1 мая – у Першамайскім РУУС

2008 2008-05-02T13:54:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пакуль камуністы і сацыял-дэмакраты партыі Казуліна адзначалі Першамай на Бангалоры, сябры кампаніі «Эўрапейская Беларусь» і арганізацыі «Малады фронт» прыйшлі а 12 гадзіне да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе адбывалася афіцыйнае сьвяткаваньне. З такой ініцыятывай выступіў старшыня аргкамітэту па стварэньні БСДП «НГ» Мікалай Статкевіч.

Некалькі дзесяткаў маладзёнаў спрабавалі разгарнуць на пляцоўцы ля бібліятэкі сьцягі Эўрасаюзу, а Мікола Статкевіч нават пасьпеў праз мэгафон павіншаваць прысутных са сьвятам салідарнасьці працоўных, пасьля чаго яго затрымалі. Амонаўцы хутка павырывалі сьцягі, а саміх дэманстрантаў запіхалі ў міліцэйскія аўтобусы.

Усіх арыштаваных адвезьлі ў Першамайскі РУУС. Па словах моладзевага лідэра Івана Шылы, які таксама быў затрыманы, супрацоўнікі міліцыі парвалі Зьмітру Хведаруку пінжак, кашулю і штаны. Хлопца працягнулі па асфальце каля 150 мэтраў. Іван Шыла таксама сказаў, што ў міліцэйскім аўтобусе супраць Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіч і ўсё таго Зьмітра Хведарука ўжывалася фізычная сіла.

Пад сьценамі пастарунку адразу сабраліся актывісты з партрэтамі арыштаваных. Моладзь стала ў ланцуг перад РУУС, праводзячы акцыю салідарнасьці. І тады было затрымана некалькі чалавек. У ліку затрыманых апынуўся нават журналіст газэты «Белорусы и рынок» Генадзь Барбарыч, але празь нейкі час яго вызвалілі.

Паадпускалі з пастарунку і непаўналетніх. На ўсіх астатніх, па словах Івана Шылы, складаюць пратаколы адміністрацыйных правапарушэньняў. Амонаўцы кажуць затрыманым, маўляў, сустрэнемся заўтра на судах.

Дакладна вядома, што сярод затрыманых Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Хведарук, Аляксей Янушэўскі, Яўген Афнагель, Максім Дашук, Мікіта Красноў, Зьміцер Бародка, Павал Кур’яновіч.

17:51. Выпусьцілі ўсіх затрыманых, апроч Міколы Статкевіча. На Зьмітра Дашкевіча, Артура Фінькевіча, Зьмітра Хведарука, Яўгена Афнагеля і Паўла Юхневіча склалі пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. З хлопцаў узялі толькі вуснае абяцаньне, што па першай жа позьве яны зьявяцца ў суд.

Што да Статкевіча, то, найхутчэй, судзіць яго будуць 2 траўня, а ноч палітык правёў у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international