Мілінкевіч: “Трэба займацца палітыкай не дзеля саміх сябе”

2008 2008-04-25T16:21:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

30 cустрэчаў у 23 гарадах Беларусі, мноства затрыманняў, праколатыя колы, пытанні пра інфляцыю, льготы і карупцыю, пераадолены страх людзей, прафілактычныя гутаркі з міліцыяй – такі вынік паездак, што правёў на працягу трох месяцаў лідэр Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч.

За апошнія тры месяцы, пачынаючы з лютага, Аляксандр Мілінкевіч правёў трыццаць сустрэчаў у 23 гарадах Беларусі. У залежнасці ад горада, у іх прымала ўдзел ад 30 да 200 чалавек. Было пададзена больш за 20 заявак на афіцыйнае правядзенне сустрэчаў, аднак мясцовыя ўлады на ўсе адказалі адмоўна. 

- Гэтыя сустрэчы дадаюць упэўненасці, што ў Беларусі усё больш людзей, якія хочуць змены сённяшняй палітыкі. Гэта гаворыць пра тое, што хутка Беларусь будзе іншай. Людзям патрэбна альтэрнатыва і ў бачанні Беларусі, і персанальная, - адзначыў Аляксандр Мілінкевіч. – Такія сустрэчы – гэта разбурэнне страху ў людзях, змяншэнне апатыі, данясенне да іх інфармацыі, ацэнка грамадскіх настрояў. Сярод усіх пытанняў я б вылучыў тры асноўныя: пытанне росту цэнаў, скасавання льготаў і безабароннасці перад уладай. Гэтыя пытанні прагучалі ва ўсіх рэгіёнах і ў гэтым сэнсе краіна аднародная. 

Падчас кожнай паездкі Аляксандра Мілінкевіча затрымлівалі супрацоўнікі ДАІ па самых розных прычынах: у аўтамабілі “перабітыя” нумары, для высвятлення асобы, па падазрэнні ва “ўгоне”. На сустрэчах прысутнічалі міліцыянты, спецназаўцы, супрацоўнікі ідэалагічных аддзелаў. Неаднаразова пасля сустрэчаў палітыка запрашалі ў РАУСы для тлумачэнняў. Падчас апошніх паездак па Брэсцкай і Гродзенскай вобласці двойчы былі праколаты колы аўтамабіля Аляксандра Мілінкевіча, а міліцыянты Гродна абвінавацілі палітыка ў крадзяжы золата. 

- Такія дзеянні ўлады сведчаць толькі пра яе бездапаможнасць і непадрыхтаванасць да адкрытага дыялогу. А людзі разумеюць, што калі чыноўнікі так баяцца, то значыць, нешта ідзе не так. Улада павінна зразумець, што існаванне альтэрнатывы неабходнае, гэта натуральна, - пракаментаваў лідэр Руху “За Свабоду” дзеянні ўладаў. 

У планах Аляксандра Мілінкевіча - працяг паездак па Беларусі, на травень запланаваны візіты па Мінскай і Віцебскай вобласцях: “Ездзіць варта, варта сустракацца з людзьмі, і ўсім дэмакратычным палітыкам трэба гэта рабіць. Мы павінны займацца палітыкай не дзеля саміх сябе!”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international