На міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства", арганізаванай праваабарончым цэнтрам "Вясна", прынятая рэзалюцыя і зварот да грамадзянаў, выбарчых камісій і прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады. RR

2002 2002-12-07T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Аляксандар Дашчынскі
У Раўбічах завершылася міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства", у якой прынялі ўдзел больш за сто прадстаўнікоў няўрадавых арганізацый і палітычных партый, замежных і айчынных экспэртаў у справе выбараў. Гэта сьведчыць пра тое, што тэма абраная для дыскусіі вельмі актуальная і балючая. Да таго ж яна практычна супала з пачаткам падрыхтоўкі да выбараў у мясцовыя органы ўлады.
Арганізатары канфэрэнцыі не спадзяюцца, што яе вынікі адразу будуць узятыя пад увагу Цэнтральнай выбарчай камісіяй ці парламентам. Пытаньне адпаведнасьці выбарчага заканадаўства міжнародным стандартам абмяркоўвалася з разьлікам на трансфармацыю выбарчага заканадаўства ў бліжэйшыя год-два, да пачатку парламэнцкіх выбараў.
У часе канфэрэнцыі была прынята рэзалюцыя і зварот, якія маюць канкрэтныя прапановы ў справе празрыстасьці й дэмакратычнасьці правядзеньня выбараў у мясцовыя Саветы. Гэтыя канкрэтныя прапановы тычацца непасрэдна працэдурных момантаў, падліку галасоў, паўнамоцтваў назіральнікаў, якія абапіраюцца на сёньняшні выбарчы кодэкс. "Улады могуць рэальна выканаць гэтыя прапановы, калі будуць мець добрую волю." - адзначыў старшыня праваабарончага цэнтра "Вясна" Алесь Бяляцкі ў інтэрв'ю Рацыі.
RR - Спадар Алесь, ці будзе працягвацца праца, якую Вы ўжо пачалі на гэтай і папярэднай канфэрэнцыі, прысьвечанай выбарчаму заканадаўству?
А.Б. - Мы будзем зьбіраць заўвагі і была выказана сотня заўвагаў, якія тычацца выбарчага заканадаўства , якія маглі б быць накіраваныя на паляпшэньне гэтага выбарчага заканадаўства. Мы паспрабуем гэта сістэматызаваць, а мы , гэта грамадскія, няўрадавыя арганізацыі, і перадаць найперш у Палату прадстаўнікоў для рэагаваньня. Будуць яны прынятыя ці не, але ў любым выпадку сістэматызацыя такіх паправак заўсёды дазволіць вельмі хутка іх прыняць, калі сітуацыя будзе спрыяць зьменам заканадаўства.
RR - Да каго патрэбна апеляваць у гэтай справе найперш - да міжнароднай супольнасьці, грамадскасьці альбо да ўладаў?
А.Б. - У першую чаргу да Палаты прадстаўнікоў, да сёньняшняй заканадаўчай улады, якая мае такія магчымасьці, але таксама мы будзем распаўсюджваць гэтую інфармацыю сярод беларускай грамадскасьці, сярод міжнароднай супольнасьці каб людзі бачылі, што грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі маюць ясную праграму, ясную пэрспэктыву зьменаў гэтага заканадаўства на лепшае.
RR - Як Вы мяркуеце, якія асаблівасьці будзе мець цяперашняя выбарчая кампанія? Як яна будзе праходзіць, улічваючы тыя ўмовы, якія склаліся?
А.Б. - Можна гаварыць яшчэ толькі па самых першых прыкметах. Улічваючы, што сама кампанія толькі пачынаецца, але Цэнтравыбаркам упарта не ідзе на дыялёг з грамадскасьцю, прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, палітычных партый. Гэта трошкі насьцярожвае. Зразумела, што ЦВК дзеля паляпшэньня сваёй працы, выбарчага працэса сама мусіць быць зацікаўленая ў двухбаковай сувязі з грамадскасьцю, грамадскімі арганізацыямі, палітычнымі партыямі, каб не дапусьціць тых ці іншых пралікаў. Боязь такіх кантактаў насьцярожвае, таму хацелася б мець больш шчыльныя кантакты і праблемы, якія абмяркоўваліся на гэтай канфэрэнцыі мусілі быць цікавымі і для сяброў ЦВК. На жаль, такога супрацоўніцтва ў нас пакуль што не атрымліваецца.
RR - Ці плянуецца незалежнае назіраньне за выбарамі ў мясцовыя органы ўлады?
А.Б. - Безумоўна, грамадскія арганізацыі, якія бралі ўдзел у нашай канфэрэнцыі падкрэсьлівалі, што ў нас будзе праводзіцца працэс назіраньня ад імя гэтых арганізацый пры дапамозе іхных сяброў і безумоўна вынікі гэтага назіраньня дадуць магчымасьць у канцы гэтых выбараў зноў жа зрабіць ацэнку гэтых выбараў наколькі яны былі дэмакратычнымі, празрыстымі, адкрытымі, галоснымі. Тыя часы, калі можна было правесьці такія кампаніі без усялякага грамадскага рэзанансу яны прайшлі, нельга спадзявацца нашай выканаўчай уладзе і ЦВК, што грамадскія арганізацыі будуць сядзець склаўшы рукі і маўчаць, калі будуць адбывацца масавыя парушэньні. Безумоўна, мы будзем пра іх гаварыць і мы вельмі зацікаўлены ў тым, каб такіх парушэньняў было як мага меней.
На міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства" прыняты зварот да грамадзянаў, выбарчых камісій і прадстаўнікоў органаў выканаўчай улады. У гэтым дакумэнце пералічаны крытэры для ацэнкі адкрытасьці і галоснасьці мясцовых выбараў на падставе дзейнага заканадаўства. "У выпадку невыкананьня пералічаных крытэраў, -гаворыцца ў Звароце, - выбары нельга будзе лічыць адкрытымі і галоснымі, і можна будзе меркаваць, што яны былі сфальшаваныя і падтасаваныя". Пра выніковыя дакумэнты канфэрэнцыі ў інтэрв'ю Рацыі сакаардынатара "Незалежнага назіраньня" Мечыслава Грыба.
RR - У выніковай рэзалюцыі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Міжнародныя стандарты дэмакратычных выбараў і беларускае выбарчае заканадаўства" больш дзесяці пунктаў, што Вы можаце выдзеліць як самае галоўнае?
М.Г. - Я быў членам групы па распрацоўцы гэтай рэзалюцыі і звароту. Асноўнае, мы зьвярнулі ўвагу на два моманты: на працу і фармаваньне выбарчых камісій усіх узроўняў, пачынаючы ад ЦВК і канчаючы ўчастковай і другое, на працу назіральнікаў за выбарамі. Рабілі мы гэтыя прапановы зыходзчы з вопыту назіраньня за выбарамі ў 2000-2001 гадах. Мэта адна, калі гэта будзе ўлічана выбарчымі камісіямі і прадстаўнікамі выканаўчай улады ў РБ, тады выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў будуць праведзены больш галосна і больш адкрыта, як гэта магчыма ў адпаведнасьці з сёньняшнім беларускім заканадаўствам. Гэта будзе падставай для ацэнкі выбараў міжнароднай супольнасьцю.
RR - Прагучала такая думка, што ўнесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства Беларусі перад найбліжэйшай выбарчай кампаніяй не ўдасца...
М.Г. - Гэта так, бо пачаўся выбарчы працэс, сфармаваны тэрытарыяльныя абласныя, Менская гарадская камісіі, астатнія фармуюцца, працэс пайшоў. Уносіць зьмены ў правілы гульні ў часе гульні немагчыма і непатрэбна. Але складаючы гэтую рэзалюцыю згодна з назвай нашай навукова-практычнай канфэрэнцыі, мы зыходзім з таго, што выбары будуць у наступным годзе і рэфэрэндумы могуць быць. Зьмены, якія мы прапануем, з'яўляюцца самымі асноўнымі. Наогул, калі браць пытаньне аб зьменах у Выбарчы кодэкс, а я зараз працую над такім праектам закону, то гэтых зьмен будзе больш як 250. Калі мы гэтую справу скончым, мы будзем імкнуцца перадаць гэтыя дакумэнты ў рукі тых людзей, хто мае права заканадаўчай ініцыятывы: дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ці некаму іншаму.
RR - Ці будзе праводзіцца ў часе мясцовых выбараў незалежнае назіраньне?
М.Г. - Мы заклікаем усіх сумленных грамадзян Беларусі прыняць удзел у назіраньні за выбарамі. Але такой кампаніі па назіраньні за выбарамі, як яна праводзілася ў 2000 -2001 гадах не плануецца. Назіраньне будзе выбарачным у тых населеных пунктах, якія маюць большую зацікаўленасьць, у тых выбарчых акгругах, дзе на папярэдніх выбарах было выяўлена больш парушэньняў выбарчага заканадаўства. Гэта зьвязана з палітычнай значнасьцю выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў і з адсутнасьцю сродкаў на арганізацыю гэтай кампаніі па назіраньні.Усё будзе праводзіцца сябрамі грамадскіх аб'яднаньняў добраахвотна.
RR - Выказвалася такая думка, калі будзе вельмі многа парушэньняў на пачатку выбарчай кампаніі, то магчыма патрэбна апазыцыі выйсьці з удзелу ў выбарах. Як Вы ставіцеся да гэтага меркаваньня?
М.Г. - Гэта справа кожнай палітычнай партыі, прымаць удзел у выбарах альбо не. Але, я лічу, калі палітычная партыя ўжо ўвязалася ў гэты выбарчы працэс, то трэба прайсьці гэтую дыстанцыю да канца. Вельмі важны сам удзел у гэтай барацьбе, у палітычным працэсе, вельмі важна тая школа, якую ты праходзіш для будучых выбараў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international