добружскага раённага суду Вольга Сычова адхіліла пазоў настаўніцы Вуцеўскай сярэдняй школы, сябры АГП Клаўдзіі Варанец да аддзелу адукацыі аб аднаўленьні на працы. Вясковую настаўніцу, ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС звольнілі з працы за прагул у той час, калі яна знаходзілася на аздараўленьні за мяжой. Грамадзкі прадстаўнік Клаўдзіі Варанец у судзе ад АГП юрыст Леанід Судаленка лічыць, што дырэкцыя школы і аддзел адукацыі пры звальненьні настаўніцы парушылі ня толькі чарнобыльскі закон, але і нормы Працоўнага кодэксу і нават калектыўную дамову. Таму рашэньне судзьдзі Сычовай выглядае палітычна матываваным. Клаўдзія Варанец мае намер абскардзіць судовую пастанову ў вышэйшай судовай інстанцыі.

У красавіку з гістарычнага факультэту БДУ адлічаны моладзевы актывіст АГП Міхаіл Пашкевіч. Праблемы з вучобай пачаліся, калі ён пачаў браць актыўны ўдзел у палітычным жыцьці краіны. «Справа ў тым, што яшчэ летам мяне выключылі з ВНУ за ўдзел у выбарах у Менскі гарадзкі савет. Я змог узнавіцца на завочным аддзяленьні, на 6-м курсе. Цяпер мне адмовілі залічыць іспыт па метадалогіі гісторыі, які я здаў. Мне ў дэканаце адкрыта сказалі, што рашэньне аб маім выключэньні прымалася нават не на ўзроўні рэктара, а нашмат вышэй», — паведаміў Пашкевіч. Як лічыць актывіст, выключэньне зьвязанае з крымінальнай справай за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня, удзеле ў сьвяткаваньні Дня Волі, а таксама тым, што ён стаў адным з заяўнікаў сёлетняга «Чарнобыльскага шляху».

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

22 красавіка суд Маскоўскага раёну Менску пакараў маладога палітыка Паўла Севярынца, сустаршыню аргкамітэту па стварэньню патрыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, штрафам у памеры 40 базавых велічынь (1 млн. 400 тыс.рублёў ) за быццам незаконны збор 50-ці тысяч подпісаў за ўнясеньне зьменаў у рэлігійнае заканадаўства. Адміністратыўны пратакол па арт. 9.10 КаАП (“Парушэньне заканадаўства аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў”) быў складзены на Паўла Севярынца 1 красавіка ў пракуратуры, куды яго даставілі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, затрымаўшы пры ўваходзе ў метро. У сваім выступе на судзе Павал Севярынец патлумачыў, чаму ён не зьвяртаўся з подпісамі ў Цэнтравыбаркам. Ён заявіў, што ЦВК не карыстаецца аўтарытэтам, а вынікі выбараў не прызнаюць у сьвеце. Па словах Паўла Севярынца, пракуратура падтрымлівае перасьлед вернікаў.

25 красавіка судзьдзя Маскоўскага раёну Менску Уладзімір Аўдзеенка прызнаў пастара Царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнку віноўным ў парушэньні арт. 9.10 КаАП РБ (Парушэньне заканадаўства аб выбарах,…і аб рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянаў) і пакараў адміністратыўным штрафам у памеры 40 базавых велічыняў (1 млн. 400 тыс. рублёў). Адміністратыўны пратакол быў складзены пракуратурай за арганізацыю збору подпісаў за ўнясеньне зьменаў у рэлігійнае заканадаўства. Таксама пастар Вячаслаў Ганчарэнка быў аштрафаваны на 10 б.в. (350 тыс. рублёў) за невыкананьне прадпісаньня пракуратуры Маскоўскага раёну сталіцы, якое абавязвала яго дапусціць у будынак царквы дзяржаўных інсьпектараў па энэрганадзору.

25 красавіка аналагічнае пакараньне (штраф у памеры 40 б.в.) вынес Маскоўскі суд юрысту царквы “Новае жыцьцё”, каардынатару Кампанііі ў абарону правоў на свабоду сумленьня Сяргею Луканіну. Судовае паседжаньне адбылося ў адсутнасьць абвінавачанага, бо ў гэты час Сяргей Луканін прымаў удзел у міжнароднай канферэнцыі еўрапейскіх хрысьціянскіх дэмакратычных партый у Хельсінкі, дзе выступаў з дакладам пра парушэньні правоў вернікаў у Беларусі.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

23 красавіка ў судзе Савецкага раёну сталіцы завяршыўся разгляд грамадзянскай справы іскавога патрабаваньня дзяржпрадпрыемства Менгарвыканкаму "Гаррэмаўтадор" да заяўнікаў "Еўрапейскага маршу". Супольна шасьцёра заяўнікаў – Вінцук Вячорка, Віктар Івашкевіч, Зьміцер Хведарук, Аляксандар Мілінкевіч, Анатоль Лябедзька і Яўген Афнагель павінны сплаціць 2 мільёны 240 тысяч 770 рублёў за дадатковыя выдаткі, нанесеныя ўдзельнікамі акцыі ў выніку зьмены дазволенага ўладамі маршруту.

25 красавіка Савецкі суд Менску вырашыў спагнаць з заяўнікаў Еўрапейскага маршу яшчэ суму агулам больш за тры з паловай мільёны рублёў, якую запатрабавалі ў якасьці кампенсацыі выдаткаў гарадзкія прадпрыемствы “Менскзелянбуд” і “Рэмаўтадар” Савецкага і Першамайскага раёнаў. Паводле “Менскзелянбуду”, дэманстранты 14 кастрычніка мінулага году стыхійна патапталі газон, зламалі ліпу і хмызьнякі. Урон ацэнены ў 1 мільён 400 тысяч рублёў. Судзьдзя задаволіла пазоў у поўным аб’ёме. Прадпрыемствы “Рэмаўтадар” Савецкага і Першамайскага раёнаў запатрабавалі, каб заяўнікі Еўрапейскага маршу заплацілі за панесеныя выдаткі больш як 2 мільёны 100 тысяч рублёў, што было зьвязанае з прыборкай тэрыторыі пасьля акцыі: нібыта прыцягваліся дадатковыя сілы і тэхніка, давялося зьдзіраць налепкі, выкарыстоўваліся 10 біятуалетаў. Улічылі нават прэміяльныя для прыбіральшчыкаў. Гэты пазоў судзьдзя таксама задаволіў у поўным аб’ёме. Такім чынам, агульная сума кампенсацыі дасягнула амаль 5 мільёнаў 600 тысяч. На пачатку траўня Савецкі суд разгледзіць яшчэ 6 такіх пазоваў ад гарадзкіх арганізацыяў.

25 красавіка актывісты Магілёўскага рэгіянальнага аддзяленьня Беларускага прафсаюзу РЭП) праводзілі працоўную сустрэчу, якая скончылася допытам актывістаў Як паведаміла кіраўніца рэгіянальнага аддзяленьня Галіна Лісіцына, пасьля вячэры ў гарадзкой кавярні ўдзельнікі пачалі разыходзіцца, а арганізатараў затрымалі шасьцёра міліцыянтаў на падставе паступіўшага сігналу аб правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства. Міліцыянты пратрымалі прафсаюзных актывістаў больш за тры гадзіны і склалі пратакол допыту і выняцьця інфармацыйных матэрыялаў. Тлумачэньні, што прафсоюз РЭП – зарэгістраваная арганізацыя, якая мае права зьбірацца і абмяркоўваць надзённыя пытаньні, а дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі супрацьзаконныя, не дапамаглі. Кіраўніцтва прафсоюзу зьвярнулася ў Кастрычніцкі РАУС Магілёву са скаргай.

  1. Дзейнасьць спецслужбаў

16 красавіка моладзевую актывістку Хрысьціну Марчук дзьве гадзіны дапытвалі ў Гарадзенскім КДБ. У позве, якую ёй перадаў дэкан філалагічнага факультэту Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсітэту імя Янкі Купалы, не пазначалася, у якасьці каго выклікаюць студэнтку ў гэтую ўстанову. На пачатку размовы супрацоўнікі КДБ катэгарычна адмовіліся назваць свае прозьвішчы і пасады, на што дзяўчына адказала, што ня будзе ў такім разе даваць аніякіх афіцыйных тлумачэньняў. Прадстаўнікоў спецслужбаў найбольш цікавілі акалічнасьці ранейшага затрыманьня Хрысьціны ў Менску ў ліку іншых сябраў незарэгістраванага “Маладога Фронту”. У канцы “гутаркі” супрацоўнікі КДБ папярэдзілі Хрысьціну Марчук пра крымінальную адказнасьць за ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванай арганізацыі. Падпісваць занатаваны зьмест размовы яна адмовілася.

У сярэдзіне красавіка гарадзенскі актывіст партыі АГП Уладзімір Ларын быў выкліканы ў УКДБ па Гарадзенскай вобласці. Супрацоўнік спецслужбаў Рушніцкі вынес яму папярэджаньне, што ў выпадку далейшага ўдзелу ў дзейнасьці апазіцыі, у дачыненьні да сп. Ларына можа быць распачатая крымінальная справа паводле арт. 342 Крымінальнага Кодэксу (Арганізацыя і актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Ён прыгадаў актывісту ягоныя ранейшыя затрыманьні міліцыяй і адміністратыўныя пакараньні, а таксама ўдзел у адзначэньні Дня Волі ў Менску 25 сакавіка. У Ларына былі ўзятыя пісьмовыя тлумачэньні, пасьля чаго актывіста адпусьцілі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international