“Ленінскі кліч” супраць крычаўскіх апазыцыянэраў
08.05.2008.
Тэгі: суды, грамадства, дзяржаўная прэса.
Крыніца: Прэс-служба Партыі БНФ.
Калегія Магілёўскага абласнога суду пакінула ў сіле пастанову Чавускага суду аб правядзеньні лінгвістычнай экспэртызы гумарэсак, якія друкавала газэта Крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч”. Пастанову судзьдзі Алены Каралько намагалася ў прыватным парадку абскардзіць рэдактарка крычаўскай раёнкі Тацяна Іўкіна.
Паводле скаржніцы, экспэртыза судзьдзёй была прызначаная неабгрунтавана, бо ў гумарэсках усе пэрсанажы нібыта выдуманыя, а іх супадзеньні з рэальнымі людзьмі -- выпадковыя.
Гумарэскі “Ленінскага клічу” сталіся нагодай для грамадзянскай справы аб абароне гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.
Паводле пазоўнікаў, рэдактара недзяржаўнай крычаўскай газэты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага й заснавальніка гэтага выданьня Ўладзімера Кудраўцава, у гумарэсках у зьняважлівай форме апісвалася дзейнасьць крычаўскіх апазыцыйных палітыкаў, грамадзкіх актывістаў ды журналістаў недзяржаўных выданьняў. Прозьвішчы пэрсанажаў скажаліся да зьняважлівых мянушак, у якіх пазнаваліся канкрэтныя людзі й факты з іхнага асабістага жыцьця.
Праз суд Няроўны й Кудраўцаў намагаюцца спагнаць з адказьнікаў 10 мільёнаў рублёў кампэнсацыі за маральную шкоду.
Адказьнікамі ў судзе выступаюць рэдактарка “Ленінскага клічу” Тацяна Іўкіна, яе намесьнік Уладзімер Далецкі, а таксама карэспандэнты выданьня Аляксандар Гаўрыленка ды Аляксей Іваноў. Суд вызначыў, што менавіта яны гумарэскі й пісалі.
6 сакавіка Чавускі суд прыпыніў разгляд справы й накіраваў шаснаццаць гумарэсак на лінгвістычную экспэртызу. Яе павінна правесьці кандыдат філялягічных навук Аксана Шчарбакова.Навіны па тэме
25.07.2008 Канстытуцыйны суд заплюшчыў вочы на новы Закон аб СМІ
25.07.2008 У Бабруйску ізноў судзяць былога настаўніка А.Чыгіра
21.07.2008 У бацькоў Сяргея Скрабца канфіскуюць маёмасьць
18.07.2008 У Зэльве нішчаць парк
18.07.2008 Беларусь выйшла ў сусветныя лідэры па самагубствах
Дадаць камэнтар
Камэнтары
Камэнтароў да гэтага артыкулу няма









