Зьміцер Дашкевіч: Байкот - не ляжаньне на канапе

2008 2008-05-13T17:02:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/normal_zmic0001.jpg
Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Ідэя байкоту не папулярная сярод дэмакратычных сіл Беларусі і, верагодна, яны будуць удзельнічаць у выбарах. Але “Малады Фронт” заявіў пра байкот. Лідэр арганізацыі Зміцер Дашкевіч у інтэрв’ю Рацыі патлумачыў эфектыўнасць прапанаванай палітычнай акцыі.

Зміцер Дашкевіч. Па-першае, трэба разумець, што выбары – гэта працэс дыялогу паміж уладай і людзьмі, якія прагнуць пераменаў, тым больш у аўтарытарным грамадстве. Цяперашняя ўлада дэманструе, што яна не збіраецца ісці ні на які дыялог. Пра гэта сведчаць далейшае знаходжанне ў месцах зняволення Аляксандра Казуліна, судовы працэс па “справе чатырнаццаці”, асуджэнне Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, жорсткае збіццё мірных дэманстрантаў 25 сакавіка. У гэтым умовах ісці на выбары і ўдзельнічаць у галасаванні, я лічу, надзвычай няправільным крокам. Тым больш, што ўжо цяпер, за чатыры месяцы да галасавання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына заяўляе, што яна не валодае паўнамоцтвамі ўключэння прадстаўнікоў дэмакратычных партый у выбарчыя камісіі.

Адміністрацыя прэзідэнта ў асобе Наталлі Пяткевіч заяўляе, што ўвогуле не збіраецца весці дыялог з апазіцыяй адносна выбараў. Усё гэта сведчыць, што выбары нагадваюць тэатр аднаго акцёра, у якім мы ўдзельнічаць не збіраемся.  Што ж тычыцца эфектыўнасці і непапулярнасці байкоту. Безумоўна, многія дэмакратычныя актывісты пойдуць на выбары. Але я перакананы, што з часам яны далучацца да байкоту ў фармаце частковага байкоту. То бок кандыдат ідзе на выбары, праводзіць агітацыйную кампанію, тлумачыць насельніцтву, што калі выбары не будуць дэмакратычнымі, то нельга ісці на галасаванне, а трэба выходзіць на Кастрычніцую плошчу. Таму будзе адбывацца сумяшчэнне двух стратэгій байкоту – поўнага і частковага.

Радыё Рацыя. Які мусіць быць вынік байкоту, да якога заклікае “Малады Фронт”?

З.Д. Трэба разумець, што байкот – гэта не ляжанне на канапе, а яшчэ больш адказная і падрыхтаваная кампанія. Пад час гэтай кампаніі мы будзем тлумачыць насельніцтву: “Ваш голас скрадзены ўжо цяпер. Аб гэтым сведчаць заявы ЦВК і Адміністрацыі прэзідэнта. Падлічыць голас можна будзе толькі, калі мы ўсе разам выйдзем на галоўную плошчу – плошчу Кастуся Каліноўскага”.

Р.Р. Калісьці ты казаў, што “Малады Фронт” пад час выбараў будзе чыніць перашкоды кандыдатам ад Партыі камуністаў Беларускай. Гэта ёсць у вашай стратэгіі і цяпер?

З.Д. Мы не збіраемся чыніць нейкім асобам нейкія перашкоды. Я меў на ўвазе ўвогуле шырокую кампанію супраць камунізму. І гэтая кампанія ў тым ці іншым фармаце і акцыях праводзіцца намі ўвесь час. Безумоўна, мы будзем яе праводзіць надалей, бо лічым, што камунізм – гэта адно з галоўных увасабленняў духоўнай дэградацыі нашага народа. Пад час жа байкоту мы будзем праводзіць шырокую інфармацыйную кампанію з тлумачэннем насельніцтву сваёй пазіцыі.

Р.Р. Якія яшчэ палітычныя сілы гатовыя вас падтрымаць? Напрыклад, нядаўна каардынатар “Хартыі’97” Зміцер Бандарэнка заклікаў да байкоту.

З.Д. Мы будзем каардынавацца і з “Хартыяй’97”, і з іншымі грамадскімі арганізацыямі, якія падтрымаюць нашую стратэгію. Не магу казаць наконт іншых, але ведаю, што ў дэмакратычных партыях шырока вядзецца дыскусія наконт частковага байкоту, калі кандыдаты здымаюцца за некалькі дзён да галасавання. Я перакананы, што большасць дэмакратычных партый далучыцца да гэтага працэсу і ў спалучэнні двух накірункаў дзейнасці будзе моц.

Р.Р. На адным з нядаўніх паседжанняў Палітрады Аб’яднаных дэмсілаў прагучала думка, што нават калі ў Палаце прадстаўнікоў будзе адзін дэмакратычны дэпутат, ён зможа кантраляваць выканаўчую ўладу.

З.Д. Гэта для мяне так смешна, што я нават не ведаю, што тут каментаваць. Сябры, мы павінны даваць сабе справаздачу пра тое, у якой краіне мы жывем. Нават калі ў Палату прадстаўнікоў пройдзе адзін, два ці тры кандыдаты, то, мы ж ведаем, гэта будуць тыя кандыдаты, каторых прызначыць сам Лукашэнка. Гэта будуць тыя кандыдаты, якія яму выгадныя. Паўстае пытанне – а ці патрэбныя нам такія кандыдаты? Гэта будзе яшчэ горшым развіццём падзеяў, бо з дапамогай гэтых псеўда дэмакратаў, якіх бы Лукашэнка прапісаў у парламенце, ён часткова легітымізуе Палату прадстаўнікоў, і з дапамогай гэтай легітымізацыі зможа праводзіць яшчэ большыя палітычныя махінацыі, як то аб’яднанне з Расіяй.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international