Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы рыхтуе заяву па сітуацыі са свабодай слова на Беларусі

2008 2008-04-17T14:29:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Беручы пад увагу жорсткасць дзеянняў міліцыі ў дачыненні да карэспандэнтаў, якія рабілі рэпартажы пра мірную дэманстрацыю, а таксама ператрусы ў журналістаў, праведзеныя органамі бяспекі, Падкамітэт ПАРЕ па СМІ заклікае беларускія ўлады правесці расследаванне гэтых падзеяў і настойвае на паважлівым стаўленні да фундаментальнага права на свабоду выказвання кожнага грамадзяніна Беларусі, асабліва журналістаў», — гаворыцца ў праекце заявы. Мяркуецца, што канчатковы тэкст гэтага дакумента будзе распаўсюджаны 17 красавіка.

Як паведаміла прэс-службе БАЖ Жанна Літвіна, пасяджэнне Падкамітэту адбывалася пад старшынствам Эндру Макінтоша і праходзіла з 15.00 да 16.00 па беларускім часе. Адным з галоўных пытанняў, што абмяркоўваліся на сустрэчы, было беларускае заканадаўства ў галіне СМІ — у прыватнасці, новы законапраект «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі».

Акрамя гэтага, старшыні БАЖ далі магчымасць распавесці пра ператрусы і затрыманні беларускіх журналістаў у канцы сакавіка. Жанна Літвіна ў чарговы раз агучыла праблемы недзяржаўных СМІ з друкам і распаўсюдам і акрэсліла кола пытанняў, без вырашэння якіх немагчымы дыялог у беларускім грамадстве: роўныя эканамічныя ўмовы для СМІ рознай формы ўласнасці, адмена найбольш адыёзных артыкулаў Крымінальнага Кодэксу і г.д. 

Жанна Літвіна прапанавала еўрапейскім дэпутатам дапоўніць 2-і пункт з «12 патрабаванняў і прапаноў» Еўразвязу, датычны права на атрыманне інфармацыі і бесперашкоднай працы журналістаў. Акрамя вяртання журналістам забранай ў часе паратрусаў тэхнікі, яна лічыць неабходным патрабаваць акрэдытацыі ў Беларусі карэспандэнтаў тэлеканалу «Белсат», «Еўрапейскага радыё для Беларусі» і «Радыё Рацыя»

Тэму дыялогу падтрымаў дакладчык камітэту ПАРЕ па юрыдычных пытаннях і правах чалавека Хрыстас Пургурыдэс. Ён адзначыў, што інфармацыя пра жорсткі ўціск прэсы ў Беларусі для яго не новая, і што яна знаходзіла адлюстраванне ў яго ўласным дакладзе 2004 г. Па словах сп-ра Пургурыдэса, трэба прадумаць дадатковыя шляхі ўплыву на беларускія ўлады. Для дыялогу патрэбны як мінімум мараторый альбо адмена артыкулаў КК РБ, датычных паклёпу на кіраўніка дзяржавы і чыноўнікаў, дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь і супрацоўніцтва з незарэгістраванымі арганізацыямі, альбо абавязальніцтва не прымяняць іх на практыцы, — падкрэсліў Х. Пургурыдэс. 

Дакладчык ПАРЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні таксама выказаў занепакоенасць станам свабоды слова ў Беларусі — асабліва ў звязку з набліжэннем парламенцкіх выбараў. Ён падкрэсліў важнасць свабоднага доступу да СМІ ў перадвыбарны перыяд і паведаміў, што цяпер рыхтуецца да чарговага візіту ў Беларусь. 

Акрамя Жанны Літвіной, з беларускага боку ў сустрэчы бралі ўдзел палітык Юрась Губарэвіч, кіраўніца брусельскага «Офісу за дэмакратычную Беларусь» Вольга Стужынская, а таксама Андрэй Сухарэнка, які працуе ў беларускай дыпмісіі ў Страсбургу. Пасля прамовы Жанны Літвіной сп-ру Сухарэнку прапанавалі выступіць са словам у адказ, але ён адмовіўся.

Дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Таццяна Сафроненка, якая кіравала рабочай групай па распрацоўцы законапраекту «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», адмовілася браць удзел у пасяджэнні Падкамісіі па СМІ, спаслаўшыся на занятасць.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international