Пэгас за кратамі

2008 2008-04-18T14:23:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Парада не заракацца ад жабрацтва і турмы як ніколі і, здаецца, як нідзе, актуальная ў сучаснай Беларусі. За кратамі ў любы момант можа апынуцца і вядомы мастак, і журналіст. Пра затрыманьне 25 сакавіка і побыт на Акрэсьціна піша Сямён Печанко.

Прыеду, калі не пасадзяць

Часам, на шчасьце, рэдка, мяне апаноўвае раптоўнае пачуцьцё дурной наканаванасьці — хутка здарыцца штосьці малапрыемнае, прынясе клопат. Пры гэтым адчуваецца неадольная перадвызначанасьць — такая, што застаецца толькі чакаць і рыхтавацца.

На выходныя перад Днём Волі я нечакана для сябе выкраіў час, каб зьезьдзіць да бацькі абрэзаць сад, — яблыні летась адпачывалі і сёлета абяцаюць багаты ўраджай. Нешта мяне гняло, што пазьней я не пасьпею з абрэзкай.

Той тыдзень у мяне быў расплянаваны. 25‑га пасьля працы меўся сустрэцца зь сябрамі, а ў сераду з адным зь іх зьбіраліся на футбол. У суботу мае аднагрупнікі меркавалі адзначыць у Горадні пяцігодзьдзе выпуску. Па тэлефоне арганізатару сустрэчы я цьвёрда паабяцаў: «Прыеду, калі на суткі не пасадзяць».

Несвабодны тэатар

А ўвечары 25‑га, калі на праспэкце да мяне падбег «касманаўт» і пацягнуў у аўтобус, стала не да жартаў. На маё «прэса!» ён мармытнуў «там разьбярэмся». Аўтобус паступова запаўняўся. «Мы ішлі ў тэатар!» — крычалі дзьве жанчыны, як высьветлілася пазьней, гарадзенкі. «А чым вам тут не тэатар?» — усьміхнуўся ў пастарунку адзін з затрыманых.

У Маскоўскім РУУСе ўсіх аформілі пад шаблён. Сабралі дакумэнты (маё пасьведчаньне ізноў праігнаравалі) і пачалі высьвятляць, хто дзе працуе. У маёра, што падышоў да мяне з такім пытаньнем, я ўбачыў сьпіс, у якім супраць нашых прозьвішчаў быў пазначаны артыкул 23.34. На той момант у нас яшчэ не ўзялі пісьмовых тлумачэньняў і ня склалі пратаколаў затрыманьня. Пытаньні задаваць бессэнсоўна — канвэер працуе бездакорна: затрымлівае адзін, у пастарунак вязе другі, дакумэнты перапісвае трэці, тлумачэньні бярэ чацьверты, пратакол складае пяты, рэчы апісвае шосты, на судзе сьведчыць сёмы. У выніку спытаць няма з каго, канцоў не адшукаеш.

«Мянушка ёсьць?» — з крывой усьмешкай пытае міліцыянт затрыманага. «Я чалавек, а не сабака, і маю імя і прозьвішча», — гучыць у адказ. Крывая ўсьмешка зьнікае. Сярод затрыманых адзінкі ня мелі вышэйшай адукацыі. Тут былі дзьве сямейныя пары, два родныя браты, сьвятар, польскія студэнты з Кракава. А недзе працягвалі весяліцца не абцяжараныя падпіскай аб нявыезьдзе Менцюкі.

Старлей, што складаў на мяне пратакол, на мае тлумачэньні заўважыў: «Я б таксама не пагадзіўся з такім пратаколам». Пазьней ён са злосьцю кінуў, што час яму звальняцца з дурной працы, ды ісьці на трактарны.

Пачалі апісваць асабістыя рэчы, і стала ясна, што «разьбірацца» ніхто ня будзе.

Ніякай камэрцыі ды палітыкі

Пераначаваўшы ў халоднай камэры, мы патрапілі ў суд. Па дарозе жартавалі пра нараду судзьдзяў з удзелам Лукашэнкі: «Вось зараз і праверым, ці ёсьць палітыка з камэрцыяй у нашым судзе».

Разьмясьціліся ў вольнай залі. За сьпінамі паселі «сьведкі». Падпалкоўнік патлумачыў судовую працэдуру і колькі словаў распавёў пра новы будынак Маскоўскага суду. На рэшту дадаў, што асуджаных на суткі будуць карміць прывезенымі з рэстарану стравамі. Пачалі выклікаць да судзьдзяў. Першыя вынікі зьдзівілі і пасялілі сярод людзей кволую надзею — давалі штрафы. Але вось ад судзьдзі вярнуўся прадпрымальнік і старшыня гарадзкой арганізацыі АГП Віктар Калей: 15 сутак.

Выклікаюць мяне. У залі прысутнічаюць мая жонка Тацяна, калега Зьміцер Панкавец, адвакатка, праваабаронцы. Судзьдзя выслухоўвае мае тлумачэньні, затым Панкаўца. Яе цікавіць, зь якой адлегласьці я выконваў свой прафэсійны абавязак, тое ж пытае і ў Зьмітра. Адказваю, што закон дазваляе знаходзіцца сярод удзельнікаў мерапрыемстваў і на несанкцыянаваных акцыях у тым ліку.

У залю запрашаюць сьведак з боку міліцыі. Зь першых сэкундаў у мяне зьяўляецца ўражаньне, што міліцыянта, які бадзёра‑завучана распавядае пра ўчорашняе затрыманьне, я бачу ўпершыню. Задаю яму пытаньні, і гэтае пачуцьцё толькі мацнее: ён не памятае, ці быў у мяне журналісцкі бэйдж (мо з флікерам паблытаў?), ня можа ўзгадаць, у які аўтобус мяне цягнуў («в той суматохе трудно было запомнить, кажется, в первый или в третий»). Насамрэч у другі. Ад яго я даведваюся, што выкрыкваючы антыдзяржаўныя «Ганьба!» і «Жыве Беларусь!», я, «возможно, держал в руках флаг, которым, также возможно, размахивал».

Пазьней міліцыянт у цывільным, які адводзіў нас да судзьдзі, разьвее мой сумнеў: «Галоўнае, што ён цябе пазнаў».

Другі сьведка прынамсі не выказвае задавальненьня ад дзеі. Ён не вінаваціць мяне наўпрост — «там все кричали, я не слышал, что именно он кричал».

Адвакатка просіць апраўдаць мяне, альбо, калі такое немагчыма, аштрафаваць. Мне робіцца сьмешна. Але стрымліваюся, каб выпадкова не абразіць Высокі суд.

Праз паўтары гадзіны ў адсутнасьць сьведак зачыталі вырак: 15 сутак. Судзьдзя прадказальна не знайшла нагоды не паверыць міліцыянтам.

А 19‑й да нас далучаецца Павал Севярын. Таксама «пятнашка». І таксама судзьдзя Ўнукевіч. Вынік працоўнага дня Маскоўскага суду — 260 базавых велічыняў штрафаў і тройка арыштаваных на 15 сутак за ўдзел у палітычнай акцыі.

Суседзі, суседзі

Акрэсьціна для мяне было як убачаны пасьля прачытаньня кнігі фільм: тут усё знаёмае з аповедаў людзей, што адседзелі на сутках раней. Да нашай тройкі ў 1‑ю камэру хутка далучаюць Зьмітра Дашкевіча і Артура Фінькевіча. У хлопцаў разьбітыя твары, абодва нэрвова мераюць крокамі камэру. Пазьней яны ратуюць нас ад голаду — ім пашчасьціла перахапіць у судзе перадачу. Мы ня елі больш за суткі — спосаб прытупіць волю да абароны ў судзе.

Потым нас перавялі на трэці паверх у 20‑ю камэру. Група маладафронтаўцаў ды Ільля Богдан, што далучыліся да нас неўзабаве, пасьля кароткіх дэбатаў з новым начальнікам, былі разьведзеныя па розных «хатах».

У нашай камэры засталіся Дашкевіч, Уладзя Сяргееў, Віктар Калей, Павал Севярын і я. Хутка да нас падсялілі «бытавых».

Яша Нодзія, грузін, атрымаў 15 сутак за тое, што ўчыніў на борце рэйсу «Менск—Тбілісі» скандал, «Боінг» вярнуўся ў аэрапорт. У турме мы ратавалі Яшу ад хваробы пячонкі. Выклікалі хуткую, выпрошвалі ў доктара лекі. Нодзія, як апынулася, меў досыць авантурны характар, паўжыцьця правёў у турмах.

Да турмы прафэсійна займаўся гімнастыкай, выступаў за савецкую юнацкую зборную, колькі гадоў трэніраваўся разам з нашым Віталем Шчэрбам. «Жылі разам, езьдзілі адзін да аднаго ў госьці», — з усьмешкай узгадвае Яша.

Ён без асаблівай напругі чытае «НН», бо прасядзеў ва Ўкраіне 8 гадоў, мова для яго ня цяжкая. Ад Алеся Марачкіна, зь якім ён сядзеў пэўны час, ведае пра БНР.

Год здароўя

Генадзь трапіў на суткі ледзь не ад станка — на ім роба з сымболікай МТЗ. Гену здаў участковы. «Цяпер год здароўя, то нас і ловяць як ніколі», — сур’ёзна кажа дзядзька. Твар яго апухлы, забралі акурат у часе чарговага запою. Пазьней яго адвязуць у суд, дзе абвесьцяць пра прымусовае накіраваньне ў ЛТП на год. Участковы будзе выбачацца і казаць, што на яго цісьне начальства. Год здароўя, што паробіш.

Аляксандра здае жонка. Гэта трэцяя яго ходка ад пачатку году. Ён электрык, рукасты і начытаны дзядзька. Вылепіў з хлеба шахматы і фішкі для судоку — японцы, мабыць, былі б уражаныя ад такога ноў‑хаў. Саша расказвае гісторыю, як муж жонку адвучыў здаваць яго на суткі. Стаміўшыся ад «гастроляў», дзядзька выгадаў момант, калі сам быў цьвярозы, а жонка акурат добра пагуляла зь сяброўкай. Зьеў талерку жончынага баршчу, рэшту выліў сабе на галаву і выклікаў міліцыю. Паспытаўшы прыгодаў на Акрэсьціна, жанчына больш не здавала сужэнца.

Ці не над кожным трэцім побытавым «пасажырам», што праходзяць праз нашу камэру, навісае пагроза адпраўкі ў «лётна‑тэхнічны полк». Усё празь беспрасьветнае п’янства.

Тры вядра соку і пяць «Белгазетаў»

Неўзабаве прыносяць першыя перадачы. Цяпер сутачнікам дазволена перадаваць толькі штосьці з вопраткі, гігіенічныя сродкі, сокі, ваду і вітаміны. Хутка ля супрацьлеглай ад уваходу сьцяны выстройваецца батарэя з корабаў з сокам і пляшак з вадой. Штодня ў нас назапашваецца каля 30 літраў самых розных сокаў і нэктараў.

Прыносяць і прэсу: газэты і часопісы. Ня ведаючы, хто з кім сядзіць, людзі нясуць усё сьвежае. Пад вечар набіраецца 3—5 нумароў «Белгазетаў» ды «Камсамолак». Рэгулярна трапляюць «Народная воля» і «НН». Вялікая рэч — ведаць, што цябе падтрымліваюць!

Хоць і не пакідае запозьненае ўжо адчуваньне, што лепш бы застацца па‑за кадрам. На зьмену гэтаму пачуцьцю прыходзіць іншае — пачынаеш сябе супакойваць, што такі досьвед для цябе, як для журналіста, па‑свойму нават карысны і цікавы.

Сваякі і знаёмыя выяўляюць вынаходлівасьць, каб перадаць нам якой цыбулі з часныком, а то й ліст. Ахоўнікі таксама ня сьпяць. Адзін асабліва раўніва ставіцца да сваіх абавязкаў — адчыняе ўсе сокі, што пасьля заліваюць у пакеце газэты, выкрэсьлівае зашыфраваныя сярод кніжнага тэксту пасланьні.

Маёй Тацяне на яе спробы перадаць тое, што дазволена законам, але нібыта немагчыма, зыходзячы з рэальных умоваў, заяўляюць, што «мы вашага мужа сюды не запрашалі».

Паводле атрыманага Віктарам Калеем пасьля першага арышту з МУС адказу, на Акрэсьціна прадугледжаныя і спальнікі, і прагулкі, але «пакуль што яны немагчымыя з тэхнічных прычынаў». Вось і сьпяць у старым корпусе арыштанты на голых дошках, ды сьвяжэйшым паветрам дыхаюць хіба толькі ў лазьні.

Сапраўдныя героі

Кожную новую перадачу, як і зьедзены абед ці памыўку ў лазьні, Зьміцер Дашкевіч суправаджае нязьменным выразам на трасянцы: «Жызьнь наладжваецца». Мяне ўражвае гэты чалавек. Сваёй воляй, непахіснай верай і моцным характарам. Побач зь ім сорамна стагнаць і жаліцца.

Уладзя Сяргееў чакае хуткага суду паводле зімовых прадпрымальніцкіх выступаў. І ўсё адно на чарговай акцыі ідзе ў першых шэрагах.

Віктар Калей, які ў сьнежні зьведаў акрэсьцінскую дэкаду, а ў студзені паламаў не без дапамогі істотаў у цывільным рэбры, зараджае ўсіх нас аптымізмам.

Праграміст Павал Севярын мае запрашэньні з‑за мяжы на працу, але сьвядома застаецца тут.

Калі Віктар паказвае мне чарговы нумар «Нівы» і кажа, што я стаў вядомым у сьвеце і дома, я не згаджаюся. Я толькі рабіў сваю працу, да пэўнага моманту абараняючыся статусам журналіста, пакуль ня здарыўся банальны пракол (праз колькі дзён я даведаюся ад адваката, што міліцыянты мелі загад затрымліваць усіх).

Яны, мае часовыя суседзі, — вось хто сапраўдныя героі, якія тут і цяпер робяць гісторыю гэтага краю.

Пэгас

Разглядаючы надпісы ў камэры, сярод «Жыве Беларусь!», «Джынс за Свабоду» і «Малады фронт» я пабачыў надпіс «Пэгас». У галаве мільганула думка, што забыў тут, за кратамі, гэты каняка‑натхняльнік, што і каго ён тут спакушае напісаць, што ўвогуле робіць у краіне, дзе судзьдзі ня ведаюць газэты, у якой дэбютавалі гуру нацыянальнай літаратуры, дзе міліцыя кулакамі і нагамі «абараняе» помнікі паэтам ад ускладаньня кветак? Успаміны Быкава, навэлі Павіча ды «Жарт» Кундэры, прачытаныя за колькі начэй, упэўнілі, што Пэгас здольны натхняць паўсюль, а кратамі можна пры жаданьні атачыць ня толькі жменьку людзей, але і цэлую краіну, а то і палову кантынэнту. Толькі, як сьведчыць спадарыня гісторыя, няўдзячная гэта справа.

Жызьнь наладжваецца

За колькі гадзінаў да вызваленьня пачала адчувацца нэрвовасьць аховы. На вуліцы зьбіраліся людзі, што прыйшлі нас сустракаць. У камэру засялілі каля дзясятка дзецюкоў. Яны выказвалі рэспэкт апазыцыі за мадэрнізацыю камэраў і знаёма наракалі на Год здароўя. Разьвітваліся з намі да 26‑га.

На вольным паветры мяне колькі хвілінаў ня слухаліся ногі і язык. «Трымай кветкі, арыштант» — сустрэлі калегі. Пасьля кароткай тэлефоннай размовы з бацькам і сустрэчы з Тацянкай, я канчаткова пачаў вяртацца да жыцьця.

За два тыдні, што прабавіў на Акрэсьціна, у сьвеце шмат чаго зьмянілася: Мугабэ прайграў выбары, каштаны выкінулі сьвечкі, у Менску пачалі прадаваць дэкадныя праязныя на чатыры віды транспарту, а піва «Сябар» сталі разьліваць у плястык. Нішто не стаіць на месцы. Зрэшты, так і трэба. Жызьнь наладжваецца.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international