viasna on patreon

У Салігорску грамадзкі транспарт загучаў па-беларуску

2008 2008-04-30T18:47:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Год таму салігорскія маладафронтаўцы ўсяго за некалькі тыдняў сабралі каля 2000 подпісаў гараджан пад зваротам аб беларусізацыі мясцовага грамадзкага транспарту. Звароты былі перададзены ў выканкам і дырэкцыю аўтапарка. Калі ад вертыкалі зразумелага і адэкватнага адказу атрымана не было, то ў аўтапарку просьба гараджан была ўспрынята з павагай і ініцыятарам кампаніі далі станоўчы адказ.

Аднак чакаць зьяўленьня агучкі прыпынкаў у салігорскім грамадзкім транспарце па-беларуску прыйшлося практычна адзін год. Як кажуць, абяцанага тры гады чакаюць. Нарэшце родную мову штодня змогуць пачуць тысячы салігорцаў.

Аляксей Валабуеў, адзін з ініцыятараў збору подпісаў, так пракамэнтаваў гэтую падзею:

- Вельмі прыемна, што ў рэшце рэшт беларуская мова загучала і ў салігорскіх аўтобусах. Агульнавядома, што беларуская мова зьяўляецца візытнай карткай менскага мэтрапалітэна і грамадзкага транспарту буйнейшых гарадоў Беларусі. Цяпер гэта будзе візытнай карткай і нашага грамадзкага тарнспарту. Як вядома, беларуская ўжо даўно прызнана мовай элітаў. Вядучыя беларускія і сусьветныя фірмы імкнуцца як мага больш ужываць беларускую мову пры прасоўваньні сваіх тавараў і паслугаў на нашым рынку. Таму можна быць упэўненым, што гэты крок насустрач грамадзтву ёсьць ўзаемавыгодны. Ад імя ўсіх падпісантаў і ад сябе асабіста хацелася б выказаць шчырую падзяку кіраўніцтву салігорскага аўтобуснага парку.

Маладзёны не зьбіраюцца спыняцца на дасягнутымі і ўжо распачалі кампанію па беларусізацыі апэратараў мабільнай сувязі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства