viasna on patreon

Пачаўся збор подпісаў у абарону “Газэты Слонімскай”

2008 2008-05-12T14:46:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Ужо некалькі месяцаў “Газета Слонімская” знаходзіцца пад пагрозай закрыцьця. Рэдакцыі адмовілі ў працягу дамовы арэнды без тлумачэньня прычыны, а спробы знайсьці памяшканьне нават у прыватных уласьнікаў не даюць ніякага выніку.

Сытуацыя вакол газеты атрымала розгалас у СМІ. Апрача “Свабоды” пра яе пісалa  “Нямецкая Хваля”, якая нагадала, што “Газэта Слонімская” – адзінае з дзейных недзяржаўных выданьняў на Гарадзеншчыне.

Радыё “Рацыя” з гэтай нагоды піша, што “Газэта Слонімская” мае магчымасьць дайсьці да чытачоў толькі праз сетку распаўсюднікаў, бо “Белпошта” адмовілася ажыцьцяўляць распаўсюд і прымаць падпіску на выданьне.

Пачаўся збор подпісаў у абарону “Газэты Слонімскай”

Распавядае адзін з ініцыятараў збору лекар Слонімскага раённага шпіталю Іван Шэга:

“Вельмі шмат людзей далучылася да збору подпісаў. Я ў апошнім нумары зьмясьціў свой водгук на гэтыя падзеі. Дык мне нават з вёскі людзі тэлефанавалі, казалі, што ў іх многія чытаюць газэту. Людзі просяць: “Калі ласка, пастарайцеся газэту захаваць, бо яна нам вельмі патрэбная”.

Спадар Шэга кажа, што ён пазнаёміўся з рэдакцыйным калектывам, калі быў абраны дэпутатам Слонімскага раённага Савету і заўсёды дапамагаў газэце інфармацыяй.

“Цяпер, калі ў іх праблемы здарыліся, то мы выявілі ініцыятыву і напісалі зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта. Са свайго дэпутацкага досьведу ведаю, што ў іншыя інстанцыі зьвяртацца няма сэнсу. А калі сабраць шмат подпісаў, то, мажліва, рэагаваньне атрымаем”,-- зазначыў спадар Шэга.

“Газэта Слонімская” – адно зь лепшае выданьняў Усходняй Эўропы ў 2007-м

Сытуацыю вакол “Газэты Слонімскай” камэнтуе намесьнік старшыні Беларускай Асацыяцыі журналістаў, намесьнік кіраўніка Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ Андрэй Бастунец:

“Тое, што адбываецца ў Слоніме -- гэта наступ на выданьне з усіх бакоў. Перашкоды ў распаўсюдзе, пагроза пазбавіць ліцэнзіі на розьнічны гандаль, скасаваньне дамовы арэнды. А вось зараз -- спроба выклікаць рэдактара на вайсковыя зборы і, зноў жа, цікавасьць да яго з боку КДБ і ўмяшальніцтва ў таямніцу асабістага жыцьця. Гэта ўсё сьведчыць на тое, што гэтыя дзеяньні неяк узгодненыя і накіраваныя на зьнішчэньне адзінага на Гарадзеншчыне зарэгістраванага незалежнага выданьня. Але, ня гледзячы нават на праблемы з распаўсюдам, на тое, што іх выключылі з падпіскі, што іх выкінулі з шапікаў “Белсаюздруку”, яны маюць дастаткова вялікі наклад, каля 7 тысячаў асобнікаў. Яны за мінулы год былі названыя фондам часопіса “Цайт” адным зь лепшых выданьняў Усходняй Эўропы, былі ўзнагароджаныя. І зразумела што гэтае выданьне ў рэгіёне карыстаецца і папулярнасьцю, і павагай. Цікавае выданьне”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства