У Міхаіла Марыніча праўдападобна здарыўся інсульт

2005 2005-03-11T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле некаторых зьвестак, у вязьня аршанскай калёніі №8 Міхаіла Марыніча 8 сакавіка быў інсульт, яму нібыта паралізавала правую частку цела. Аднак начальнік калёніі Анатоль Лукашэвіч пацьвердзіў гэтыя зьвесткі толькі часткова. Анатоль Лукашэвіч паведаміў карэспандэнту Радыё Свабода, што Міхаіл Марыніч цяпер знаходзіцца ў мэдычнай частцы калёніі і стан ягонага здароўя “здавальняючы”.

Ці сапраўды ў Міхаіла Марыніча быў інсульт, дакладна высьветліць пакуль не ўдалося. Анатоль Лукашэвіч, начальнік аршанскай калёніі, дзе зь мінулага тыдня адбывае пакараньне былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч, ад дакладнага адказу ўхіліўся і перавёў размову на тое, як Міхаіл Марыніч адчувае сябе цяпер.

(Лукашэвіч: ) “Ну, было, але ўсё мінула. Цяпер нармалёвае, добрае здароўе. Ён знаходзіцца ў мэдычнай частцы. Яшчэ нас з вамі двойчы перажыве”.

Між тым іншыя крыніцы сьцьвярджаюць, што Міхаіла Марініча сапраўды напаткала сур’ёзнае захворваньне. Адзін з чытачоў “Народнай волі” паведаміў журналістам газэты гэтыя зьвесткі, спаслаўшыся на крыніцы ў кіраўніцтве калёніі.

Журналістка “Народнай волі” Марына Коктыш:

(Коктыш: ) “Як паведаміў нам чытач, якія меў зносіны з кіраўніцтвам калёніі, у Марыніча быў інсульт і ў яго паралізаваная правая частка цела”.

Паводле яе дадзеных, інсульт здарыўся яшчэ 8 сакавіка.

Нагадаем, адвакаты Міхаіла Марыніча ад пачатку ягонага затрыманьня ў красавіку 2004 года паведамлялі пра дрэнны стан ягонага здароўя. У прыватнасьці, прыводзіліся дадзеныя пра захворваньне сэрца. Аднак на ўсе гэтыя зьвесткі ані сьледчыя, ані суд фактычна не зьвярнулі ўвагу – мера стрыманьня для Міхаіла Марыніча зьмененая не была.

Нагадаем, Міхаіла Марыніча асудзілі да 3,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачваньня ў крадзяжы маёмасьці. Ён лічыць, што яго перасьледуюць з палітычных прычынаў – як апазыцыянэра і магчымага кандыдата на прэзыдэнта. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” абвясьціла Міхаіла Марыніча вязьнем сумленьня.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international