viasna on patreon

Студэнта ЕГУ Алега Грубіча не выпускаюць за мяжу

2008 2008-05-08T16:53:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Студэнт 1 курсу факультэту Гісторыі Беларусі і культурнай антрапалогіі Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэту Алег Гурбіч прыехаў з Вільні ў Менск на сьвяты, аднак выехаць назад ня здолеў. Памежнікі зьнялі яго з цягніка без тлумачэньня прычынаў і 5 гадзінаў прымусілі чакаць, пасьля чаго адправілі ў Менск для далейшага высьвятленьня абставінаў. 

Вярнуўшыся дадому, студэнт накіраваўся ў райаддзел міліцыі, каб даведацца, па якой прычыне яму адмоўлена ў выездзе за мяжу. Міліцыянты накіравалі яго ў АГіМ (былы АВІР), там Алегу далі пісьмовую даведку, што ён унесены ў сьпіс невяздных Міністэрствам абароны РБ нібыта ў сувязі з ухіленьнем ад вайсковай службы.

У Першамайскім ваекамаце патлумачылі, што яшчэ год таму супраць Алега Грубіча па гэтай прычыне была ўзбуджана крымінальная справа, але была спыненая, бо тады студэнт навучаўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага. Даведка аб тым, што цяпер ён зьяўляецца студэнтам ЕГУ не вырашыла пытаньне, бо пасьля сакавіцкіх падзеяў 2006 году Алег быў выключаны па палітычных матывах з Акадэміі мастацтваў, дзе навучаўся адразу на двух сьпецыяльнасьцях, з фармулёўкай "акадэмічная непасьпяховасьць". Па цяперашняму заканадаўству менавіта гэтая фармулёўка і не дае адтэрміноўкі ад прызыву на вайскувую службу, нават калі ты зноўку паступіў на дзённае аддзяленьне і зьяўляешся студэнтам навучальнай установы. Акрамя таго, учора ў ваекамаце патлумачылі, што асобай Алега Грубіча вельмі цікавіцца КДБ, аднак абяцалі выдаць адтэрміноўку да 16 чэрвеня.

Сёньня, перад тым, як зайсьці ў ваенкамат за дакументам, які дае дазвол на часовае прыпыненьне абмежаваньня права грамадзяніна на выезд за межы краіны, Алегу настойліва тэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам спецслужбаў і прызначаў сустрэчу. Алег ад сустрэчы адмовіўся, сказаўшы, што прыйдзе па позве, аднак у ваенкамаце яго ўжо чакалі двое "ў цывільным". Супрацоўнікі КДБ размаўлялі ветліва, засьцерагалі ад магчымых праблемаў, прапаноўвалі супрацоўніцтва і г.д. У той жа час вайсковы камісар Першамайскага ваенкамату Варвашэня А.М. запэўніў студэнта, што выдадзены яму дакумент не азначае, што Алег Грубіч зможа выехаць у Вільню, бо пракуратура на падставе адноўленай крымінальнай справы за ўхіленьне ад войска можа таксама ўнесьці яго ў сьпіс невыздных.

Пры гэтым, як зазначае хлопец, ён не зьяўляецца палітычным актывістам ці сябрам незарэгістраванай моладзевай арганізацыі, ён больш цікавіцца культурай, гісторыяй і ягоная дзейнасьць палягаем менавіта ў гэтым кірунку. Так, у Вільні ён быў адным з арганізатараў напісаньня агульнанацыянальнай дыктоўкі, прымеркаванай да 90-годзьдзя ўтварэньня БНР.  

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства