Галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Віктара Валадашчука вызвалілі ад праходжання вайсковых збораў.

2008 2008-05-12T14:40:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёння раніцай  падчас медыцынскага агляду ў ваенкамаце ў журналіста выявілі гіпертанію 2-й ступені. «Я так зразумеў, што ў мірны час мяне на зборы вырашылі не забіраць», — паведаміў прэс-службе БАЖ галоўны рэдактар недзяржаўнага рэгіянальнага выдання.

Паводле атрыманай позвы, Віктар Валадашчук мусіў удзельнічаць у вайсковых вучэннях з 20 траўня па 15 чэрвеня. 22 красавіка начальнік Слонімскага раённага ваеннага камісарыяту паведаміў у гутарцы з журналістам, што накіраваць яго на зборы «парэкамендаваў» абласны ваенкамат.

Нягледзячы на «адбой» па зборах, сітуацыя вакол «ГС» па-ранейшаму застаецца напружанай. Па інфармацыі рэдактара, напрыканцы траўня дзейнасць рэдакцыі выдання пачне правяраць падатковая інспекцыя. Акурат 1 чэрвеня з рэдакцыяй скасоўваюць дамову арэнды памяшкання, а 25 чэрвеня заканчваецца тэрмін ліцэнзіі на ажыццяўленне раздробнага гандлю выданнем — продаж газеты праз уласную сетку распаўсюду. 

Акрамя таго, днямі Віктар Валадашчук апублікаваў на сайце «Газеты Слонімскай» дакумент за подпісам начальніка раённага КДБ Аляксандра Мазалькова, адрасаваны загадчыку псіханеўралагічнага аддзялення слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы сп-ру Кандратоўскаму. У лісце ўтрымліваецца загад праверыць па ўліках псіханеўралагічнага і наркалагічнага дыспансераў галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Віктара Валадашчука і яго блізкіх. 

У адкрытым лісце Віктар Валадашчук выказвае здзіўленне павышанай цікавасцю КДБ да здароўя яго і яго блізкіх. Журналіст патрабуе, каб начальнік раённага КДБ патлумачыў яму матывы сваіх дзеянняў. 

На думку Віктара Валадашчука, захады супраць яго непасрэдна звязаныя з жаданнем уладаў зліквідаваць адзінае зарэгістраванае незалежнае грамадска-палітычнае выданне Гродзенскай вобласці — «Газету Слонімскую».

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international