Міліцыя зрабіла Борыс "крайняй"

2008 2008-05-12T12:38:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Старшыні Саюзу палякаў на Беларусі Анжаліцы Борыс пагражае адміністрацыйнае спагнаньне за арганізацыю ў Горадні канцэрту польскага гурта “Lombard”. Выступ вядомай польскай каманды быў прымеркаваны да 20-годзьдзя з дня заснаваньня Саюзу палякаў. 

Галоўным арганізатарам імпрэзы зьяўлялася Генэральнае консульства Польшчы ў Горадні, Саюз палякаў на Беларусі выступаў у якасьці аднаго з суарганізатараў.

Роўна тыдзень спатрэбілася гарадзенскай міліцыі, каб прыйсьці да высновы, што мерапрыемства было несанкцыянаванае. Хаця падчас самога канцэрту міліцыянты не прад’яўлялі прэтэнзіяй ані да Анжалікі Борыс, ані да музыкаў, а нават самі зь цікавасьцю слухалі выступленьне гурту Lombard.

Распавядае Інэса Тодрык, актывістка Саюзу палякаў з Горадні.

І. Тодрык: На працягу месяца ўлады адмаўляліся прадставіць памяшканьне для арганізацыі канцэрту. У такім вялікім горадзе, як Гародня, не знайшлося месца, каб зладзіць выступ. Нават польскае консульства спрбавала, але беспасьпяхова. Таму выступ адбыўся на тэрыторыі прыватнай фірмы, каля консульства. На канцэрце былі і міліцыянты, і КДБэшнікі, ніхто ня ўмешваўся, імпрэза адбылася без праблемаў. А цяпер высьвятляецца, што старшыня Саюзу палякаў будзе адказваць за арганізацыю мерапрыемтсвы. Спадзяемся, што гэта будзе штраф, а ня арышт. 

На пляцоўцы, дзе адбываўся канцэрт, былі міліцыянты, супрацоўнікі спэцслужбаў здымалі мерапрыемства на стужку, але папярэджаньня пра магчымы нелегальны сход ніхто не высунуў. Тым больш, што падчас усяго канцэрту не адбылося ніводнага інцыдэнту. Гаворыць адзін з прысутных на канцэрце Эдвард Дзьмухоўскі.

Э. Дзьмухоўскі: Ніякага правапарадку там не парушалася, звачайная справа, што людзі махалі на канцэрце сьцягамі. У любой краіне, дзе моладзь трымае нацыянальны сьцяг, гэта вітаецца. Але тут гэта поўны абсурд, рэчаіснасьць нашага часу. Яны баяцца ўсяго, нават звычайнага канцэрту, людзей на гэтым канцэрце. У Гародні яны баяцца ўсяго, гэта нейкі жах. Калі адбываецца любая праява свабоды, то яны пачынаюць шалець і выдумляць нешта.

Дзеяньні гарадзенскай міліцыі ў чарговы раз сьведчаць аб тым, што ўлады не зацікаўленыя ў паляпшэньні стасункаў з Саюзам палякаў. Той факт, што справа ўсплыла тыдзень пасьля імпрэзы, дае падставу меркаваць, што рашэньне прыймалася на вышэйшым узроўні.

На думку Паўла Мажэйкі з гарадзенскага Руху “За Свабоду”, улады не даруюць аніводнай акцыі іншадумства, каб не стварылася ўражаньня пра яе слабасьць. 

П. Мажэйка: Самае важнае, што ідэя гэтага канцэрту, як і іншых падобных акцыяў – гэта ідэя салідарнасьці, незалежнасьці, нармальных стасункаў паміж нашымі народамі, усё тое, што сёньня не ў пашане ў беларускага кіраўніцтва. Міліцыя баіцца перашкодзіць канцэрту падчас яго ці на пачатку, але пасьля, калі ўжо сьцішаныя эмоцыі, калі няма 300-400 гледачоў, яны заўжды пакараюць арганізатараў, каб далей не дазваляць людзям іх ладзіць і зьбірацца.  

Супраць Анжалікі Борыс быў складзены пратакол паводле артыкулу “арганізацыя несанкцыянаванага мерапрыемства”, за што Адміністрацыйны кодэкс Беларусі прадугледжвае штраф альбо пазбаўленьне волі да 15 сутак. Дакладная дата суду над Анжалікай Борыс пакуль невядомая.  

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international