Не выпішаш дзяржаўную раёнку – патрапіш у «чорны» спіс на старонках газеты

2008 2008-04-14T14:46:05+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Таму лепш загадзя падумаць пра свой аўтарытэт і паспяшацца на пошту», — піша валожынская дзяржаўная раённая газета «Працоўная слава» (Мінская вобл.), звяртаючыся да жыхароў раёна. Гэткім чынам выданне мясцовага райвыканкама імкнецца заахвоціць да падпіскі сваіх патэнцыйных чытачоў. «Прозвішчы людзей, якія свядома ігнаруюць падпіску на „Працоўную славу“, нам рэгулярна прадстаўляюць паштальёны», — папярэджвае газета.

Каб не сказіць стылю і настрою нататкі, падаем яе тэкст цалкам:

«Амаль 800 жыхароў раёна купляюць „Працоўную славу“ ў магазінах спажыўкааперацыі і камерцыйных крамах, больш за 6000 выпісваюць раёнку, ёсць адданыя нашы чытачы нават і ў Мінску. 

Мы шчыра ўдзячныя кожнаму за такую вернасць мясцоваму выданню і небеспадстаўна спадзяёмся, што кола нашых сяброў будзе пашырацца. Аднак, на жаль, ёсць катэгорыя грамадзян, якія, па іх прызнанню, „чытаюць раёнку толькі на рабоце“. Дзіўна, як гэта ім удаецца паспець зрабіць за бясконцымі службовымі справамі?! 

Асноўныя нашы чытачы — простыя людзі, зайздросную вернасць газеце захоўваюць і пенсіянеры, а вось сярод інтэлігенцыі, інжынерна-тэхнічных работнікаў і іншых упраўленцаў не так і багата нашых пастаянных падпісчыкаў.

Некаторыя наўмысна эканомяць, афармляючы дастаўку газеты толькі на адзін месяц. Вядома, кожны мае права выбару, свой інтарэс да пэўнай мас-медыйнай тэматыкі. Аднак хвалюе такі факт: многія з тых, хто свядома ігнаруе СВАЮ раённую газету, атрымліваюць неблагую заработную плату, дзякуючы датацыям з раённага бюджэту.

Але справа не толькі ў гэтым. Незразумела, як можна абыходзіцца ў паўсядзённай прафесіянальнай рабоце без грамадска-карыснай інфармацыі аб жыцці раёна, якая ў шырокім аб’ёме прадстаўлена на старонках мясцовага выдання?! Прозвішчы людзей, якія свядома ігнаруюць падпіску на „Працоўную славу“, нам рэгулярна прадстаўляюць паштальёны. Не выключана, што па выніках чарговай падпісной кампаніі такія „чорныя“ спісы з’явяцца на старонках раёнкі. Таму лепш загадзя падумаць пра свой аўтарытэт і паспяшацца на пошту, тым больш што часу засталося не так шмат».

У нататцы пра ход падпіскі, апублікаванай у нумары «Працоўнай славы» ад 21 сакавіка 2008 г., таксама прыводзяцца звесткі пра тое, як выпісваюць выданне ў розных паштовых аддзяленнях раёна. З гэтай табліцы вынікае, што ёсць план, — 5 396 асобнікаў — які пакуль выкананы толькі на 59%.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international