Рада Эўропы заклікае да санкцый супраць Беларусі

2008 2008-04-16T13:04:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі.

У галасаваньні ўдзельнічала 69 дэлегатаў. За рэзалюцыю выказаліся 56 удзельнікаў галасаваньня, 11 чалавек прагаласавалі супраць і 2 чалавекі ўстрымаліся.

У рэзалюцыі Парлямэнцкая асамблея заклікае Беларусь неадкладна ўвесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне, а таксама адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы заклікала праваабаронцаў весьці ўлік ня толькі ахвяраў палітычна матываваных злоўжываньняў, але й вінаватых у такіх злоўжываньнях. Адначасна ва ўхваленай сёньня рэзалюцыі ПАРЭ заахвочвае Эўразьвяз і ЗША да ўвядзеньня новых санкцыяў у адносінах да беларускіх чыноўнікаў, адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека. ПАРЭ заахвочвае дзяржавы Рады Эўропы да далейшай падтрымкі беларускіх палітычных зьняволеных і іх сем’яў.

У сёньняшняй рэзалюцыі зьмешчаны таксама заклік да ўраду і Дзяржаўнай думы Расеі ў дыялёгу зь беларускімі ўладамі выступіць на баку палітзьняволеных і іншых ахвяраў палітычна матываваных злоўжываньняў.

* * *

Хрыстас Пургурыдэс прадставіў на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы справаздачу аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. Сярод іншага сп. Пургурыдэс заклікаў сваіх расейскіх калегаў спыніць падтрымку рэжыму ЛУкашэнкі і выказаў спадзяваньне, што Расея магла б паўплываць на паляпшэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Пачалося абмеркаваньне справаздачы. Прадстаўніца Нямеччыны Сабіна Лёйтгойзэр-Шнарэнбэргер назвала Беларусь “найгоршай дыктатурай у сьвеце”. З гэтым не пагадзіўся прадстаўнік фракцыі аб'яднаных эўрапейскіх левых Тыні Кокс, які зазначыў, што ў Беларусі няма іншага выйсьця, як вярнуцца ў Эўропу, і Беларусь мусіць зрабіць першыя крокі сама. Зьвяртаючыся да беларускіх уладаў, сп. Кокс сказаў: “Пачынайце рухацца, вы чакалі занадта доўга. Ваша месца – у Эўропе”. Прадстаўнік Эстоніі Андрэс Хэркель назваў “сорамам, што ў ХХІ стагодзьдзі некага саджаюць у турму за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях”.

Прадстаўнік Расеі Леанід Слуцкі выступіў з рэзкай крытыкай “разноснай” справаздачы Пургурыдэса і бараніў дзеяньні беларускіх уладаў супраць апазыцыі. Паведамленьні пра зьнікненьні палітыкаў у Беларусі ён назваў ”выдумкамі” і ”прапагандысцкімі правакацыямі”.

Дакладчык ПАРЭ ў пытаньнях Беларусі Андрэа Рыгоні адзначыў, што недастаткова толькі асуджаць беларускія ўлады. На яго думку, трэба весьці шырэйшы дыялёг. Паводле Рыгоні, ілюзія – чакаць, што дэмакратыя сама прыйдзе ў Беларусь.

Прадстаўніца Расеі Сьвятлана Гарачава заявіла пра тэндэнцыйнасьць падрыхтаванага сп. Пургурыдэсам дакладу і выказала зьдзіўленьне, чаму на абмеркаваньні няма прадстаўнікоў афіцыйнага Менску.

Гедымінас Якавоніс, выступаючы ад імя літоўскай дэлегацыі, падкрэсьліў, што Рада Эўропы павінна сесьці за стол перамоваў з уладамі Беларусі, а літоўскі бок гатовы выступіць тут пасярэднікам. Паводле Якавоніса, дэлегацыя Літвы ўхваляе рэзалюцыю і рэкамэндацыі, вынесеныя на разгляд Парлямэнцкай асамблеі. Гедымінас Якавоніс зьвярнуў таксама ўвагу на неабходнасьць спрасьціць візавы рэжым Эўразьвязу для грамадзянаў Беларусі.

Прадстаўнік Камуністычнай партыі Расеі Сяргей Сабко рэзка скрытыкаваў даклад Хрыстаса Пургурыдэса, заявіўшы сярод іншага: "Беларусь пад Амэрыку ня ляжа".

Выступаючы з заключным словам, аўтар дакладу Хрыстас Пургурыдэс падкрэсьліў: сам беларускі рэжым вінаваты ў ізаляцыі. На думку сп. Пургурыдэса, Рада Эўропы скампрамэтуе сябе, калі пойдзе на дыялёг з афіцыйным Менскам у той час, як беларускія ўлады парушаюць правы чалавека і ня выканалі асноўных патрабаваньняў аб'яднанай Эўропы. "Наш абавязак як Рады Эўропы, – сказаў Пургурыдэс, – падтрымліваць апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць у краінах, дзе пануе дыктатура". Рэагуючы на рэзкую крытыку свайго дакладу з боку прадстаўнікоў Расеі, Пургурыдэс падкрэсьліў, што не прагучала нічога, што сьведчыла б пра няправільнасьць ці недакладнасьць фактаў, зьмешчаных у дакладзе. Аўтар дакладу таксама прарэагаваў на рэпліку аднаго з расейскіх удзельнікаў абмеркаваньня, які заявіў, што Аляксандру Казуліну для таго, каб быць вызваленым, дастаткова падаць прашэньне аб памілаваньні і выканаць пэўную працэдуру. На думку Хрыстаса Пургурыдэса, Казулін не вінаваты і не павінен прасіць аб памілаваньні.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international