Гомель: з актывіста спаганяюць падаткі праз суд
14.05.2008.
Тэгі: суды, перасьлед, дэмакратычны актывіст.
Крыніца: Радыё «Свабода».
Інспэктары лічаць, што сума выдаткаў Кастуся Жукоўскага, у прыватнасьці, на набыцьцё дамка ў Гомелі, перавышае задэкляраваныя даходы за апошнія пяць гадоў. Адсюль і патрабаваньне сплаціць 2 мільёны 115 тысяч рублёў падаходнага падатку.
Гаворыць спадар Жукоўскі:
“Гэта ўжо трэцяя спроба падатковай інспэкцыі спагнаць зь мяне звыш 2 мільёнаў рублёў падатку. Яны прывязаліся да таго, нібыта я ня сплачваў падаткі цягам свайго жыцьця. Летась мяне запрасілі ў інспэкцыю даць тлумачэньне. Я набыў хаціну, якая была ў згарэлым стане. Можна сказаць, дзеля пляцу, бо саму хаціну прыйшлося разабраць. Грошы я зьбіраў цягам жыцьця — падпрацоўваў, дапамагалі мае бацькі. Мне сказалі: ты падай паперы на кожную сваю капейку”.
У дэклярацыі пра даходы спадар Кастусь пазначыў і суму грошай, падараваную на вясельле сваякамі з Украіны. Супраць яго распачалі адміністрацыйную справу за атрыманьне і выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі без рэгістрацыі ў Дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці. Акурат за гэта суд аштрафаваў Жукоўскага на 1 мільён 750 тысяч рублёў.
Цяпер — новая справа.
Пытаюся ў намесьніка начальніка падатковай інспэкцыі Канстанціна Трацэўскага: ці было, на яго думку, справядлівым рашэньне наконт спагнаньня дадатковых падаткаў і штрафаў са спадара Жукоўскага?
Трацэўскі: “Што значыць — справядліва ці несправядліва? Падатковая службы не бярэ зь неба зьвесткі, каб паводле іх пасьля даналічваць сумы. Падаткі былі даналічаныя паводле тых дакумэнтаў, якія падаў нам Канстанцін Жукоўскі. Вы ж зразумейце: мы ня можам працаваць паводле прынцыпу: хачу — раблю так альбо інакш. Мы кіруемся законам, а ён лічыць па-іншаму. Няхай суд разьбіраецца, за кім праўда”.
Карэспандэнт: “Ці былі ў Гомелі яшчэ выпадкі, калі жаніха змушалі плаціць падатак за атрыманыя на вясельлі падарункі?”
Трацэўскі: “Выпадкі здараюцца розныя... Мы цяпер гаворым толькі пра гэты канкрэтны выпадак”.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка выказвае сваю думку наконт чарговай судовай справы ў дачыненьні да актывіста Жукоўскага:
“У прэтэнзіях падатковай інспэкцыі да Кастуся Жукоўскага багата нацяжак. Інспэктары ня ўлічваюць шэсьць гадоў працы ў структуры аб’яднаньня “Беларуснафта”, дзе, як вядома, заробкі неблагія. Чаму так робяць падаткоўцы, сказаць цяжка. Хутчэй за ўсё, гэтыя прэтэнзіі зьвязаныя з грамадзкай дзейнасьцю Кастуся Жукоўскага”.
Тым часам у судзе спадар Жукоўскі запатрабаваў перакладчыка на беларускую мову, паколькі судзьдзя Цэнтральнага раёну Аркадзь Калугін справу пра спагнаньне падаткаў пачаў весьці на расейскай мове.
З-за адсутнасьці перакладчыка ў судзе разгляд справы супраць спадара Жукоўскага перанесены на 4 чэрвеня.
Кастусю Жукоўскаму 32 гады, ён жыве ў Гомелі, працуе таксістам. Жанаты, мае маленькую дачку. Як грамадзкі актывіст уваходзіць у арганізацыйны камітэт па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”.
4 лютага суд Савецкага раёну Гомеля аштрафаваў Кастуся Жукоўскага на 50 базавых велічынь за грашовы падарунак, які той атрымаў на вясельле.
Кастуся Жукоўскага затрымлівалі 14 сакавіка падчас канцэрту гурту NRM у гарадзкім цэнтры культуры. На канцэрце Кастусь раздаваў паштоўкі зь віншаваньнем і запрашэньнем узяць удзел у сьвяткаваньні юбілею БНР 25 сакавіка ў Менску. За гэта судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала Кастуся Жукоўскага 14 суткамі арышту й штрафам на 700 тысяч рублёў
Навіны па тэме
03.10.2008 Афіцыйная прэса апублікавала сьпісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў»
03.10.2008 Па вызваленьні Алеся Чыгіра зноў чакае суд
03.10.2008 «Урок беларускае мовы» прызнаны экстрэмізмам
02.10.2008 Яшчэ аднаго кандыдата ў дэпутаты звольнілі з працы
02.10.2008 Выбары скончыліся –запрацавалі суды
Дадаць камэнтар
Вы павінны зарэгістравацца альбо ўвайсьці ў сыстэму , каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма











